Выбрать главу

Збоку на палянку выйшла маленькая дзяўчынка ў велізарнай залатанай кофце і з кошыкам на руцэ. Яна ўтаропілася на Максіма і так, не адрываючы ад яго цікаўных вачэй, прайшла міма, спатыкаючыся і блытаючыся ў траве. Нейкі зьвярок накшталт вавёркі мільгануў паміж кустамі, узьляцеў на дрэва, глянуў уніз, спалохаўся і зьнік. Было ціха, толькі недзе далёка стукала няроўным стукам машына — рэзала трысьнёг на возеры.

Чалавек у кустах не сыходзіў — сьвідраваў сьпіну нядобрым позіркам. Гэта было непрыемна, але трэба прывыкаць. Цяпер заўсёды будзе так. Населены востраў апалчыўся на яго, страляў у яго, сачыў за ім, ня верыў яму. Максім задрамаў. Апошнім часам ён часта драмаў у самыя непадыходзячыя моманты. Засынаў, прачынаўся, зноў засынаў. Ён не спрабаваў з гэтым змагацца: так хацеў арганізм, а яму лепш відаць. Гэта пройдзе, толькі ня трэба супраціўляцца.

Зашамацелі крокі, і суправаджалы сказаў: «Хадзеце за мной». Максім падняўся, не вымаючы рук з кішэняў, і пайшоў за ім, гледзячы на ​​ягоныя ногі ў мяккіх мокрых ботах. Яны паглыбіліся ў лес і пачалі хадзіць, апісваючы колы і складаныя петлі, паступова набліжаючыся да нейкага жыльля, да якога ад палянкі напрасткі было зусім блізка. Потым суправаджалы вырашыў, што ён досыць заблытаў Максіма, і палез напрасткі праз буралом, прычым, як чалавек гарадзкі, вырабляў шмат шуму і трэску, так што Максім нават перастаў чуць крокі таго чалавека, які краўся сьледам.

Калі буралом скончыўся, Максім убачыў за дрэвамі лужок і пакрыўлены драўляны дом з забітымі вокнамі. Лужок зарос высокай травой, але Максім бачыў, што тут хадзілі — і зусім нядаўна, і даўно. Хадзілі асьцярожна, імкнучыся кожны раз падысьці да дому іншым шляхам. Суправаджалы адчыніў скрыпучыя дзьверы, і яны ўвайшлі ў цёмныя затхлыя сенцы. Чалавек, які ішоў сьледам, застаўся звонку. Суправаджалы адваліў крышку склепу й сказаў: «Ідзіце сюды, асьцярожней...» Ён дрэнна бачыў у цемры. Максім спусьціўся па драўлянай лесьвіцы.

У склепе было цёпла, суха, тут былі людзі, яны сядзелі вакол драўлянага стала і сьмешна вытарэшчваліся, спрабуючы разглядзець Максіма. Пахла сьвежапагашанай сьвечкай. Па-відаць, яны не хацелі, каб Максім бачыў іхныя твары. Максім пазнаў толькі дваіх: Ордзі, дачку старой Ільлі Тадэр, і тоўстага Мэма Грамэну, які сядзеў ля самае лесьвіцы з кулямётам на каленях. Уверсе цяжка грымнула вечка люка, і нехта сказаў:

— Хто вы такі? Распавядзіце пра сябе.

— Ці можна сесьці? — спытаў Максім.

— Так, вядома. Ідзіце сюды, на мой голас. Натыкнецеся на лаву.

Максім сеў за стол і абвёў вачыма суседзяў. За сталом акрамя яго было чацьвёра. У цемры яны здаваліся шэрымі і плоскімі, як на старой фатаграфіі. Справа сядзела Ордзі, а размаўляў шчыльны шыракаплечы чалавек, што сядзеў насупраць. Ён быў непрыемна падобны на ротмістра Чачу.

— Расказвайце, — паўтарыў ён.

Максім уздыхнуў. Яму вельмі не хацелася пачынаць знаёмства прама з хлусьні, але рабіць было няма чаго.

— Свайго мінулага я ня ведаю, — сказаў ён. — Кажуць, я горац. Можа быць. Ня памятаю... Завуць мяне Максім, прозьвішча — Камэрэр. У Гвардыі мяне звалі Мак Сім. Памятаю сябе з таго моманту, калі мяне затрымалі ў лесе ля Блакітнае Зьмяі...

З хлусьнёй было скончана, і далей справа пайшла лягчэй. Ён распавядаў, імкнучыся быць кароткім і ў той жа час не выпусьціць тое, што здавалася яму важным.

— ...Я адвёў іх як мага далей углыб кар’ера, загадаў ім уцякаць, а сам, не сьпяшаючыся, вярнуўся. Тады ротмістр расстраляў мяне. Уначы я прыйшоў у сябе, выбраўся з кар’еру і неўзабаве набрыў на пашу. Удзень я хаваўся ў кустах і спаў, а ўначы падбіраўся да кароў і піў малако. Празь некалькі дзён мне стала лепш. Я ўзяў у пастухоў нейкае рызьзё, дабраўся да пасёлка Качкі і знайшоў там Ільлі Тадэр. Астатняе вам вядома.

Некаторы час усе маўчалі. Потым чалавек вясковага выгляду, з доўгімі валасамі да плячэй, сказаў:

— Не разумею, як гэта ён ня памятае мінулага жыцьця. Па-мойму, так не бывае. Хай вось Доктар скажа.

— Бывае, — коратка сказаў Доктар. Ён быў худы, змораны і круціў у руках люльку. Відаць, яму вельмі хацелася курыць.

— Чаму вы не ўцяклі разам са сьмяротнікамі? — спытаў шыракаплечы.

— Там заставаўся Гай, — сказаў Максім. — Я спадзяваўся, што Гай пойдзе са мной... — Ён змоўк, успамінаючы бледны разгублены твар Гая і страшныя вочы ротмістра, і гарачыя штуршкі ў грудзі і жывот, і адчуваньне бясьсільля і крыўды. — Гэта, вядома, было глупства, — сказаў ён. — Але тады я гэтага не разумеў.