— Вы прымалі ўдзел у апэрацыях? — спытаў ззаду грузны Мэма.
— Я ўжо распавядаў.
— Паўтарыце!
— Я прымаў удзел у адной апэрацыі, калі былі захопленыя Кэтшаф, Ордзі, вы і яшчэ двое, якія не назвалі сябе. Адзін зь іх быў са штучнай рукой, прафэсійны рэвалюцыянэр.
— Як жа вы тлумачыце такую пасьпешнасьць вашага ротмістра? Бо ж для таго, каб кандыдат атрымаў права на выпрабаваньне крывёю, яму трэба спачатку прыняць удзел па меншай меры ў трох апэрацыях.
— Ня ведаю. Я ведаю толькі, што ён мне не давяраў. Я сам не разумею, чаму ён паслаў мяне расстрэльваць...
— А чаму ён, уласна, страляў у вас?
— Па-мойму, ён спалохаўся. Я хацеў адабраць у яго пісталет...
— Не разумею я, — сказаў чалавек з доўгім валосьсем. — Ну не давяраў ён вам. Ну, для праверкі паслаў кагосьці пакараць сьмерцю...
— Пачакайце, Лясьнік, — сказаў Мэма. — Гэта ўсё размовы. Доктар, на вашым месцы я б яго агледзеў. Штосьці я ня вельмі веру ў гэтую гісторыю з ротмістрам.
— Я не магу аглядаць у цемры, — раздражнёна сказаў Доктар.
— А вы запаліце сьвятло, — параіў Максім. — Усё роўна я вас бачу.
Запанавала маўчаньне.
— Як так — бачыце? — спытаў шыракаплечы.
Максім паціснуў плячыма.
— Я бачу, — сказаў ён.
— Што за глупства, — сказаў Мэма. — Ну, што я зараз раблю, калі вы бачыце?
Максім павярнуўся.
— Вы наставілі на мяне... то бок, гэта вам здаецца, што на мяне, а насамрэч на Доктара... ручны кулямёт. Вы — Мэма Грамэну, я вас ведаю. На правай шчацэ ў вас драпіна, раней яе не было.
— Нікталёпія, — прабурчаў Доктар. — Давайце запальваць сьвятло. Дурніца. Ён нас бачыць, а мы яго ня бачым. — Ён намацаў перад сабой запалкі і стаў чыркаць адну за другой. Яны ламаліся.
— Так, — сказаў Мэма. — Вядома, дурніца. Адсюль ён або выйдзе нашым, альбо ня выйдзе зусім.
— Дазвольце... — Максім працягнуў руку, адабраў у Доктара запалкі і запаліў сьвечку.
Усе зажмурыліся, прыкрываючы далоньню вочы. Доктар неадкладна запаліў.
— Распранайцеся, — сказаў ён, трашчачы люлькай.
Максім сьцягнуў цераз галаву брызэнтавую кашулю. Усе ўтаропіліся на ягоныя грудзі. Доктар выбраўся з-за стала, падышоў да Максіма і пачаў круціць яго ў розныя бакі, абмацваючы моцнымі халоднымі пальцамі. Было ціха. Потым доўгавалосы сказаў зь нейкім шкадаваньнем:
— Прыгожы хлопчык. Сын у мяне быў... таксама...
Яму ніхто не адказаў, ён цяжка падняўся, памацаў у куце, зь цяжкасьцю падняў і паставіў на стол вялікую аплеценую бутлю. Потым выставіў тры куфлі.
— Можна будзе па-чарзе, — патлумачыў ён. — Калі хто хоча паесьці, то сыр знойдзецца. І цыбуля...
— Чакайце, Лясьнік, — раздражнёна сказаў шыракаплечы. — Адсуньце бутэльку, мне нічога не відаць... Ну, што, Доктар?
Доктар яшчэ раз прайшоўся па Максіме халоднымі пальцамі, ахінуўся дымам і сеў на сваё месца.
— Налі мне, Лясьнік, — сказаў ён. — Такія абставіны трэба запіць... Апранайцеся, — сказаў ён Максіму. — І не ўсьміхайцеся, як травеньская ружа. У мяне будзе да вас некалькі пытаньняў.
Максім апрануўся. Доктар сербануў з куфля, зморшчыўся і спытаў:
— Калі, кажаце, у вас стралялі?
— Сорак сем дзён таму.
— З чаго, вы кажаце, стралялі?
— Зь пісталета. З армейскага пісталета.
Доктар зноў сербануў, зноў зморшчыўся і прамовіў, зьвяртаючыся да шыракаплечага:
— Я б галаву даў на адсячэньне, што ў гэтага малойчыка сапраўды стралялі з армейскага пісталета, прычым зь вельмі кароткай дыстанцыі, але ня сорак сем дзён таму, а па меншай меры сто сорак сем... Дзе кулі? — спытаў ён раптам Максіма.
— Яны выйшлі, і я іх выкінуў.
— Слухайце, як вас... Мак! Вы хлусіце. Прызнайцеся, як вам гэта зрабілі?
Максім пакусаў губу.
— Я кажу праўду. Вы проста ня ведаеце, як у нас хутка гояцца раны. Я ня хлушу. — ён памаўчаў. — Зрэшты, мяне лёгка праверыць. Разрэжце мне руку. Калі надрэз будзе неглыбокі, я зацягну яго за дзесяць-пятнаццаць хвілін.
— Гэта праўда, — сказала Ордзі. Яна загаварыла ўпершыню за ўвесь час. — Гэта бачыла я сама. Ён чысьціў бульбу і абрэзаў палец. Праз паўгадзіны застаўся толькі белы шнар, а на другі дзень наогул ужо нічога не было. Я думаю, ён сапраўды горац. Гэл распавядаў пра старажытную горскую мэдыцыну, яны ўмеюць загаворваць раны.
— Ах, горская мэдыцына... — сказаў Доктар, зноў ахутваючыся дымам. — Ну, што ж, дапусьцім. Праўда, парэзаны палец — гэта адно, а сем куляў ва ўпор — гэта іншае, але — дапусьцім... Тое, што раны зарасьлі так пасьпешліва, — ня самае дзіўнае. Я хацеў бы, каб мне патлумачылі іншае. У маладым чалавеку сем дзірак. І калі гэтыя дзіркі былі сапраўды праробленыя сапраўднымі пісталетнымі кулямі, то, прынамсі, чатыры зь іх — кожная паасобку, заўважце! — былі сьмяротнымі.