— Мне незразумелыя рацыі штабу, — працягваў Мэма, з агідай размазваючы па шыі новую порцыю рэпэлентаў. — Я ведаю гэты плян сто гадоў. Сто разоў яго хацелі выпрабаваць і сто разоў адмаўляліся, бо гэта амаль верная пагібель. Пакуль няма выпраменьваньня, мы яшчэ маем шанец у выпадку няўдачы хоць бы ўцячы і паспрабаваць ударыць зноў у іншым месцы. Тут — першая ж няўдача, і ўсе мы загінулі.
— Ты не зусім маеш рацыю, Капыта, — запярэчыла Ордзі. — Цяпер у нас ёсьць Мак. Калі што-небудзь і не атрымаецца, ён здолее нас выцягнуць і можа быць нават здолее падарваць вежу.
Яна ляніва паліла, гледзячы ўдалячынь, на балота, сухая, спакойная, жанчына, якая нічому не зьдзіўлялася і да ўсяго была гатовая. Яна выклікала ў людзей нясьмеласьць, таму што бачыла ў іх толькі больш ці менш прыдатныя мэханізмы вынішчэньня. Яна ўся была як на далоні — ні ў мінулым ейным, ні ў сучаснасьці, ні ў будучыні не было цёмных і туманных плямаў. Паходзіла яна зь інтэлігентнай сям’і, бацька загінуў на вайне, маці і цяпер працавала настаўніцай у пасёлку Качкі, і сама Ордзі працавала настаўніцай да таго часу, пакуль яе не выгналі са школы, як вырадка. Яна хавалася, спрабавала ўцячы ў Хонці, сустрэла на мяжы Гэла, які перапраўляў зброю, і ён зрабіў яе тэрарысткай. Спачатку яна працавала з чыста ідэйных меркаваньняў — змагалася за справядлівае грамадзтва, дзе кожны вольны думаць і рабіць, што хоча й можа, але сем гадоў таму контрвыведка напала на яе сьлед і забрала ейнае дзіця закладнікам, каб прымусіць яе выдаць сябе й мужа. Штаб не дазволіў ёй зьявіцца, яна занадта шмат ведала, пра дзіця яна больш нічога ня чула, лічыла яго мёртвым, хоць употай ня верыла гэтаму, і вось ужо сем гадоў ёю кіравала перш за ўсё нянавісьць. Спачатку нянавісьць, а потым ужо ладна пацьмянелая мроя пра справядлівае грамадзтва. Страту мужа яна перажыла на дзіва спакойна, хаця вельмі кахала яго. Верагодна яна проста задоўга да арышту звыклася з думкай, што ні за што ў сьвеце ня варта трымацца занадта моцна. Цяпер яна была як Гэл на судзе — жывым мерцьвяком, толькі вельмі небясьпечным мерцьвяком.
— Мак — навак, — змрочна сказаў Мэма. — Хто паручыцца, што ён не разгубіцца, застаўшыся адзін? Сьмешна на гэта разьлічваць. Сьмешна адкідаць стары, добра разрахованы плян з-за таго, што мы маем навічка Мака. Я сказаў і паўтараю: гэта авантура.
— Ды кінь ты, начальніку, — сказаў Зялёны. — Такая ў нас праца. Па мне што стары плян, што новы плян — усё авантура. А як жа па-іншаму? Без рызыкі нельга, а з гэтымі пілюлямі рызыкі менш. Яны ж там пад вежай ачмурэюць, калі мы а дзесятай гадзіне на іх наскочым. Яны там, нябось, а дзесятай гадзіне гарэлку п’юць і песьні гарлапаняць, а тут мы наскочым, а ў іх, можа, і аўтаматы не зараджаныя, і самі яны п’яныя ляжаць... Не, мне падабаецца. Дакладна, Мак?
— Я, гэта самае, таксама... — сказаў Лясьнік. — Я разважаю як? Калі такі плян нават мне дзіўны, то ўжо гвардзейцам гэтым і пагатоў. Правільна Зялёны кажа, ачмурэюць яны... Зноў жа лішніх пяць хвілінак не памучаемся, а там, глядзіш, Мак вежу паваліць, і зусім будзе добра... Дык гэта як добра ж! — сказаў ён раптам, нібы азораны новай ідэяй. — Ніхто ж да нас вежаў ня валіў, толькі хваліліся, а мы першымі будзем... І зноў жа — пакуль яны гэтую вежу зноў наладзяць, гэта колькі часу пройдзе! Хоць месяц па-чалавечы пажывем... бяз прыступаў гэтых гадзкіх...
— Баюся, што вы мяне не зразумелі, Капыта, — сказаў Генэрал. — У пляне нічога не мяняецца, мы толькі нападаем нечакана, узмацьняем атаку за кошт Птушкі і некалькі мяняем парадак адступленьня.
— А калі ты турбуешся, што Маку ўсіх нас будзе ня выцягнуць, — па-ранейшаму ляніва прамовіла Ордзі, гледзячы на балота, — дык ты не забывай, што цягнуць яму давядзецца аднаго, ад сілы — дваіх, а ён хлопчык моцны.