Выбрать главу

І зноў усе змоўклі. Доктар сербануў з куфля. Шыракаплечы сядзеў, абапёршыся галавой на рукі. Лясьнік, гаротна пакрэхтваючы, з жалем глядзеў на Ордзі. Ордзі, сьціснуўшы вусны, глядзела ў стол. Гэта было гора, і Максім шкадаваў, што загаварыў на гэтую тэму. Гэта было сапраўднае гора, і толькі Мэма ў куце ня столькі гараваў, колькі баяўся... Такім нельга даручаць кулямёт, мімаходам падумаў Максім. Ён нас тут усіх перастраляе.

— Ну, добра, — сказаў шыракаплечы. — У вас ёсьць яшчэ пытаньні?

— У мяне шмат пытаньняў, — павольна сказаў Максім. — Але я баюся, што ўсе яны ў той ці іншай ступені бестактоўныя.

— Што ж, давайце бестактоўныя.

— Добра, апошняе пытаньне. Прычым тут вежы ПБА? Чаму яны вам перашкаджаюць?

Усе непрыемна засьмяяліся.

— Вось дурань, — сказаў Лясьнік. — А туды ж — базу яму падавай...

— Гэта не ПБА, — сказаў Доктар. — Гэта наш праклён. Яны вынайшлі выпраменьваньне, пры дапамозе якога стварылі паняцьце аб вырадках. Большасьць людзей — вось і вы, напрыклад, — не заўважаюць гэтага выпраменьваньня, нібы б яго й няма. А няшчасная меншасьць з-за нейкіх асаблівасьцяў свайго арганізму адчуваюць пры апрамяненьні пякельныя болі. Некаторыя з нас — такіх адзінкі — могуць трываць гэты боль, іншыя не вытрымліваюць, крычаць, трэція страчваюць прытомнасьць, а чацьвёртыя вар’яцеюць і паміраюць... А вежы — гэта ня процібалістычная абарона, такой абароны наогул не існуе, яна не патрэбная, бо ні Хонці, ні Пандэя ня маюць балістычных снарадаў і авіяцыі... ім наогул не да гэтага, там ужо чацьвёрты год ідзе грамадзянская вайна... Дык вось, гэтыя вежы — гэта выпраменьвальнікі. Яны ўключаюцца два разы на суткі па ўсёй краіне — і нас адлоўліваюць, пакуль мы валяемся бездапаможныя ад болю. Плюс яшчэ ўстаноўкі лякальнага дзеяньня на патрульных аўтамабілях... плюс самаходныя выпраменьвальнікі... плюс нерэгулярныя прамянёвыя ўдары па начах... Нам няма дзе схавацца, экранаў не існуе, мы зьяжджаем з ґлузду, страляемся, робім глупствы ад адчаю, выміраем...

Доктар замоўк, схапіў куфаль і залпам асушыў яго. Потым ён пачаў люта раскурваць сваю люльку, твар у яго падрыгваў.

— Та-ак, жылі — не тужылі, — са смуткам сказаў Лясьнік. — Гады, — дадаў ён пасьля паўзы.

— Яму гэта бессэнсоўна распавядаць, — сказаў раптам Мэма. — Ён жа ня ведае, што гэта такое. Ён паняцьця не мае, што гэта значыць — чакаць штодзень чарговага сэансу...

— Добра, — сказаў шыракаплечы. — Ня мае паняцьця — значыць, і казаць няма пра што. Птушка выказалася за яго. Хто яшчэ — за і супраць?

Лясьнік адкрыў быў рот, але Ордзі апярэдзіла яго.

— Я хачу растлумачыць, чаму я — за. Па-першае, я яму веру. Гэта я ўжо казала, і гэта можа быць, ня так важна, гэта тычыцца толькі мяне. Але гэты чалавек валодае здольнасьцямі, якія могуць быць карысныя ўсім. Ён умее загойваць ня толькі свае, але й чужыя раны... Значна лепш вас, Доктар, ня ў крыўду вам будзе сказана...

— Які я доктар, — сказаў Доктар. — Я так — судовая мэдыцына...

— Але гэта яшчэ ня ўсё, — працягвала Ордзі. — Ён умее здымаць боль.

— Як гэта? — спытаў Лясьнік.

— Я ня ведаю, як ён гэта робіць. Ён масажуе віскі, шэпча нешта, і боль праходзіць. Мяне двойчы схоплівала ў маці, і абодва разы ён мне дапамог. У першы раз ня вельмі, але ўсё-ткі я ня страціла прытомнасьці, як звычайна. А ў другі раз болю не было зусім...

І адразу ўсё зьмянілася. Толькі што яны былі судзьдзямі, толькі што яны вырашалі, як ім здавалася, пытаньне яго жыцьця і сьмерці, а цяпер судзьдзі зьніклі, і засталіся змучаныя прырэчаныя людзі, якія раптам адчулі надзею. Яны глядзелі на яго, быццам чакалі, што ён вось зараз, неадкладна здыме зь іх кашмар, што ірваў іх штохвілінна, штодзень і штоноч шмат гадоў запар... Ну што ж, падумаў Максім, тут я, прынамсі, буду патрэбны не для таго, каб забіваць, а для таго, каб лячыць... Але чамусьці гэтая ідэя не даставіла яму ніякага задавальненьня. Вежы, думаў ён. Якая гадасьць... Гэта ж трэба было прыдумаць. Трэба быць вар’ятам, трэба быць садыстам, каб гэта прыдумаць...

— Вы сапраўды гэта ўмееце? — спытаў Доктар.

— Што?

— Здымаць боль...

— Здымаць боль... Так.

— Як?

— Я не магу вам растлумачыць. У мяне ня хопіць словаў, а ў вас ня хопіць ведаў... Я не разумею, ці ў нас няма лекаў, якіх-небудзь болеабарончых прэпаратаў?

— Ад гэтага не дапамагаюць ніякія лекі. Хіба што ў сьмяротнай дозе.

— Слухайце, — сказаў Максім. — Я, вядома, гатовы здымаць боль... я паспрабую... Але гэта ж ня выйсьце! Трэба шукаць які-небудзь масавы сродак... У вас ёсьць хімікі?