Гай узяў канвэрт, павесіў аўтамат на плячо, павярнуўся вакол і накіраваўся да дзьвярэй. Ён яшчэ пачуў, як пан ротмістр сказаў Маку: «Нічога, кандыдат, ня бойся. Гэта страшна толькі па першым разе...» Гай бягом накіраваўся праз пляц да будынку брыгаднай турмы, уручыў начальніку варты канвэрт, расьпісаўся, дзе трэба, сам атрымаў неабходныя расьпіскі, і яму вывелі прысуджаных. Гэта былі даўнішнія змоўшчыкі — тоўсты дзядзька, якому Мак вывернуў пальцы, і жанчына. Масаракш, гэтага толькі не хапала! Жанчына — гэта зусім лішняе... Гэта не для Мака... Ён вывеў арыштаваных на пляц і пагнаў іх да казармы. Мужчына плёўся нага за нагу і ўсё калыхаў сваю руку, а жанчына ішла, прамая, як жардзіна, засунуўшы рукі глыбока ў кішэні жакеткі, і, здавалася, нічога ня бачыла і ня чула. Масаракш, а чаму, уласна, не для Мака? Якога д’ябла! Гэтая баба такая ж гадаўка, як і мужык. Чаму мы павінныя даваць ёй нейкія льготы? І чаму гэта, масаракш, трэба надаваць нейкія льготы кандыдату Сіму? Няхай прывыкае, масаракш-і-масаракш!...
Пан ротмістр і Мак былі ўжо ў машыне. Пан ротмістр — за рулём, Мак з аўтаматам паміж каленяў — на заднім сядзеньні. Ён адчыніў дзьверцы, і прысуджаныя залезьлі ўнутр. «На падлогу!» — скамандаваў Гай. Яны паслухмяна селі на жалезную падлогу, а Гай — на сядзеньне насупраць Мака. Ён паспрабаваў злавіць яго погляд, але Мак глядзеў на асуджаных. Не, ён глядзеў на гэтую бабу, якая скурчылася на падлозе, абхапіўшы калені. Пан ротмістр, не паварочваючыся, сказаў: «гатовыя?», і машына рушыла.
Па дарозе не размаўлялі. Пан ротмістр гнаў машыну на вар’яцкай хуткасьці — мабыць, хацеў усё скончыць, пакуль не сьцямнела, ды й чаго марудзіць... Мак увесь час глядзеў на жанчыну, нібы лавіў яе погляд, а Гай усё лавіў позірк Мака. Прысуджаныя, чапляючыся адзін за аднаго, круціліся па падлозе, таўстун паспрабаваў быў загаварыць з бабай, але Гай прыкрыкнуў на яго. Машына выскачыла за горад, абмінула паўднёвую заставу і адразу ж павярнула на закінуты прасёлак, знаёмы, вельмі знаёмы прасёлак, які вядзе да Ружовых пячораў. Машына падскоквала ўсімі чатырма коламі, трымацца было нязручна, Мак не жадаў падымаць вачэй, а тут яшчэ гэтыя паўнябожчыкі ўвесь час хапаліся за калені, ратуючыся ад неміласэрнае трасяніны. Гай, нарэшце, ня вытрымаў і трэснуў тоўстага гада ботам пад рэбры, але гэта не дапамагло, — той усё роўна працягваў хапацца. Пан ротмістр яшчэ раз павярнуў, рэзка прытармазіў, і машына павольна, асьцярожна зьехала ў кар’ер. Пан ротмістр выключыў рухавік і скамандаваў: «Выходзь!»
Было ўжо каля дзевятнаццаці гадзін, у кар’еры зьбіраўся лёгкі вячэрні туман, выветраныя каменныя сьцены адсьвечвалі ружовым. Калісьці тут здабывалі мармур, але каму ён цяпер патрэбны, гэты мармур?...
Справа падыходзіла да разьвязкі. Мак па-ранейшаму трымаўся, як ідэальны жаўнер: аніводнага лішняга руху, твар раўнадушна-драўляны, вочы, чакаючы загаду, утаропленыя на начальства. Таўстун паводзіў сябе добра, з годнасьцю. Зь ім клопатаў, відаць, ня будзе. А вось баба пад канец расклейлася. Яна сутаргава сьціскала кулакі, прыціскала іх да грудзей і зноў апускала, і Гай вырашыў, што гістэрыка будзе, але валачы яе на руках да месца пакараньня ўсё ж ткі, здаецца, не давядзецца.
Пан ротмістр закурыў, паглядзеў на неба і сказаў Маку:
— Вядзі іх па гэтай сьцежцы. Дойдзеш да пячор — сам убачыш, дзе іх ставіць. Калі скончыш, абавязкова правер і пры неабходнасьці дабі кантрольным стрэлам. Што такое кантрольны стрэл — ведаеш?
— Так, — сказаў Мак драўляным голасам.
— Хлусіш, ня ведаеш. Гэта — у галаву. Дзейнічай, кандыдат. Сюды ты вернешся ўжо сапраўдным радавым.
Жанчына раптам сказала:
— Калі сярод вас ёсьць хоць адзін чалавек... паведаміце маёй маці... Пасёлак Качкі, дом два... гэта побач... Яе завуць...
— Не прыніжайся, — басам вымавіў грузны.
— Яе завуць Ільлі Тадэр...
— Не прыніжайся, — паўтарыў грузны, падвысіўшы голас, і пан ротмістр, ня размахваючыся, тыцнуў яго кулаком у твар. Грузны замоўк, схапіўшыся за шчаку, і зь нянавісьцю паглядзеў на пана ротмістра.
— Дзейнічай, кандыдат, — паўтарыў пан ротмістр.
Мак павярнуўся да прысуджаных і зрабіў рух аўтаматам. Прысуджаныя пайшлі па сьцежцы. Жанчына павярнулася і яшчэ крыкнула:
— Пасёлак Качкі, дом два, Ільлі Тадэр!
Мак, выставіўшы перад сабой аўтамат, павольна ішоў за імі. Пан ротмістр расчыніў дзьверцы, бокам сеў за руль, выцягнуў ногі і сказаў:
— Ну вось. Чвэрць гадзінкі пачакаем.