— Задавайце, — сказаў шыракаплечы. — А вы, Доктар, будзеце адказваць. А мы паслухаем.
— Хто такія Невядомыя Айцы і чаго яны хочуць? — пачаў Максім.
Усе заварушыліся, відавочна, гэтага пытаньня яны не чакалі.
— Невядомыя Айцы, — сказаў Доктар, — гэта ананімная група найбольш вопытных інтрыганаў, рэшткі партыі путчыстаў, якія захаваліся пасьля дваццацігадовага змаганьня за ўладу паміж ваеннымі, фінансыстамі і палітыкамі. Яны маюць дзьве мэты, адна — галоўная, іншая — асноўная. Галоўная — утрымацца ва ўладзе. Асноўная — атрымаць ад гэтай улады максымум задавальненьня. Сярод іх ёсьць і нязлосныя людзі, яны атрымліваюць задавальненьне ад усьведамленьня таго, што яны — дабрадзеі народа. Але ў большасьці сваёй гэта хапугі, сыбарыты, садысты, і ўсе яны ўладалюбы... Вы задаволеныя?
— Не, — сказаў Максім. — Вы мне проста сказалі, што яны — тыраны. Гэта я і так падазраваў... Іх эканамічная праграма? Іх ідэалёгія? Іх база, на якую яны абапіраюцца?...
Астатнія зноў пераглянуліся. Лясьнік, раскрыўшы рот, глядзеў на Максіма.
— Эканамічная праграма... — сказаў Доктар. — Вы занадта шмат ад нас хочаце. Мы не тэарэтыкі, мы — практыкі... Вось на каго яны абапіраюцца, гэта я магу вам сказаць. На штыкі. На невуцтва. На стомленасьць нацыі. Справядлівага грамадзтва яны не пабудуюць, яны і думаць пра гэта не жадаюць... Ды няма ў іх ніякай эканамічнай праграмы, нічога ў іх няма, акрамя штыкоў, і нічога яны ня хочуць, акрамя ўлады... Для нас важней за ўсё тое, што яны хочуць нас зьнішчыць. Уласна кажучы, мы змагаемся за сваё жыцьцё... — Ён стаў раздражнёна набіваць люльку.
— Я не хацеў нікога пакрыўдзіць, — сказаў Максім. — Я проста хачу разабрацца. Тыранія, уладалюбства... Само па сабе гэта яшчэ мала што значыць. — Ён бы з задавальненьнем выклаў Доктару асновы тэорыі гістарычных пасьлядоўнасьцяў, але ў яго не хапала слоў. І без таго яму часам даводзілася пераходзіць на расейскую. — Добра. Але вось вы сказалі — справядлівае грамадзтва. Гэта што такое? І чаго хочаце вы? Да чаго вы імкнецеся, акрамя захаваньня жыцьця? І хто вы?
Люлька Доктара шархацела і трашчала, цяжкі смурод распаўсюджваўся ад яе па склепе.
— Дайце мне, — сказаў раптам Лясьнік. — Дайце я яму скажу... Мне дайце... Ты, мілы чалавек, таго... Ня ведаю, як там у вас у гарах, а ў нас тут людзі любяць жыць. Як гэта так — акрамя, кажа, захаваньня жыцьця? А мне, можа быць, акрамя гэтага нічога й ня трэба!... Ты што думаеш — гэтага мала? Іш ты, які адважны знайшоўся! Ты пажыві давай у склепе, калі ў цябе дом ёсьць, жонка, сям’я, і ўсе ад цябе адракліся... ты гэта кінь!
— Пачакайце, Лясьнік, — сказаў шыракаплечы.
— Не, гэта хай ён пачакае! Іш ты, які аб’явіўся! Грамадзтва яму падавай, базу ўсякую...
— Пачакай, дзядзьку, — сказаў Доктар. — Не сярдуй. Бачыш, чалавек нічога не разумее... Ці бачыце, — сказаў ён Максіму, — наш рух вельмі разнастайны. Нейкай адзінай палітычнай праграмы ў нас няма, ды й быць ня можа: усе мы забіваем, таму што забіваюць нас. Гэта трэба зразумець. Вы гэта зразумейце. Усе мы — сьмяротнікі, шанцаў выжыць у нас няшмат. І ўсю палітыку ў нас засланяе па сутнасьці біялёгія. Выжыць — вось галоўнае. Тут ужо не да базы. Так што калі вы зьявіліся зь якой-небудзь сацыяльнай праграмай, нічога ў вас не выйдзе.
— У чым жа справа? — спытаў Максім.
— Нас лічаць вырадкамі. Адкуль гэта пайшло — цяпер і не згадаеш. Але цяпер Невядомым Айцам выгодна нас цкаваць, гэта адцягвае народ ад унутраных праблемаў, ад карупцыі фінансыстаў, што заграбаюць грошы на ваенных замовах і на будаўніцтве вежаў. Калі б нас не было, Айцы б нас вынайшлі...
— Гэта ўжо нешта, — сказаў Максім. — Значыць, у аснове ўсяго зноў жа грошы. Значыць, Айцы служаць грошам. Каго яны яшчэ прыкрываюць?
— Айцы нікому ня служаць. Яны самі — грошы. Яны — усё. І яны, між іншым, нішто, бо яны ананімныя і ўвесь час жаруць адзін аднаго... Яму б зь Вепруком пагаварыць, — сказаў ён шыракаплечаму. — Яны б знайшлі агульную мову.
— Добра, аб Айцах я пагавару зь Вепруком. А зараз…
— Зь Вепруком вы ўжо не пагаворыце, — сказаў Мэма злосна. — Вепрука расстралялі.
— Гэта той аднарукі, памятаеце? — патлумачыла Ордзі. — Вы ж павінныя яго памятаць...
— Я памятаю, — сказаў Максім. — Але яго не расстралялі. Яго прысудзілі да выхаваўчых работаў.
— Ня можа быць, — сказаў шыракаплечы. — Вепрука? Да катаргі?
— Так, — сказаў Максім. — Гэла Кэтшафа — да сьмяротнага пакараньня, Вепрука — да выхаваўчых работаў... да катаргі, а яшчэ аднаго, які не назваў свайго імя, забраў да сябе цывільны. Па-відаць, у контрвыведку.