— Не, — рэзка адказаў Генэрал. — Гэта ідэя штабу. І будзь ласкавы падпарадкоўвацца, Капыта.
— Я падпарадкоўваюся, — сказаў Мэма, паціснуўшы плячыма. — Я супраць гэтага, але я падпарадкоўваюся. Куды ж дзявацца...
Максім сумна глядзеў на іх. Яны сядзелі перад ім, вельмі розныя — у звычайных умовах, напэўна, ім і ў галаву б не прыйшло, што яны могуць сабрацца разам: былы фэрмэр, былы крымінальнік, былая настаўніца... У іх было толькі адно агульнае — яны былі абвешчаныя ворагамі грамадзтва, па нейкай ідыёцкай прычыне яны былі ненавісныя ўсім, і ўвесь велізарны дзяржаўны апарат падаўленьня быў нацэлены супраць іх. Тое, што яны зьбіраліся зрабіць, было бессэнсоўным; міне некалькі гадзін, і большасьць зь іх будуць мёртвыя, а ў сьвеце нічога ня зьменіцца, і для тых, хто застанецца ў жывых, таксама нічога ня зьменіцца, — у лепшым выпадку яны атрымаюць перадышку на дзясятак дзён ад пякельных боляў, але яны будуць зраненыя, змучаныя ўцёкамі, іх будуць цкаваць сабакамі, ім давядзецца туліцца ў сьмярдзючых норах, а потым усё пачнецца спачатку. Дзейнічаць зь імі заадно было глупствам, але пакінуць іх было б подла, і даводзілася выбіраць глупства. А можа быць, у гэтым сьвеце наогул нельга інакш, і калі хочаш што-небудзь зрабіць, даводзіцца прайсьці праз глупства, праз бессэнсоўную кроў, а можа быць, і праз подласьць давядзецца прайсьці. Нікчэмны чалавек... дурны чалавек... подлы чалавек... А што яшчэ можна чакаць ад чалавека ў гэтым бездапаможным, дурным і подлым сьвеце? Трэба памятаць толькі, што глупства ёсьць сьледзтвам бясьсільля, а бясьсільле вынікае зь невуцтва, зь няведаньня слушнай дарогі... але ж ня можа быць так, каб сярод тысячы дарог не знайшлося слушнай! Па адной дарозе я ўжо прайшоў, думаў Максім, гэта была няправільная дарога. Цяпер трэба прайсьці па гэтай, хоць ужо цяпер відаць, што гэта таксама няправільная дарога. І можа быць, мне яшчэ ня раз давядзецца хадзіць па няслушных дарогах і залазіць у тупікі. А перад кім я апраўдваюся? — падумаў ён. І навошта? Яны мне падабаюцца, я магу ім дапамагчы, вось і ўсё, што мне трэба ведаць сёньня...
— Зараз мы разыйдземся, — сказаў Генэрал. — Капыта йдзе зь Лесьніком, Мак — зь Зялёным, я — з Птушкай. Сустрэча ў дваццаць адзін нуль-нуль ля межавай адзнакі, ісьці толькі празь лес, без дарог. Парам не разлучацца, кожны адказвае за кожнага. Хадзеце. Першымі сыходзяць Мэма і Лясьнік. — Ён сабраў недакуркі на ліст паперы, згарнуў і паклаў у кішэню.
Лясьнік пацёр калені.
— Косьці баляць, — паведаміў ён. — Да дожджыку. Добрая сёньня будзе ноч, цёмная...
11
Ад узьлесься да дроту трэба было паўзьці. Наперадзе поўз Зялёны, ён валачыў шост з падоўжаным зарадам і ледзь чутна лаяў калючкі, што ўпівалася ў рукі. Максім, прытрымваючы мех з магнітнымі мінамі, поўз сьледам. Неба было зацягнута хмарамі, церусіў дождж. Трава была мокрая, і ў першыя ж хвіліны яны абодва прамоклі да ніткі. За дажджом нічога не было відаць, Зялёны поўз па компасе і ні разу не адхіліўся — вопытны быў чалавек, гэты Зялёны. Потым рэзка запахла сырой іржой, і Максім убачыў дрот у тры рады, а за дротам — смутны рашэцісты гмах вежы, а прыпадняўшы галаву — разглядзеў ля падмурку вежы прысадзістае збудаваньне з прастакутнымі абрысамі. Гэта быў капанір, там сядзелі трое гвардзейцаў з кулямётам. Скрозь шоргат дажджу чуліся нераспазнавальныя галасы, потым там запалілі запалку, і слабым жоўтым сьвятлом асьвяцілася доўгая амбразура.
Зялёны, шэптам чартыхаючыся, прасоўваў шост пад дрот. «Гатова, — шапнуў ён. — Адпаўзай». Яны адпаўзьлі на дзясятак крокаў і сталі чакаць. Зялёны, заціснуўшы ў кулаку шнур дэтанатара, глядзеў на сьветлыя стрэлкі гадзін. Яго трэсла, Максім чуў, як ён пастуквае зубамі і здушана дыхае. Максіма таксама трэсла. Ён сунуў руку ў мяшок і дакрануўся да мінаў, яны былі шурпатыя, халодныя. Дождж памацнеў, шамаценьне заглушала цяпер усе гукі. Зялёны прыўзьняўся і стаў на карачкі. Ён увесь час нешта шаптаў, ці то маліўся, ці то лаяўся. «Ну, гады!» — сказаў ён раптам гучна і зрабіў рэзкі рух правай рукой. Пачулася пістоная пстрычка, шыпеньне, і наперадзе ахнула з-пад зямлі палотнішча чырвонага полымя, і ўзьнялося шырокае палотнішча далёка зьлева, ударыла па вушах, пасыпалася гарачая мокрая зямля, мэтлахі тлеючай травы, нейкія распаленыя кавалачкі. Зялёны ірвануўся наперад, крычучы чужым голасам, і раптам стала сьветла, як удзень, сьвятлей, чым удзень, асьляпляльна сьветла. Максім зажмурыўся і адчуў холад унутры, і ў галаве мільганула думка: «Усё прапала», але стрэлаў не было, цішыня працягвалася, нічога не было чуваць, акрамя шамаценьня і шыпеньня.