— Прывітаньне, Вандроўнік, — сказаў пракурор. — Прыйшоў пахваліцца?
— Чым? — спытаў Вандроўнік, правальваючыся ў вядомае ўсім крэсла і недарэчна задзіраючы калені. — Масаракш! Кожны раз я забываю пра гэтую чортаву прыладу. Калі ты спыніш зьдзекавацца з наведвальнікаў?
— Наведвальніку павінна быць нязручна, — сказаў пракурор павучальна. — Наведвальнік павінен быць сьмешным, інакш якое мне ад яго задавальненьне? Вось зараз гляджу на цябе, і мне весела.
— Так, я ведаю, ты — вясёлы чалавек, — сказаў Вандроўнік. — Толькі вельмі ўжо непатрабавальны ў цябе гумар... Між іншым, ты можаш сесьці.
Пракурор выявіў, што ўсё яшчэ стаіць. Як заўсёды, Вандроўнік хутка зраўняў рахунак. Пракурор сеў ямчэй і сербануў гаючай дрэні.
— Слухаю цябе, — сказаў ён.
Вандроўнік прыступіў прама да справы.
— У цябе ў кіпцюрах, — дзелавіта сказаў ён, — чалавек, які мне патрэбны. Нехта Мак Сім. Ты ўпёк яго на перавыхаваньне, памятаеш?
— Не, — сказаў пракурор шчыра. Ён адчуў некаторае расчараваньне. — А калі я яго ўпёк? Па якой справе?
— Нядаўна. Па справе пра выбух вежы.
— А, памятаю... Ну і што?
— Усё, — сказаў Вандроўнік. — Ён мне патрэбны.
— Пачакай, — сказаў пракурор з прыкрасьцю. — Працэс вёў ня я, не магу ж я памятаць кожнага асуджанага.
— А я думаў, гэта ўсё твае людзі, — сказаў Вандроўнік.
— Там быў толькі адзін мой, астатнія — сапраўдныя... Як, ты сказаў, яго завуць?
— Мак Сім.
— Мак Сім... — паўтарыў пракурор. — А! Гэты горскі шпіён... Памятаю. Там зь ім здарылася нейкая дзіўная гісторыя — яго расстралялі, і няўдала...
— Так, здаецца.
— Асілак нейкі незвычайны... Так, мне нешта дакладвалі... А навошта ён табе патрэбны?
— Гэта мутант, — сказаў Вандроўнік. — У яго цікавыя мэнтаграмы, і ён мне патрэбны для працы.
— Ускрываць яго будзеш?
— Магчыма. Мае людзі засяклі яго даўно, калі яго яшчэ выкарыстоўвалі ў Спэцыяльнай студыі, але потым ён уцёк...
Пракурор, зазнаючы наймацнейшае расчараваньне, набіў рот ягадамі.
— Добра, — сказаў ён, вяла жуючы. — Ну, а як у цябе справы?
— Як заўсёды — выдатна, — адказаў Вандроўнік. — У цябе, я чуў, таксама. Падкапаўся ткі пад Дзяргунчыка. Віншую... Дык калі я атрымаю свайго Мака?
— Да заўтра адпраўлю дэпэшу, дзён праз пяць-сем яго даставяць.
— Няўжо задарма? — сказаў Вандроўнік.
— Раблю ласку, — сказаў пракурор. — А што ты можаш мне прапанаваць?
— Першы ж ахоўны шлем.
Пракурор усьміхнуўся.
— І Сусьветнае Сьвятло ў прыдачу, — сказаў ён. — Між іншым, май на ўвазе: першы шлем мне не патрэбны. Мне патрэбны адзіны... Дарэчы, праўда, што тваёй бандзе даручылі распрацоўку накіраванага выпраменьвальніка?
— Магчыма, — сказаў Вандроўнік.
— Слухай, а на якое ліха нам гэта трэба? Мала ў нас непрыемнасьцяў? Прыціснуў бы ты гэтую працу, а?
Вандроўнік выскаліў зубы.
— Баішся, Разумнік? — сказаў ён.
— Баюся, — сказаў пракурор. — А ты не баішся? Ці ты, можа быць, уявіў, што ў цябе любоў зь Цесьцем на вякі? Ён жа цябе тваім жа выпраменьвальнікам... Гэта ж двойчы два.
Вандроўнік зноў выскаліўся.
— Пераканаў, — сказаў ён. — Дамовіліся... — Ён устаў. — Я зараз да Таты. Перадаць што-небудзь?
— Тата на мяне сярдуе, — сказаў пракурор. — Мне гэта па-чартоўску непрыемна.
— Добра, — сказаў Вандроўнік. — Я яму гэта перадам.
— Жарты жартамі, — сказаў пракурор, — а калі б ты замовіў слоўца...
— Ты ў нас разумнік, — сказаў Вандроўнік татавым голасам. — Паспрабую.
— Працэсам ён, прынамсі, задаволены?
— Адкуль я ведаю? Я толькі прыехаў.
— Ну вось, ведай... А наконт твайго... як ты яго назваў? Дай-ка я запішу...
— Мак Сім.
— Так... Наконт яго я заўтра ж.
— Бывай здаровы, — сказаў Вандроўнік і выйшаў.
Пракурор хмурна паглядзеў яму ўсьлед. Так, можна толькі пазайздросьціць. Вось становішча ў чалавека: адзіны, ад каго залежыць абарона. Позна шкадаваць, але, можа быць, варта было зь ім зблізіцца. Але як зь ім зблізішся? Яму нічога ня трэба, ён і так найважнейшы, усе мы ад яго залежым, усе мы на яго молімся... Ах, узяць бы такога чалавека за горла — як бы гэта было здорава! Калі б ён хоць што-небудзь хацеў! А то вось, калі ласка, — выхаванец яму патрэбны, каштоўнасьць нейкая... мэнтаграмы, ці бачыце, у яго цікавыя... Наогул выхаванец гэты — горац, а Тата апошнім часам штосьці часта гаворыць пра горцаў... Можа, варта заняцца... як там яшчэ з вайной атрымаецца, а Тата ёсьць Тата... Масаракш, працаваць усё роўна сёньня больш немагчыма... Ён сказаў у мікрафон: