Гай адшпурнуў коўдру, спусьціў з канапы ногі і падышоў да Максіма. Ён памацаў яго за плечы, за рукі, выпэцкаўся мазутам, выцер сабе лоб, запэцкаў лоб.
— Нічога не разумею, — сказаў ён жаласна. — Ты жывы... Адкуль ты ўзяўся? Рада, перастань раўці... Ты не паранены? У цябе жудасны выгляд... І вось кроў...
— Гэта не мая, — сказаў Максім.
— Нічога не разумею, — паўтарыў Гай. — Слухай, ты жывы! Рада, грэй ваду! Пабудзі гэтага старога хрэна, хай дасьць гарэлкі...
— Ціха, — сказаў Максім. — Не шуміце, за мною гоняцца.
— Хто? Навошта? Лухта якая... Рада, дай яму пераапрануцца!... Мак, сядай, сядай... ці, можа быць, ты хочаш легчы? Як гэта атрымалася? Чаму ты жывы?...
Максім асьцярожна сеў на краёчак крэсла, паклаў рукі на калені, каб нічога не выпацкаць, і, гледзячы на гэтых дваіх, у апошні раз гледзячы на іх, як на сваіх сяброў, адчуваючы нават нейкую цікаўнасьць да таго, што адбудзецца далей, сказаў:
— Я ж цяпер дзяржаўны злачынец, хлопцы. Я толькі што падарваў вежу.
Ён не зьдзівіўся, што яны зразумелі яго адразу, імгненна зразумелі, пра якую вежы ідзе гаворка, і не перапыталі. Рада толькі сьціснула рукі, не адводзячы ад яго позірку, а Гай крэкнуў, фамільным жэстам пачасаў шавялюру абедзьвюма рукамі і, адвёўшы вочы, сказаў з прыкрасьцю:
— Стаўбень. Адпомсьціць, значыць, вырашыў... Каму помсьціш? Эх, ты, як быў псых, так і застаўся. Дзіця маленькае... Добра. Ты нічога не казаў, мы нічога ня чулі. Добра... Нічога не хачу ведаць. Рада, ідзі грэй ваду. Ды не шумі там, не будзі людзей... Распранайся, — сказаў ён Максіму строга. — Заквэцаўся, як чорт, дзе цябе носіць...
Максім падняўся і стаў распранацца. Скінуў брудную мокрую кашулю (Гай убачыў шрамы ад куль і гулка праглынуў сьліну), з агідай сьцягнуў пачварна брудныя боты і штаны. Уся вопратка была ў чорных плямах і, вызваліўшыся ад яе, Максім адчуў палёгку.
— Ну, вось і слаўна, — сказаў ён і зноў сеў. — Дзякуй, Гай. Я ненадоўга, толькі да раніцы, а потым пойду...
— Дворнік цябе бачыў? — змрочна спытаўся Гай.
— Ён спаў.
— Спаў... — сказаў Гай з сумневам. — Ён, ведаеш... Ну, можа быць, вядома, і спаў. Сьпіць жа ён калі-небудзь...
— Чаму ты дома? — спытаў Максім.
— У звальненьні.
— Якое можа быць звальненьне? — спытаў Максім. — Уся Гвардыя, напэўна, цяпер за горадам...
— А я больш не гвардзеец, — сказаў Гай, крыва ўсьміхаючыся. — Выгналі мяне з Гвардыі, Мак. Я цяпер усяго толькі армейскі капрал, вучу вяскоўцаў, якая нага правая, якая — левая. Навучу — і гайда на ханційскую мяжу, у акопы... Такія вось у мяне справы, Мак.
— Гэта з-за мяне? — ціха спытаў Максім.
— Ды як табе сказаць... Увогуле, так.
Яны паглядзелі адзін на аднаго, і Гай адвёў вочы. Максім раптам падумаў, што калі б Гай зараз выдаў яго, то, напэўна, вярнуўся б у Гвардыю і ў сваю завочную афіцэрскую школу, і яшчэ ён падумаў, што якіх-небудзь два месяцы таму такая думка не магла б прыйсьці яму ў галаву. Яму стала непрыемна, захацелася сысьці, зараз жа, неадкладна, але тут вярнулася Рада і паклікала яго ў ванную. Пакуль ён мыўся, яна падрыхтавала паесьці, сагрэла гарбату, а Гай сядзеў на ранейшым месцы, падпёршы шчокі кулакамі, і на твары яго была туга. Ён ні пра што не пытаў — мабыць, баяўся пачуць што-небудзь страшнае, што-небудзь такое, што прарве апошнюю лінію ягонай абароны, перарэжа апошнія нітачкі, яшчэ якія злучаюць яго з Максімам. І Рада ні пра што не пыталася — напэўна, ёй было не да таго, яна не спускала зь яго вачэй, не адпускала яго рукі і час ад часу ўсхліпвала, — баялася, што ён раптам зьнікне, каханы чалавек. Зьнікне і ніколі больш ня зьявіцца. І тады Максім — часу заставалася мала — адсунуў недапіты кубак і пачаў распавядаць сам.
Пра тое, як дапамагла яму маці дзяржаўнай злачынкі; як ён сустрэўся з вырадкамі; хто яны такія — вырадкі — насамрэч, чаму яны вырадкі і што такое вежы, якая д’ябальская, агідная выдумка, гэтыя вежы. Пра тое, што адбылося сёньня ўначы, як людзі беглі на кулямёт і паміралі адзін за адным, як павалілася гэтая гнюсная куча мокрага жалеза і як ён нёс мёртвую жанчыну, у якой адабралі дзіця і забілі мужа...
Рада слухала прагна, і Гай таксама ўрэшце рэшт зацікавіўся, ён нават стаў задаваць пытаньні, яхідныя, злыя пытаньні, дурныя і жорсткія, і Максім зразумеў, што ён нічому ня верыць, што сама думка пра падступства Невядомых Айцоў адштурхваецца ад яго сьвядомасьці, як вада ад тлушчу, што яму непрыемна такое слухаць і ён зь цяжкасьцю стрымліваецца, каб не абарваць Максіма. І калі Максім скончыў апавяданьне, ён сказаў, нядобра ўсьміхаючыся: