Выбрать главу

Пракурор адкінуўся ў крэсьле. Не, гэта ўжо занадта. Можа быць, ён яшчэ і бесьсьмяротны заадно? Так, Вандроўніку ўсё гэта мусіць быць цікава. Паглядзім, што там далей. Вось сур’ёзны дакумэнт. «Заключэньне Асобай камісіі Дэпартамэнта грамадзкага здароўя. Матэрыял: Мак Сім. Рэакцыя на белае выпраменьваньне адсутнічае. Супрацьпаказаньняў да нясеньня службы ў спэцыяльных войсках ня маецца». Ага... Гэта калі ён вербаваўся ў Гвардыю. Белае выпраменьваньне, масаракш... каты, чорт бы іх узяў... А гэта, значыць, іх экспэртыза для мэтаў сьледзтва...» Будучы выпрабаваным на белае выпраменьваньне розных інтэнсыўнасьцяў, ажно да максымальнай, ніякай рэакцыі ня выявіў. Рэакцыя на А-выпраменьваньне нулявая ў абодвух сэнсах. Рэакцыя на Б-выпраменьваньне нулявая. Заўвага: лічым сваім абавязкам далучыць, што дадзены матэрыял (Мак Сім, каля 20 гадоў) уяўляе небясьпеку з прычыны магчымых генэтычных наступстваў. Рэкамэндуецца поўная стэрылізацыя або зьнішчэньне...» Ого! Гэтыя не жартуюць. Хто там у іх цяпер? А, Аматар. Так, не жартаўнік, не жартаўнік, што й казаць. Памятаецца, Весялун-Жарэбчык распавядаў з гэтай нагоды выдатны анэкдот... масаракш, ня памятаю... А добра, нікога вакол няма. Вось мы зараз ягодку зьямо, вадзіцай зап’ем... вось гадасьць, але, кажуць, дапамагае... Добра. Што далей?

О-о, ён ужо і там пасьпеў пабываць! Ну-ка, ну-ка... Зноў, відаць, рэакцыя нулявая... «падвергнуты фарсаваным мэтадам, падсьледны Сім паказаньняў ня даў. У адпаведнасьці з параграфам 12 адносна непрычыненьня бачных фізычных пашкоджаньняў падсьледным, якім трэба будзе выступіць у адкрытым судовым пасяджэньні, ужываліся толькі: А. іглахірургія да найглыбейшай з пранікненьнем у нэрвовыя вузлы (рэакцыя парадаксальная, фарсуемы засынае); Б. хемаапрацоўка нэрвовых вузлоў алькалёйдамі і шчолачамі (рэакцыя аналягічная); В. сьветлавая камэра (рэакцыі няма, фарсуемы зьдзіўлены); Г. паратэрмічная камэра (страта вагі без непрыемных адчуваньняў). На гэтым апошнім прымяненьне фарсаваных мэтадаў давялося спыніць». Бр-р-р... Ну і папера! Так, Вандроўнік мае рацыю: гэта які-небудзь мутант. Нармальныя людзі так ня могуць... Так, я чуў, што здараюцца ўдалыя мутацыі, праўда, рэдка... Гэта ўсё тлумачыць... акрамя штаноў, зрэшты. Штаны, наколькі я разумею, не мутуюць...

Ён узяў наступны ліст. Папера апынулася нецікавай: паказаньне дырэктара Спэцыяльнай студыі пры Ўпраўленьні тэлебачаньня і радыёвяшчаньня. Дурацкая ўстанова. Запісваюць трызьненьне розных псыхаў на пацеху шаноўнай публікі. Памятаецца, гэтую студыю прыдумаў Калу-Махляр, які сам быў трохі таго... Трэба ж, захавалася студыя! Махляра даўно ўжо няма, а ідэя яго вар’яцкая квітнее... З паказаньняў дырэктара вынікае, што Сім быў узорным аб’ектам і што вельмі пажадана было б атрымаць яго назад... Стоп, стоп, стоп! «Перадаў у распараджэньне Дэпартамэнта спэцыяльных дасьледаваньняў на падставе ордэра нумар такога і такога ад такога і такога чысла...» І вось ён, ордэр, і падпісаны ён Фанкам... Пракурор адчуў нейкае слабое азарэньне. Фанк... Нешта ты тут, Вандроўнік... Не, ня будзем сьпяшацца з высновамі. Ён палічыў да трыццаці, каб супакоіцца, і ўзяў наступную паперу, дакладней, даволі тоўсты пачак папер: «Вынятка з акту Спэцыяльнае этналінгвістычнае камісіі па праверцы здагадкі аб горскім паходжаньні М. Сіма».

Ён пачаў расьсеяна чытаць, усё яшчэ думаючы пра Фанка і пра Вандроўніка, але нечакана для сябе зацікавіўся. Гэта было цікавае дасьледаваньне, у якім зводзіліся да кучы і абмяркоўваліся ўсе даносы, паказаньні і сьведчаньні відавочцаў, што так ці інакш закраналі пытаньне аб паходжаньні Мака Сіма; антрапалягічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя дадзеныя і іх аналіз; вынікі вывучэньня фанаграм, мэнтаграм і ўласнаручных малюнкаў падсьледнага. Усё гэта чыталася як раман, хоць высновы былі вельмі бедныя і асьцярожныя. Камісія не залічвае М. Сіма ні да адной зь вядомых этнічных групаў, якія жывуць на мацерыку. (Асабняком было прыведзена меркаваньне вядомага палеаантраполяга Шапшу, які ўгледзеў у чэрапе падсьледнага вялікае падабенства, але не ідэнтычнасьць, з выкапнёвым чэрапам так званага Чалавека Старажытнага, які жыў на Архіпэлягу больш за сто пяцьдзесят тысяч гадоў таму). Камісія сцьвярджала поўную псыхічную нармальнасьць падсьледнага ў сучасны момант, але дапускала, што ў нядаўнім мінулым ён мог пакутаваць на адну з формаў амнэзіі ў сукупнасьці зь інтэнсыўным выцясьненьнем сапраўднае памяці памяцьцю несапраўднай. Камісія зрабіла лінгвістычны аналіз фанаграмаў, што засталіся ў архіве Спэцыяльнай студыі, і прыйшла да высновы, што мова, на якой у той час размаўляў падсьледны, ня можа быць прылічанай ні да адной групы вядомых сучасных або мёртвых моваў. З гэтай нагоды камісія дапускала, што гэтая мова магла быць плёнам уяўленьня падсьледнага (так званая «рыбіна мова»), тым больш, што ў сучасны час ён, па ўласным сцьвярджэньні, гэтай мовы больш ня памятае. Камісія ўстрымліваецца ад пэўных высноваў, але схільная меркаваць, што ў асобе М. Сіма даводзіцца мець справу зь нейкім мутантам невядомага раней тыпу... Добрыя ідэі прыходзяць у разумныя галовы адначасова, з зайздрасьцю падумаў пракурор і хутка прабег «Асобнае меркаваньне члена камісіі прафэсара Порумаваруі». Прафэсар, сам горац па паходжаньні, нагадваў пра існаваньне ў глыбіні гор напаўлегендарнае краіны Зартак, населенай племем Птушкаловаў, якое да гэтага часу не патрапіла ў поле зроку этнаграфіі і якому цывілізаваныя горцы прыпісваюць валоданьне магічнымі навукамі і здольнасьцю лётаць па паветры без апаратаў. Птушкаловы, па расповедах, надзвычай рослыя, валодаюць велізарнай фізычнай сілай і трываласьцю, а таксама маюць скуру карычнева-залацістага адценьня. Усё гэта дзіўна супадае зь фізычнымі асаблівасьцямі падсьледнага... Пракурор пагуляў алоўкам над прафэсарам Пору... і гэтак далей, потым адклаў аловак і гучна сказаў: «Пад гэтае меркаваньне, бадай, і штаны падыдуць. Незгаральныя штаны...»