— Так, пане ротмістру, — машынальна адказаў Гай. Ён глядзеў усьлед Маку, глядзеў да таго часу, пакуль уся група ня зьнікла за ружаватым выступам. На зваротным шляху трэба будзе купіць гарэлкі, падумаў ён. Хай нап’ецца. Некаторым гэта дапамагае.
— Можаш запаліць, капрале, — сказаў пан ротмістр.
— Дзякуй вам, пане ротмістру, я не палю.
Пан ротмістр далёка сплюнуў скрозь зубы.
— Не баішся расчаравацца ў сваім прыяцелі?
— Не-не... — нерашуча сказаў Гай. — Хоць, з вашага дазволу, мне вельмі шкада, што яму дасталася жанчына. Ён — горац, а ў іх там...
— Ён такі ж горац, як мы з табой, — сказаў пан ротмістр. — І справа тут не ў жанчынах... Зрэшты, паглядзім. Чым вы займаліся, калі вас выклікалі?
— Сьпявалі хорам, пане ротмістру.
— І што ж вы сьпявалі?
— Горскія песьні, пане ротмістру. Ён ведае вельмі шмат розных песень.
Пан ротмістр выйшаў з машыны і пачаў пахаджваць узад-уперад па сьцежцы. Больш ён не размаўляў, а хвілін празь дзесяць пачаў насьвістваць «Гвардзейскі марш». Гай усё чакаў стрэлаў, але стрэлаў не было, і ён пачаў турбавацца. Ён і сам ня ведаў, чаму турбуецца. Уцячы ад Мака немагчыма. Абяззброіць яго — яшчэ больш немагчыма. Але тады чаму ён не страляе? Можа быць, ён павёў іх далей звычайнага месца... На звычайным — занадта моцна пахне, бажадомы закопваюць неглыбока, а ў Мака занадта ўжо моцны нюх... ён з адной сваёй гідлівасьці лішніх кілямэтраў пяць прайсьці здольны...
— Н-ну, так... — сказаў пан ротмістр, спыняючыся. — Вось і ўсё, капрале Гаал. Баюся, што мы не дачакаемся твайго сябрука. І баюся, цябе сёньня ў апошні раз называюць капралам.
Гай са зьдзіўленьнем паглядзеў на яго. Пан ротмістр ухмыляўся.
— Ну, што глядзіш? Што ты вылупіўся, як сьвіньня на вяндліну? Твой прыяцель уцёк, дэзэртаваў, ён баязьлівец і здраднік! Зразумела, радавы Гаал?
Гай быў уражаны. І ня столькі словамі пана ротмістра, колькі яго тонам. Пан ротмістр быў у захапленьні. Пан ротмістр трыумфаваў. У пана ротмістра быў такі выгляд, нібы ён выйграў буйны заклад. Гай машынальна паглядзеў у глыбіню кар’ера і раптам убачыў Мака. Мак вяртаўся адзін, аўтамат ён нёс у руцэ за рамень.
— Масаракш! — прахрыпеў пан ротмістр. Ён таксама ўбачыў Мака, і выгляд у яго зрабіўся ачмурэлым.
Больш яны не размаўлялі, яны толькі глядзелі, як Мак нетаропка набліжаецца да іх, лёгка ідучы па каменнай крышанцы, на яго спакойны добры твар зь дзіўнымі вачыма, і ў галаве ў Гая панавала сумятня: бо стрэлаў жа не было... няўжо ён задушыў іх... ці забіў прыкладам... ён, Мак, жанчыну? Ды не, глупства... Але не было ж стрэлаў!...
У пяці кроках ад іх Мак спыніўся і, гледзячы пану ротмістру ў твар, шпурнуў аўтамат яму пад ногі.
— Бывайце, пане ротмістру, — сказаў ён. — Тых няшчасных я адпусьціў і цяпер хачу сысьці сам. Вось ваша зброя, вось вопратка... — Ён павярнуўся да Гая і, расшпільваючы дзягу, сказаў яму: — Гай, гэта нячыстая справа. Яны нас падманулі, Гай...
Ён сьцягнуў зь сябе боты і камбінэзон, згарнуў усё ў вузел і застаўся такім, якім Гай убачыў яго ўпершыню на паўднёвай мяжы — амаль голым і зараз нават без абутку, у адных серабрыстых майтках. Ён падышоў да машыны і паклаў вузел на радыятар. Гай жахнуўся. Ён паглядзеў на пана ротмістра і жахнуўся яшчэ больш.
— Пане ротмістру! — закрычаў ён. — Ня трэба! Ён зьехаў з ґлузду! Ён зноў...
— Кандыдат Сім! — каркнуў пан ротмістр, трымаючы руку на кабуры. — Зараз жа садзіцеся ў машыну! Вы арыштаваныя.
— Не, — сказаў Мак. — Гэта вам толькі здаецца. Я вольны. Я прыйшоў за Гаем. Гай, хадзем! Яны цябе надзьмулі. Яны — брудныя людзі. Раней я сумняваўся, цяпер я ўпэўнены. Хадзем.
Гай закруціў галавой. Ён хацеў нешта сказаць, нешта растлумачыць, але не было часу і не было слоў. Пан ротмістр выцягнуў пісталет.
— Кандыдат Сім! У машыну! — каркнуў ён.
— Ты ідзеш? — спытаў Мак.
Гай зноў закруціў галавой. Ён глядзеў на пісталет у руцэ пана ротмістра і думаў толькі пра адно, і ведаў толькі адно: Мака зараз заб’юць. І ён не разумеў, што трэба рабіць.
— Добра, — сказаў Мак. — Я цябе знайду. Я ўсё даведаюся і знайду цябе. Табе тут ня месца... Пацалуй Раду, да пабачэньня.
Ён павярнуўся і пайшоў, так жа лёгка ступаючы па каменнай крышанцы босымі нагамі, як і ў ботах, а Гай, трасучыся, нібы ў ліхаманцы, нема глядзеў на яго шырокую трохкутную сьпіну і чакаў стрэлу і чорнай дзіркі пад левай лапаткай.
— Кандыдат Сім, — сказаў пан ротмістр, не павышаючы голасу. — Загадваю вярнуцца. Буду страляць.
Мак спыніўся і зноў павярнуўся да яго.