— Ты глядзі, — сказаў ён Максіму. — Калі што, пан ротмістр яе адразу... таго... каханьне тваё...
Ён зашчоўкнуў сталёвыя бранзалеты на запясьцях Максіма, прысеў на кукішкі і скаваў яму ногі. Максім мысьленна ўсьміхнуўся. Ён ведаў, што рабіцьме далей. Але ён недаацаніў ротмістра. Ротмістр не адпусьціў Раду. Усе разам яны спусьціліся па сходах, усё разам селі ў грузавік, і ротмістр ані на сэкунду не апусьціў пісталета. Затым у грузавік упіхнулі скаванага Гая. Да сьвітаньня было яшчэ далёка, па-ранейшаму церусіў дождж, размытыя агні ледзь асьвятлялі мокрую вуліцу. На лавах у кузаве з грукатам рассаджваліся гвардзейцы, велізарныя мокрыя сабакі моўчкі рваліся з павадкоў і, асаджаныя, нэрвова, са скуголеньнем, пазяхалі. А ў пад’ездзе, прыхінуўшыся да вушака, стаяў, склаўшы рукі на жываце, дворнік. Ён драмаў.
12
Дзяржаўны пракурор адкінуўся на сьпінку крэсла, кінуў у рот некалькі сушаных ягад, пажаваў і запіў глытком гаючай вады. Зажмурыўшыся і прыціснуўшы пальцамі стомленыя вочы, ён прыслухаўся. Вакол на многія сотні мэтраў было добра. Будынак Палаца Юстыцыі быў пустым, у вокны манатонна барабаніў начны дождж, не чуваць было сірэнаў і рыпаньня тармазоў, ня стукалі і не гулі ліфты. І нікога не было, толькі ў прыёмнай за высокімі дзьвярыма, ціхі, як мыш, нудзіўся ў чаканьні загадаў начны рэфэрэнт. Пракурор павольна разжмурыўся і скрозь каляровыя плямы, што плылі ў вачах, зірнуў на крэсла для наведвальнікаў, зробленае па адмысловай замове. Крэсла трэба будзе ўзяць з сабой. І стол трэба ўзяць таксама, я да яго прывык... Бо ж шкада будзе, бадай, сыходзіць адсюль — нагрэў мястэчка за дзесяць гадоў... І навошта мне сыходзіць? Дзiўна ўладкаваны чалавек: калі перад ім лесьвіца, яму абавязкова трэба ўскараскацца на самы верх. На самым версе холадна, дзьмуць вельмі шкодныя для здароўя скразьнякі, падаць адтуль сьмяротна, прыступкі сьлізкія, небясьпечныя, і ты добра ведаеш гэта, і ўсё роўна лезеш, караскаешся — язык на плячо. Насуперак абставінам — лезеш, насуперак любым парадам — лезеш, насуперак супраціву ворагаў — лезеш, насуперак уласным інстынктам, здароваму сэнсу, прадчуваньням — лезеш, лезеш, лезеш... Той, хто ня лезе ўверх, той падае ўніз, гэта дакладна. Але і той, хто лезе ўверх, таксама падае ўніз...
Піск унутранага тэлефона перарваў ягоныя думкі. Ён узяў навушнік і, з прыкрасьцю моршчачыся, сказаў:
— У чым справа? Я заняты.
— Ваша яснавяльможнасьць, — прашамацеў рэфэрэнт. — Нехта, хто называе сябе Вандроўнікам, тэлефануе па «шэрай» лініі і настойліва просіць размовы з вамі...
— Вандроўнік? — пракурор ажывіўся. — Злучыце.
У навушніку пстрыкнула, рэфэрэнт прашамацеў: «Яго яснавяльможнасьць вас слухае». Зноў пстрыкнула, і знаёмы голас вымавіў, цьвёрда, па-пандэйску, вымаўляючы словы:
— Разумнік? Добры дзень.. Ты моцна заняты?
— Для цябе — не.
— Мне трэба пагаварыць з табой.
— Калі?
— Зараз, калі можна.
— Я ў тваім распараджэньні, — сказаў пракурор. — Прыяжджай.
— Я буду празь дзесяць-пятнаццаць хвілін. Чакай.
Пракурор паклаў навушнік і некаторы час сядзеў нерухома, пашчыпваючы ніжнюю губу. Зьявіўся, галубок, падумаў ён. І зноў як зь неба спаў. Масаракш, колькі грошай я забіў на гэтага чалавека, больш, напэўна, чым на ўсіх іншых разам узятых, а ведаю толькі тое ж самае, што ўсе іншыя, узятыя паасобку. Небясьпечная фігура. Непрадказальная. Сапсаваў настрой... Пракурор сярдзіта паглядзеў на паперы, раскладзеныя па стале, неахайна згроб іх у кучу і сунуў у стол. Колькі ж часу яго не было?... Так, два месяцы. Як заўсёды. Зьнік невядома куды, два месяцы ніякіх зьвестак, і вось — калі ласка, як чорцік з каробкі... Не, з гэтым чорцікам трэба нешта рабіць, так працаваць нельга... Ну, добра, а што яму ад мяне трэба? Што, уласна, здарылася за гэтыя два месяцы? Зьелі Спрытнюгу... Наўрад ці гэта яго цікавіць. Спрытнюгам ён пагарджаў. Зрэшты, ён усімі пагарджае... Па яго канторы нічога не было, ды й ня прыйдзе ён да мяне з-за такое лухты — пойдзе прама да Таты або да Сьвёкра... Можа быць, намацаў што-небудзь цікавае і хоча ў альянс увайсьці? Дай бог, дай бог... а толькі я б на яго месцы ні з кім у альянс не ўступаў... Можа быць, працэс?... Ды не, прычым тут працэс... А, чаго меркаваць, прымем лепш неабходныя меры.
Ён высунуў патаемную скрыню і ўключыў усе фанографы і схаваныя камэры. Гэтую сцэну мы захаваем для нашчадкаў. Ну, дзе ж ты, Вандроўнік? Ад узбуджэньня ён упацеў, яго ўдарыла ў дрыжыкі; каб супакоіцца, ён кінуў у рот некалькі ягад, пажаваў, заплюшчыў вочы і стаў лічыць. Калі ён далічыў да сямісот, дзьверы адчыніліся, і, адсунуўшы рэфэрэнта, у кабінэт увайшоў гэты бамбіза, гэты халодны жартаўнік, гэтая надзея Айцоў, ненавісны і любімы, які штосэкундна павісаў на валаску, але ніколі ня падаў, худы, сутулы, з круглымі зялёнымі вачыма, зь вялікімі адтапыранымі вушамі, у сваёй вечнай недарэчнай куртцы да каленяў, лысы, як попка, чарадзей, вяршыцель, пажыральнік мільярдаў... Пракурор падняўся яму насустрач. З гэтым чалавекам ня трэба было прыкідацца і казаць вымучаныя словы.