Выбрать главу

— Так, — сказаў Генэрал, гледзячы на ​​яе. — Гэта праўда…

Генэрал быў закаханы ў Ордзі. Ніхто, акрамя Максіма, гэтага ня бачыў, але Максім ведаў, што гэтае каханьне старое, безнадзейнае, пачалося яно яшчэ пры Гэле, а цяпер стала яшчэ безнадзейнейшым, калі гэта магчыма. Генэрал быў не генэрал. Да вайны ён быў працоўным на канвэеры, потым трапіў у школу малодшых камандзіраў, ваяваў капралам, скончыў вайну ротмістрам. Ён добра ведаў ротмістра Чачу, меў зь ім рахункі (былі нейкія беспарадкі ў нейкім палку адразу пасьля вайны) і даўно і беспасьпяхова паляваў за ім. Ён быў працаўніком штабу падпольля, але часта прымаў удзел у практычных апэрацыях, быў добрым ваякам, дасьведчаным камандзірам. Працаваць у падпольле яму падабалася, але што будзе пасьля перамогі — ён уяўляў сабе дрэнна. Зрэшты, у перамогу ён і ня верыў. Прыроджаны жаўнер, ён лёгка прыстасоўваўся да любых умоў і ніколі не загадваў далей, чым на дзесяць-дванаццаць дзён наперад. Сваіх ідэй у яго не было, сёе-тое ён нахапаўся ад аднарукага, сёе-тое пераняў у Кэтшафа, яшчэ сёе-тое яму ўнушылі ў штабе, але галоўным у яго сьвядомасьці заставалася тое, што ўдзяўблі яму ў школе малодшых камандзіраў. Таму, тэарэтызуючы, ён выказваў дзіўную сумесь поглядаў: уладу багатых трэба зрынуць (гэта ад Вепрука, які, відаць, быў кімсьці накшталт сацыяліста або камуніста), на чале дзяржавы паставіць належыць інжынэраў і тэхнікаў (гэта ад Кэтшафа), гарады скапаць, а самім жыць у еднасьці з прыродай (нейкі штабны мысьляр-букаліст), і ўсяго гэтага можна дабіцца толькі бесьпярэчным падпарадкаваньнем загаду вышэйстаячых камандзіраў, і паменш балбатні на адцягненыя тэмы. Два разы Максім зь ім паспрачаўся. Было зусім незразумела, навошта разбураць вежы, губляць на гэтым сьмелых таварышаў, час, сродкі, зброю — празь дзесяць-дваццаць дзён вежу ўсё роўна адбудуюць, і ўсё пойдзе па-ранейшаму, з той толькі розьніцай, што насельніцтва навакольных вёсак на свае вочы пераканаецца, якія гнюсныя д’яблы гэтыя вырадкі. Генэрал так і ня здолеў толкам растлумачыць Максіму, у чым сэнс дывэрсійнай дзейнасьці. Ці то ён нешта хаваў, ці то сам не разумеў, навошта гэта трэба, але кожны раз ён паўтараў адно і тое ж: загады не абмяркоўваюцца, кожны напад на вежу — удар па ворагу, нельга ўтрымліваць людзей ад актыўнай дзейнасьці, інакш нянавісьць скісьне ў іх, і жыць стане зусім ужо не для чаго... «Трэба шукаць цэнтр! — настойваў Максім. — Трэба біць адразу па цэнтры, усімі сіламі, адразу! Што ў вас у штабе за галовы, калі не разумеюць такой простай рэчы?» «Штаб ведае, што робіць, — важка адказваў Генэрал, задзіраючы падбародак і высока падымаючы бровы. — Дысцыпліна ў нашым становішчы — перш за ўсё, і давай жа безь сялянскай вольніцы, Мак, усяму свой час, будзе табе і цэнтр, калі дажывеш...» Зрэшты, ён ставіўся да Максіма з павагай і ахвотна зьвяртаўся да яго паслуг, калі прамянёвыя ўдары заставалі яго ў сутарэньні Лесьніка...

— Усё роўна я супраць, — упарта сказаў Мэма. — А калі нас пакладуць агнём? А калі мы не пасьпеем за пяць хвілін, а спатрэбіцца нам шэсьць? Вар’яцкі плян. І заўсёды ён быў вар’яцкім.

— Падоўжаныя зарады мы ўжываем упершыню, — сказаў Генэрал, зь цяжкасьцю адрываючы позірк ад Ордзі. — Але калі браць ранейшыя спосабы прарыву праз дрот, то лёс апэрацыі вызначаецца ў сярэднім праз тры-чатыры хвіліны. Калі мы застанем іх зьнянацку, у нас яшчэ застанецца адна або нават дзьве хвіліны ў запасе.

— Дзьве хвіліны — час вялікі, — сказаў Лясьнік. — За дзьве хвіліны я іх там усіх голымі рукамі перадушу. Дабегчы б толькі.

— Дабегчы б... та-ак... — зь нейкай злавеснай летуценнасьцю працягнуў Зялёны. — Праўда, Мак?

— Ты нічога ня хочаш сказаць, Мак? — спытаў Генэрал.

— Я ўжо казаў, — сказаў Максім. — Новы плян лепшы за стары, але ўсё роўна дрэнны. Дайце, я ўсё зраблю адзін. Рызыкніце.

— Ня будзем пра гэта, — сказаў Генэрал раздражнёна. — Пра гэта — усё. Слушныя заўвагі ў цябе ёсьць?

— Не, — сказаў Максім. Ён ужо шкадаваў, што зноў пачаў гэтую размову.

— Адкуль узяліся гэтыя таблеткі? — спытаў раптам Мэма.

— Гэта старыя таблеткі, — сказаў Генэрал. — У Мака атрымалася трохі палепшыць іх.

— Ах, у Мака... Значыць, гэта ягоная ідэя?

Капыта вымавіў гэта такім тонам, што ўсім стала няёмка. Ягоныя словы можна было зразумець так: навічок, ды яшчэ не зусім наш, які яшчэ прыйшоў з таго боку, — а ці ня пахне гэта засадай, такія выпадкі бывалі...