Выбрать главу

— Здорава яны абвялі цябе вакол пальца.

Максім паглядзеў на Раду, але Рада адвяла вочы і, прыкусіўшы губу прамовіла нерашуча:

— Ня ведаю... Можа быць, вядома, была адна такая вежа... Трапляюцца бо ж нягоднікі нават у муніцыпалітэце... а Айцы проста ня ведаюць... ім не дакладваюць, і яны ня ведаюць... Разумееш, Мак, гэта проста ня можа быць, тое, што ты распавядаеш. Гэта ж вежы балістычнай абароны...

Яна казала заміраючым ціхім голасам, відавочна намагаючыся не пакрыўдзіць яго, умольна зазірала яму ў вочы, пагладжвала па плячы, а Гай раптам разьюшыўся і пачаў гаварыць, што гэта ж глупства, што Максім проста не ўяўляе сабе, колькі такіх вежаў стаіць па краіне, колькі іх будуецца штогод, штодзень, дык няўжо ж гэтыя велізарныя мільярды трацяцца ў нашай беднай дзяржаве толькі для таго, каб двойчы ў дзень дастаўляць непрыемнасьці нікчэмнай купцы вырадкаў, якія самі па сабе — нуль у акіяне народу... «На адну ахову колькі грошай сыходзіць», — дадаў ён пасьля паўзы.

— Пра гэта я думаў, — сказаў Максім. — Напэўна, усё сапраўды ня так проста. Але ханційскія грошы тут ні пры чым... і потым, я сам бачыў: як толькі вежа звалілася, ім усім стала лепш. А што тычыцца ПБА... Зразумей, Гай, для абароны з паветра вежаў занадта шмат. Каб перакрыць паветраную прастору, іх трэба значна менш... і потым, навошта ПБА на паўднёвай мяжы? Хіба ў дзікіх вырадкаў ёсьць балістычныя сродкі?

— Там шмат што ёсьць, — сказаў Гай злосна. — Ты нічога ня ведаеш, а ўсяму верыш... Прабач, Мак, але калі б ты быў ня ты... Усе мы занадта даверлівыя, — горка дадаў ён.

Максіму больш не хацелася спрачацца і наогул гаварыць на гэтую тэму. Ён пачаў распытваць, як ідзе жыцьцё, дзе працуе Рада, чаму не пайшла вучыцца, як дзядзечка, як суседзі... Рада ажывілася, прынялася распавядаць, потым спахапілася, сабрала брудны посуд і сышла на кухню. Гай надта пачухаўся дзьвюма рукамі, пахмурыўся на цёмнае акно, а потым рашыўся і пачаў сур’ёзную мужчынскую размову.

Мы цябе любім, сказаў ён. Я цябе люблю, Рада цябе любіць, хоць і неспакойны ты чалавек, і ўсё ў нас з-за цябе пайшло неяк ня так. Але ж вось у чым справа: Рада цябе ня проста любіць, ня так, разумееш... а як бы табе сказаць... увогуле, ты разумееш... увогуле, падабаешся ты ёй, і ўвесь гэты час яна праплакала, а першы тыдзень нават прахварэла. Яна дзяўчына добрая, гаспадарчая, многія на яе зазіраюцца, і гэта ня дзіўна... Ня ведаю, як ты да яе, але што б я табе параіў? Кінь ты ўсе гэтыя глупствы, не для цябе яны, не твайго розуму справа, заблытаюць цябе, сам загінеш, шматлікім нявінным людзям жыцьцё сапсуеш — ні да чаго ўсё гэта. А едзь ты назад да сябе ў горы, знайдзі сваіх, галавой не згадаеш — сэрца падкажа, дзе твая радзіма... шукаць цябе там ніхто ня будзе, уладкуешся, наладзіш жыцьцё, тады прыяжджай, забірай Раду, і будзе вам там добра. А можа мы да таго часу ўжо і з ханційцами скончым, наступіць, нарэшце, мір, і зажывём як людзі...

Максім слухаў яго і думаў, што калі б ён быў сапраўды горцам, ён бы, напэўна, так і паступіў: вярнуўся б на радзіму і зажыў бы паволі з маладой жонкай, забыўся б на ўсе гэтыя жахі, на складанасьці... не, не забыўся б, а арганізаваў бы абарону, так што чыноўнікі Айцоў і носу б туды ня сунулі, а зьявіліся б туды гвардзейцы, біўся б у роднага парога да апошняга... Толькі я ня горац. У гарах мне рабіць няма чаго, а справа мая тут, я ўсяго гэтага цярпець ня маю намеру... Рада? Што ж — Рада... калі сапраўды кахае, тады зразумее, павінная будзе зразумець... Не хачу зараз пра гэта думаць, не хачу кахаць, ня час цяпер кахаць...

Ён задумаўся і не адразу ўсьвядоміў, што ў доме нешта зьмянілася. Хтосьці хадзіў па калідоры, нехта шаптаўся за сьцяной, і раптам у калідоры завалтузіліся, Рада адчайна крыкнула: «Мак...» і адразу ж змоўкла, нібы ёй заціснулі рот. Ён ускочыў і кінуўся да акна, але дзьверы расчыніліся, і на парозе зьявілася Рада, без крывінкі ў твары, пахнула знаёмым пахам гвардзейскай казармы, застукалі, больш ня тоячыся, падкаваныя боты, Раду ўпіхнулі ў пакой, і сьледам павалілі людзі ў чорных камбінэзонах, і Пандзі з азьвярэлым тварам навёў на яго аўтамат, а ротмістр Чачу хітры, як заўсёды, і разумны, як заўсёды, стаяў побач з Радай, упёршы ствол пісталета ёй у бок.

— Ні зь месца! — крыкнуў ён. — Паварушышся — страляю!

Максім замер. Ён нічога ня мог, яму трэба было па меншай меры дзьве дзесятых сэкунды, можа быць — паўтары, але гэтаму забойцу хапіла б і аднае.

— Рукі наперад! — крыкнуў ротмістр. — Капрал, кайданкі! Падвойныя кайданкі! Варушыся, масаракш!

Пандзі, якога Максім неаднаразова на занятках кідаў цераз галаву, зь вялікай асьцярогай наблізіўся, адшпільваючы ад пояса цяжкі ланцуг. Азьвярэласьць не яго твары зьмянілася заклапочаным выразам.