Ён стрымгалоў выскачыў на прасёлак, трымаючы Мэма на плячы і цягнучы Генэрала падпахі, агледзеўся — мокры Малыш, ад якога пахла потам і страхам, ужо бег да яго ад межавага знака.
— Гэта ўсе? — спытаў ён з жахам, і Максім быў яму ўдзячны за гэты жах.
Яны давалаклі параненых да матацыкла, упіхнулі Мэма ў каляску, а Генэрала пасадзілі на задняе сядло, і Малыш прывязаў яго да сябе рамянём. У лесе было яшчэ ціха, але Максім ведаў, што гэта нічога не азначае.
— Уперад, — сказаў ён. — Не спыняйся, прарывайся...
— Ведаю, — сказаў Малыш. — А ты?
— Я паспрабую адцягнуць іх на сябе. Не турбуйся, я ўцяку.
— Безнадзейнасьць, — сказаў Малыш з сумам, ірвануў стартар, і матацыкл затрашчаў. — Ну, хоць вежу ўзарвалі? — крыкнуў ён.
— Так, — сказаў Максім, і Малыш памчаўся.
Застаўшыся адзін, Максім некалькі сэкунд стаяў нерухома, потым кінуўся назад у лес. На першай-лепшай палянцы ён сарваў зь сябе куртку і шпурнуў у кусты. Потым бягом вярнуўся на дарогу і некаторы час бег з усіх сілаў у напрамку гораду, спыніўся, адчапіў ад пояса гранаты, раскідаў іх па дарозе, прадзёрся праз кусты на другім баку, імкнучыся зламаць як мага больш галінак, кінуў за кустамі насоўку і толькі тады пабег прэч празь лес, пераладжваючыся на роўны паляўнічы бег, якім яму трэба было прабегчы дзесяць ці пятнаццаць кілямэтраў.
Ён бег, ні пра што ня думаючы, сочачы толькі за тым, каб не адхіліцца моцна ад кірунку на паўднёвы захад і выбіраючы месца, куды ставіць нагу. Двойчы ён перасякаў дарогу, адзін раз — прасёлкавую, на якой было пуста, і іншы раз — Курортную шашу, дзе таксама нікога не было, але тут ён упершыню пачуў сабак. Ён ня мог вызначыць, якія гэта сабакі, але на ўсялякі выпадак даў вялікі крук і праз паўтары гадзіны апынуўся сярод пакгаўзаў гарадзкое сартавальнае станцыі.
Тут сьвяціліся агні, жаласна пасьвіствалі паравозы, снавалі людзі. Тут, верагодна, нічога ня ведалі, але бегчы было ўжо нельга — маглі прыняць за злодзея. Ён перайшоў на крок, а калі міма грузна пакаціўся ў горад цяжкі таварны састаў, ускочыў на першую-лепшую плятформу зь пяском, залёг і так даехаў да самога бэтоннага завода. Тут ён саскочыў, абтрос пясок, зьлёгку запэцкаў рукі пяском і мазутам і стаў думаць, што рабіць далей.
Прабірацца ў дом Лесьніка ня мела ніякага сэнсу, а гэта была адзіная яўка паблізу. Можна было паспрабаваць пераначаваць у пасёлку Качкі, але гэта было небясьпечна, гэта быў адрас, вядомы ротмістру Чачу, і акрамя таго, Максіму было страшна падумаць — прыйсьці зараз да старой Ільлі і расказаць ёй пра сьмерць дачкі. Ісьці было няма куды. Ён зайшоў у заняпалую начную карчомку для рабочых, паеў сасісак, выпіў піва, задрамаў, прываліўшыся да сьцяны — усе тут былі такія ж брудныя і стомленыя, як ён, рабочыя пасьля зьмены, што спазьніліся на апошні трамвай. Ён прысьніў Раду, і падумаў у сьне, што Гай зараз, верагодна, у аблаве, і гэта добра. А Рада яго любіць і прыме, дасьць пераапрануцца і памыцца, там яшчэ павінен застацца яго грамадзянскі гарнітур, той самы, які даў яму Фанк... а раніцай можна будзе зьехаць на ўсход, дзе знаходзіцца другая вядомая яму яўка... Ён прачнуўся, расплаціўся і выйшаў.
Ісьці было недалёка і бясьпечна. Народу на вуліцах не было, толькі ў самога дома ён заўважыў чалавека — гэта быў дворнік. Дворнік сядзеў у пад’ездзе на сваім табурэце і спаў. Максім асьцярожна прайшоў міма, падняўся па сходах і пазваніў так, як званіў заўсёды. За дзьвярыма было ціха, потым нешта зарыпела, пачуліся крокі, і дзьверы прыадчыніліся. Ён убачыў Раду.
Яна не закрычала толькі таму, што задыхнулася і заціснула сабе рот далоньню. Максім абняў яе, прыціснуў да сябе, пацалаваў у лоб, у яго было такое пачуцьцё, як быццам ён вярнуўся дадому, дзе яго даўно ўжо перасталі чакаць. Ён зачыніў за сабой дзьверы, і яны ціха прайшлі ў пакой, і Рада адразу заплакала. У пакоі было ўсё па-ранейшаму, толькі не было яго раскладушкі, а на канапе сядзеў Гай у начной кашулі і ашалела вытарэшчваўся на Максіма спалоханымі, дзікімі ад зьдзіўленьня вачыма. Так прайшло некалькі хвілін: Максім і Гай глядзелі адзін на аднаго, а Рада плакала.
— Масаракш, — сказаў, нарэшце, Гай бездапаможна. — Ты жывы? Ты ня мёртвы...
— Прывітаньне, дружа, — сказаў Максім. — Шкада, што ты дома. Я не хацеў цябе падводзіць. Калі скажаш, я адразу пойду.
І зараз жа Рада моцна ўчапілася ў яго руку.
— Ні-ку-ды! — сказала яна здушана. — Нізавошта! Нікуды ня пойдзеш... Няхай паспрабуе... тады я таксама...