— Кох, што вы маеце па асуджаным Сіме? — Ён раптам згадаў. — Вы, здаецца, складалі па ім нейкую кампіляцыю...
— Так, ваша яснавяльможнасць, — прашамацеў рэфэрэнт. — Я меў гонар зьвярнуць увагу вашае...
— Давайце сюды. І прынясіце яшчэ вады.
Ён паклаў навушнік, і адразу ж у дзьверы зьявіўся неадчувальны як цень рэфэрэнт. Перад пракурорам лягла на стол тоўстая тэчка, ціхенька бразнула шкло, булькнула вада, і побач з тэчкай узьнікла поўная шклянка. Пракурор сербануў, разглядаючы тэчку.
«Вынятка са справы Мака Сіма (Максіма Камэрэра). Падрыхтаваў рэферэнт Кох». Тоўстая нейкая, нічога сабе — вынятка... Ён раскрыў тэчку і ўзяў першы пачак збрашураваных лісткоў.
Паказаньні ротмістра Тоота... паказаньні падсуднага Гаала... Накідкі нейкага памежнага раёна на Поўдні... «Іншай вопраткі на ім не было. Мова падалася мне членараздзельнай, але зусім незразумелай. Спроба загаварыць зь ім па-ханційску не прывяла ні да чаго...» Вох ужо гэтыя мне памежныя ротмістры! Ханційскі шпіён на паўднёвай мяжы... «Малюнкі, выкананыя затрыманым, здаліся мне майстэрскімі і дзіўнымі...» Ну, на Поўдні шмат дзіўнага. На жаль. І абставіны зьяўленьня гэтага Сіма ня надта вылучаюцца на фоне іншых паўднёвых абставінаў. Хоць, вядома... Але паглядзім.
Пракурор адклаў пачак, выбраў дзьве буйнейшыя ягодкі, сунуў у рот і ўзяў наступны ліст. «Заключэньне экспэртнай камісіі ў складзе супрацоўнікаў Інстытуту тканін і адзеньня... Мы, ніжэйпадпісаныя... гм... так... так... абсьледавалі ўсімі даступнымі нам лябараторнымі мэтадамі тканіну прадмэта адзеньня, дасланага нам з Дэпартамэнта юстыцыі...» Лухта нейкая... «і прыйшлі да наступнай высновы: 1. Указаны прадмэт уяўляе сабой кароткія штаны чацьвёртага памеру другога росту, якія могуць быць выкарыстаныя для нашэньня як мужчынамі, так і жанчынамі; 2. Крой штаноў ня можа быць аднесены да якога-небудзь вядомага стандарту і ня можа, уласна, называцца кроем, бо штаны не пашытыя, а вырабленыя нейкім спосабам, нам невядомым; 3. Штаны вырабленыя зь мяккай пругкай тканіны серабрыстага колеру, якую, уласна, няможна называць тканінай, бо нават мікраскапічнае дасьледаваньне ня выявіла ў ёй структуры. Матэрыял гэты не гаручы, ня змочваецца і валодае надзвычайнай трываласьцю на парыў. Хімічны аналіз...» Дзіўныя штаны. Трэба разумець, што гэта ягоныя штаны... Пракурор узяў тонка адточаны аловак і напісаў на палях: «Рэфэрэнту. Чаму не даяце суправаджальнага тлумачэньня? Чые штаны? Адкуль штаны?» Так... А высновы? Формулы... Зноў формулы... масаракш, зноў формулы... Ага! «...Тэхналёгія невядомая ні ў нашай краіне, ні ў іншых цывілізаваных дзяржавах (па даваенных даных)».
Пракурор адклаў заключэньне. Ну, штаны... Няхай. Штаны ёсьць штаны... Што там далей?? «Акт мэдыцынскага агляду». Цікава. Што гэта ў яго такі крывяны ціск?... Ого, вось гэта лёгкія!… Што такое? Сьляды чатырох сьмяротных раненьняў... Гэта ўжо містыка. Ага... «Глядзі паказаньні сьведкі Чачу і абвінавачанага Гаала». Сем куляў — аднак! Гм... Некаторыя разыходжаньні маюць месца: Чачу паказвае, што ўжыў зброю з мэтай самаабароны і пад пагрозай сьмерці, а гэты Гаал сцьвярджае, быццам Сім толькі хацеў адабраць у Чачу пісталет. Ну, гэта не мая справа... Дзьве кулі ў печань — гэта занадта шмат для нармальнага чалавека... Та-ак, скручвае манэткі ў трубачку... бяжыць з чалавекам на плячах... Ага, гэта я ўжо чытаў. Памятаецца, на гэтым месцы я падумаў, што хлопец на рэдкасьць здаравенны і што звычайна такія дурныя. І далей чытаць ня стаў... А гэта што? А-а, стары прыяцель... «Выманьне з данясеньня агента №711»... «бачыць цалкам выразна дажджлівай ноччу (можа нават чытаць) і ў поўнай цемры (адрозьнівае прадмэты, бачыць выраз твару на адлегласьці да дзесяці мэтраў)... валодае вельмі чульлівым нюхам і смакам — адрозьніваў членаў групы па паху на адлегласьці да пяцідзесяці мэтраў, на спрэчку адрозьніваў напоі ў шчыльна закаркаваных сасудах... арыентуецца па краінах сьвету бяз компаса... зь вялікай дакладнасьцю вызначае час без гадзіньніка... меў месца наступны выпадак: была купленая і звараная рыба, якую ён забараніў нам есьці, сцьвярджаючы, што яна радыёактыўная. Будучы праверанай радыёмэтрам, рыба сапраўды выявілася радыёактыўнай. Зьвяртаю ўвагу на той факт, што сам ён гэтую рыбу зьеў, сказаўшы, што яму яна бясьпечная, і сапраўды, застаўся здаровы, хоць выпраменьваньне перавышала патройную санітарную норму (амаль 77 адзінак)»...