— Страляць? — сказаў ён. — У мяне? За што? Зрэшты, гэта няважна... Дайце сюды пісталет.
Пан ротмістр, трымаючы пісталет у сьцягна, навёў дула на Мака.
— Я лічу да трох, — сказаў ён. — Сядай у машыну, кандыдат. Раз!
— А ну, дайце сюды пісталет, — сказаў Мак, працягваючы руку і накіроўваючыся да пана ротмістра.
— Два! — сказаў пан ротмістр.
— Ня трэба! — крыкнуў Гай.
Пан ротмістр стрэліў. Мак быў ужо блізка. Гай бачыў, як куля трапіла яму ў плячо і як ён адхіснуўся, нібы наляцеў на перашкоду.
— Дурань, — сказаў Мак. — Дайце сюды зброю, злосны глупец...
Ён не спыніўся, ён усё ішоў на пана ротмістра, працягнуўшы руку за зброяй, і зь дзіркі на плячы раптам штуршком выплюхнулася кроў. А пан ротмістр, выдаўшы дзіўны рыпучы гук, падаўся назад i вельмі хутка стрэліў тры разы запар прама ў шырокія карычневыя грудзі. Мака адкінула, ён упаў на сьпіну, зараз жа ўскочыў, зноў упаў, прыўзьняўся, і пан ротмістр, прысеўшы ад напругі, выпусьціў у яго яшчэ тры кулі. Мак пераваліўся на жывот і застыў.
У Гая ўсё паплыло перад вачыма, і ён апусьціўся на падножку машыны. Ногі яго не трымалі. У вушах яго ўсё яшчэ гучаў агідны шчыльны хруст, зь якім кулі ўваходзілі ў цела гэтага дзіўнага і любімага чалавека. Потым ён апамятаўся, але яшчэ нейкі час сядзеў, не рызыкуючы падняцца на ногі.
Карычневае цела Мака ляжала сярод бела-ружовых камянёў і само было нерухомае, як камень. Пан ротмістр стаяў на ранейшым месцы і, трымаючы пісталет напагатове, курыў, прагна зацягваючыся. На Гая ён не глядзеў. Потым ён дакурыў да канца, да самых вуснаў, абпальваючыся, адкінуў недакурак і зрабіў два крокі ў бок забітага. Але ўжо другі крок быў вельмі кароткі. Пан ротмістр Чачу так і не наважыўся падысьці ўшчыльную. Ён зрабіў кантрольны стрэл зь дзесяці крокаў. Ён прамахнуўся. Гай бачыў, як каменны пыл пырснуў побач з галавой Мака.
— Масаракш, — прашыпеў пан ротмістр і пачаў засоўваць пісталет у кабуру. Ён засоўваў пісталет доўга, а потым ніяк ня мог зашпіліць кабуру, а потым падышоў да Гая, узяў яго скалечанай рукой за мундзір на грудзях, рыўком падняў і, гучна дыхаючы ў твар, прамовіў, расьцягваючы словы, як п’яны:
— Добра, ты застанешся капралам. Але ў Гвардыі табе рабіць няма чаго... Напішаш рапарт аб пераводзе ў войска. Лезь у машыну.
«Неяк дрэнна тут пахне...»
— Неяк дрэнна тут пахне, — сказаў Тата.
— Праўда? — сказаў Сьвёкар. — А я не адчуваю.
— Пахне, пахне, — сказаў Дзевер буркліва. — Тухляцінай нейкай. Як на памыйніцы...
— Сьцены, павінна быць, згнілі, — вырашыў Тата.
— Учора я бачыў новы танк, — сказаў Цесьць. — «Вампір». Ідэальная гермэтыка. Тэрмічны бар’ер да тысячы градусаў...
— Яны, напэўна, яшчэ пры нябожчыку-імпэратары згнілі, — сказаў Тата, — а пасьля перавароту рамонту не было...
— Зацьвердзіў? — спытаў Цесьця Швагер.
— Зацьвердзіў, — сказаў Цесьць.
— А калі на канвэер? — спытаў Швагер.
— Ужо, — сказаў Сьвёкар. — Дзесяць машын у суткі.
— З вашымі танкамі хутка без штаноў застанемся, — буркліва сказаў Дзевер.
— Лепш без штаноў, чым бяз танкаў, — запярэчыў Цесьць.
— Як быў ты палкоўнікам, — сварліва сказаў яму Дзевер, — так і застаўся. Усё б табе ў танкі гуляць...
— Нешта ў мяне зуб ные, — сказаў Тата задуменна. — Вандроўнік, няўжо так цяжка вынайсьці бязбольны спосаб лячэньня зубоў?
— Можна падумаць, — сказаў Вандроўнік.
— Ты лепш падумай пра цяжкія сыстэмы, — сярдзіта сказаў Швагер.
— Можна падумаць і пра цяжкія сыстэмы, — сказаў Вандроўнік.
— Давайце сёньня ня будзем гаварыць пра цяжкія сыстэмы, — прапанаваў Тата. — Давайце лічыць, што гэта несвоечасова.
— А па-мойму вельмі своечасова, — запярэчыў Швагер. — Пандэйцы перакінулі на ханційскую мяжу яшчэ адну дывізію.
— Якая табе да гэтага справа? — буркліва спытаў Дзевер.
— Самая прамая, — адказаў Швагер. — Я прыкідваў такі варыянт: пандэйцы ўмешваюцца ў ханційскую кашу, хуценька ставяць там свайго чалавека, і мы маем аб’яднаны фронт — пяцьдзесят мільёнаў супраць нашых сарака.
— Я б вялікія грошы даў, каб яны ўмяшаліся ў ханційскую кашу, — сказаў Дзевер. — Гэта вы ўсё ўяўляеце, што раз каша — так ужо й есьці можна... А я кажу: хто Хонці кране, той і прайграў.
— Гледзячы як кранаць, — нягучна сказаў Сьвёкар. — Калі далікатна, невялікімі сіламі, ды не ўвязаць — крануў і адскочыў, як толькі яны там перастануць сварыцца... і пры гэтым пасьпець раней за пандэйцаў...