— У рэшце рэшт, што нам трэба? — сказаў Цесьць. — Альбо аб’яднаныя ханційцы, бяз гэтай сваёй грамадзянскай кашы, альбо нашыя ханційцы, альбо мёртвыя ханційцы... У любым выпадку без уварваньня не абысьціся. Дамовімся пра ўварваньне, а іншае — ужо дэталі... На кожны варыянт ужо гатовы свой плян.
— Табе абавязкова трэба нас без штаноў пусьціць, — сказаў Дзевер. — Табе — хай без штаноў, толькі б з ордэнамі... Навошта табе аб’яднаная Хонці, калі можна мець разьяднаную Пандэю?
— Прыступ дэтэктыўнага трызьненьня, — заўважыў Швагер, ні да каго не зьвяртаючыся.
— Ня сьмешна, — сказаў Дзевер. — Я нерэальных варыянтаў не прапаную. Калі я гавару, значыць, у мяне ёсьць падставы.
— Наўрад ці ў цябе могуць быць сур’ёзныя падставы, — мякка сказаў Сьвёкар. — Проста цябе спакушае таннасьць рашэньня, я цябе разумею, толькі паўночную праблему малымі сродкамі ня вырашыць. Там ані путчамі, ані пераваротамі не абыйдзешся. Дзевер, які быў да цябе, разьяднаў Хонці, а цяпер нам даводзіцца зноў аб’ядноўваць... Путчы — путчамі, а гэтак можна і да рэвалюцыі дайграцца. Бо ж у іх ня так, як у нас.
— А ты што маўчыш, Разумнік? — спытаў Тата. — Ты ж у нас разумнік.
— Калі гавораць айцы, разважлівым дзецям лепш маўчаць, — адказаў Разумнік, усьміхаючыся.
— Ну, кажы, кажы, будзе табе.
— Я не палітык, — сказаў Разумнік. Усе засьмяяліся, Цесьць нават падавіўся. — Права, панове, тут няма нічога сьмешнага... Я сапраўды ўсяго толькі вузкі спэцыяліст. І як такі, магу толькі паведаміць, што па маіх дадзеных вайсковае афіцэрства настроена на карысьць вайны...
— Вось як? — сказаў Тата, пільна на яго гледзячы. — І ты туды ж?
— Прабач, Тата, — горача сказаў Разумнік. — Але цяпер, па-мойму, вельмі выгадны момант для ўварваньня: пераўзбраеньне войска сканчаецца...
— Добра, добра, — сказаў Тата лагодна. — Я потым з табой пра гэта пагутару.
— Няма ніякай неабходнасьці зь ім потым гутарыць, — запярэчыў Сьвёкар. — Тут усе свае, а спэцыяліст абавязаны выказваць сваё меркаваньне. На тое мы яго і трымаем.
— Дарэчы, пра спэцыялістаў, — сказаў Тата. — Чаму я ня бачу Дзяргунчыка?
— Дзяргунчык інспэктуе горны абарончы пояс, — сказаў Цесьць. — Але ягонае меркаваньне і так вядомае. Баіцца за войска, як быццам гэта ягоная ўласная армія...
— Так, — сказаў Тата. — Горы — гэта сур’ёзна... Швагер, гэта ты мне казаў, што ў Гвардыі выявілі горскага шпіёна?... Так, панства маё, Поўнач — Поўначчу, а на ўсходзе вісяць яшчэ горы, а за гарамі акіян... З Поўначчу мы як-небудзь управімся... ваяваць хочаце — што ж, можна і паваяваць, хаця... На колькі нас хопіць, Вандроўнік?
— Дзён на дзесяць, — сказаў Вандроўнік.
— Ну, што ж, дзён пяць-шэсьць можна паваяваць...
— Плян глыбокага ўварваньня, — сказаў Цесьць, — прадугледжвае разгром Хонці на працягу васьмі сутак.
— Добры плян, — сказаў Тата ўхвальна. — Ладна, так і вырашым... Ты, здаецца, супраць, Вандроўнік?
— Мяне гэта не тычыцца, — сказаў Вандроўнік.
— Добра, — сказаў Тата. — Пабудзь супраць... Што ж, Дзевер, далучымся да большасьці?
— А! — сказаў Дзевер з агідай. — Рабіце, як хочаце... Рэвалюцыі ён спалохаўся...
— Тата! — сказаў Сьвёкар урачыста. — Я ведаў, што ты будзеш з намі!
— А як жа! — сказаў Тата. — Куды я бяз вас?... Памятаецца, былі ў мяне ў Ханційскім генэрал-губэрнатарстве нейкія руднікі... медныя... Як яны там цяпер, цікава?... Так, Разумнік! А напэўна ж трэба будзе арганізаваць грамадзкую думку. Ты ўжо напэўна што-небудзь прыдумаў, ты ж у нас разумнік.
— Вядома, Тата, — сказаў Разумнік. — Усё гатова.
— Замах які-небудзь? Або напад на вежы? Ідзі-ка ты прама зараз і падрыхтуй мне да ночы матэрыялы, а мы тут абмяркуем тэрміны...
Калі дзьверы за Разумнікам зачыніліся, Тата сказаў:
— Ты нешта хацеў паведаміць нам пра Пухіра, Вандроўнік?
Частка трэцяя. Тэрарыст
9
Суправаджалы нягучна сказаў: «Чакайце тут» і пайшоў, — схаваўся паміж кустамі і за дрэвамі. Максім сеў на пянёк пасярэдзіне палянкі, засунуў рукі глыбока ў кішэні брызэнтавых штаноў і стаў чакаць. Лес быў стары, запушчаны, падлесак душыў яго, ад старажытных маршчыністых ствалоў несла трухлявай гнілатой. Было сыра. Максім муляўся, ён адчуваў млосьць, хацелася пасядзець на сонейку, пагрэць плячо. У кустах непадалёк хтосьці быў, але Максім не зьвяртаў увагі — за ім сачылі ад самага пасёлка, і ён нічога ня меў супраць. Дзіўна было б, калі б яны паверылі адразу ж.