Выбрать главу

— Я гэтыя пілюлі ведаю, — сказаў Лясьнік. — Дзьве хвіліны палёгкі, а потым зусім у вузел завяжашся... неба ў аўчынку... ведаем, спрабавалі.

— Гэта новыя пілюлі, — цярпліва сказаў Генэрал. — Яны дзейнічаюць да пяці хвілін. Дабегчы да капаніра і кінуць гранаты мы пасьпеем, а астатняе зробіць Мак.

Запанавала маўчаньне. Яны думалі. Лясьнік, што цяміў туга, са скрыпам корпаўся ў валосьсі, адвесіўшы ніжнюю губу. Бачна было, як ідэя павольна даходзіць да яго, ён часта заміргаў, пакінуў у спакоі шавялюру, паглядзеў на ўсіх прасьветленым позіркам і, ажывіўшыся, ляпнуў сябе па каленях.

Цудоўны дзядзька, дабрак, з ног да галавы спаласаваны жыцьцём, які нічога пра жыцьцё так і не пазнаў. Нічога яму ня трэба было, і нічога ён не хацеў, акрамя як каб пакінулі яго ў спакоі, далі б вярнуцца да сям’і і саджаць буракі. Добрыя грошы да вайны зарабляў ён на бураках, дужы быў гаспадар, хоць і малады, а вайну правёў у акопах і горш за атамныя снарады баяўся свайго капрала, такога ж мужыка, але хітрага і вялікага падлюгу. Максіма ён моцна палюбіў, стагодзьдзе ўдзячны быў, што залячыў яму Максім стары сьвішч на галёнцы, і з таго часу паверыў, што пакуль Максім тут, нічога дрэннага зь імі здарыцца ня можа. Максім увесь гэты месяц начаваў у яго ў сутарэньні, і кожнага разу, калі зьбіраліся спаць, Лясьнік распавядаў Максіму казку, адну і тую ж, але з рознымі канцамі: «А вось жыла на балоце жаба, вялікая была дурніца, прама нават ніхто ня верыў, і вось панадзілася яна, дурніца...» Ніяк ня мог Максім уявіць яго ў крывавай справе, хоць і казалі яму, што Лясьнік — баец умелы і бязьлітасны.

— Новы плян дае наступныя перавагі, — казаў Генэрал. — Па-першае, нас у гэты час не чакаюць. Перавага раптоўнасьці. Па-другое, ранейшы плян распрацаваны ўжо даўно, і досыць вялікая небясьпека, што суперніку ён вядомы. Цяпер мы яго апярэджваем. Верагоднасьць посьпеху павялічваецца...

Зялёны ўвесь час ухвальна ківаў. Драпежны твар яго сьвяціўся зларадным задавальненьнем, спрытныя доўгія пальцы сьціскаліся і расьціскаліся. Ён любіў нечаканасьці — вельмі рызыкоўны быў чалавек. Мінулае яго было цёмным. Ён быў злодзей і, здаецца, забойца, спараджэньне чорнага пасьляваеннага часу, сірата, шпана, злодзеямі выхаваны, злодзеямі выкармлены, злодзеямі выбіты, сядзеў у астрозе, уцёк — нахабна, нечакана, як рабіў усё — паспрабаваў вярнуцца да сваіх злодзеяў, але часы перамяніліся, сябрукі не пацярпелі вырадка, хацелі яго выдаць, але ён адбіўся і зноў уцёк, хаваўся па вёсках, пакуль не знайшоў яго нябожчык Гэл Кэтшаф. Ён быў разумнік, фантазёр, зямлю лічыў плоскай, неба цьвёрдым, і менавіта ў сілу свайго невуцтва, якое ўзбадзёрвала бурная фантазія, быў адзіным чалавекам на населеным востраве, які, здаецца, падазраваў у Максіме ня горца нейкага («Бачыў я гэтых горцаў, ва ўсіх выглядах бачыў»), ня дзіўную гульню прыроды («Мы ад прыроды ўсё ўсюды аднолькавыя, што ў турме, што на волі»), а проста ткі прышэльца зь немагчымых месцаў, скажам, з-за нябеснай цьвердзі. Адкрыта пра гэта ён Максіму ніколі не казаў, але намёкі рабіў і ставіўся да яго з павагай, якая пераходзіла ў падхалімаж. «Ты ў нас Бацям станеш, — казаў ён. — Вось тады я пад табой разьвярнуся...» Як і куды ён зьбіраўся разварочвацца, было зусім незразумела, але адно было ясна: вельмі любіў Зялёны рызыкоўныя справы і цярпець ня мог ніякай працы. І яшчэ не падабалася ў ім Максіму дзікая яго і першабытная жорсткасьць. Гэта была тая ж плямістая малпа, толькі прыручаная, намуштраваная на панцырных ваўкоў.

— Мне гэта не падабаецца, — сказаў Мэма панура. — Гэта авантура. Без падрыхтоўкі, без праверкі... Не, мне гэта не падабаецца.

Яму ніколі нічога не падабалася, гэтаму Мэма Грамэну па мянушцы Капыта Сьмерці. Яго ніколі нішто не задавальняла, і ён заўсёды чагосьці баяўся. Мінулае яго ўтойвалася, бо ў падпольле ён ад пачатку займаў вельмі высокую пасаду. Потым ён аднойчы трапіў у лапы контрвыведкі і выжыў толькі цудам — ​​зьнявечаны катаваньнямі быў выцягнуты суседзямі па камэры, якія арганізавалі ўцёкі. Пасьля гэтага, па законах падпольля, яго вывелі са штабу, хоць ён і не выклікаў ніякіх падазрэньняў. Ён быў прызначаны памочнікам да Гэла Кэтшафа, двойчы ўдзельнічаў у нападах на вежы, асабіста зьнішчыў некалькі патрульных машынаў, высачыў і ўласнаручна застрэліў камандзіра адной з гвардзейскіх брыгадаў, быў вядомы як чалавек фанатычнай сьмеласьці і выдатны кулямётчык. Яго ўжо зьбіраліся зрабіць кіраўніком групы ў нейкім гарадку на паўднёвым захадзе, але тут група Гэла папалася. Падазрэньняў Капыта па-ранейшаму не выклікаў, яго нават прызначылі кіраўніком новае групы, але ён, па ўсяму, увесь час адчуваў на сабе касыя погляды, якіх не было, але якія ўпоўні маглі бы быць: у падпольле не мілавалі людзей, якім занадта шанцуе. Ён быў маўклівы, прыдзірлівы, добра ведаў навуку кансьпірацыі і патрабаваў безумоўнага выкананьня ўсіх яе правілаў, нават самых нязначных. На агульныя тэмы ніколі ні з кім не гаварыў, займаўся толькі справамі групы і дамогся таго, што ў групы было ўсё — і зброя, і прадукты, і грошы, і добрая сетка явак, і нават матацыкл. Максіма ён недалюбліваў. Гэта адчувалася, і Максім ня ведаў чаму, а пытацца яму не хацелася: Мэма быў ня з тых людзей, з кім прыемна гаварыць адкрыта. Можа быць, уся справа была ў тым, што Максім адзіны адчуваў яго вечны страх — астатнім і ў галаву не магло прыйсьці, што пануры Капыта Сьмерці, які папросту размаўляе зь любымі прадстаўнікамі штабу, адзін з пачынальнікаў падпольля, тэрарыст да мозґу касьцей, можа чаго-небудзь баяцца.