Выбрать главу

Ён зьеў ягодку і праглядзеў наступны ліст. «Вынятка са стэнаграмы судовага працэсу». Гм... Гэта яшчэ навошта? «АБВІНАВАЎЦА: Вы ня будзеце адмаўляць, што вы — адукаваны чалавек? АБВІНАВАЧАНЫ: Я маю адукацыю, але ў гісторыі, сацыялёгіі і эканоміцы разьбіраюся вельмі дрэнна. АБВІНАВАЎЦА: ня скромнічайце. Вам знаёмая гэтая кніга? АБВІНАВАЧАНЫ: Так. АБВІНАВАЎЦА: Вы чыталі яе? АБВІНАВАЧАНЫ: Натуральна. АБВІНАВАЎЦА: Зь якой мэтай вы, знаходзячыся пад сьледзтвам, у турме, заняліся чытаньнем манаграфіі «тэнзарнае вылічэньне і сучасная фізыка»? АБВІНАВАЧАНЫ: Не разумею... Для задавальненьня... з мэтай забавы, калі заўгодна... Там ёсьць вельмі забаўныя старонкі. АБВІНАВАЎЦА: Я думаю, суду ясна, што толькі вельмі адукаваны чалавек стане чытаць такое спэцыяльнае дасьледаваньне для забавы і для задавальненьня...» Што за лухта? Навошта мне гэта падсоўваюць? А далей? Масаракш, зноў працэс... «АБАРОНЦА: Вам вядома, якія сродкі вылучаюць Невядомыя Айцы на пераадоленьне дзіцячай злачыннасьці? АБВІНАВАЧАНЫ: Не зусім вас разумею. Што такое «дзіцячая злачыннасьць»? Злачынствы супраць дзяцей? АБАРОНЦА: Не. Злачынствы, зьдзейсненыя дзецьмі. АБВІНАВАЧАНЫ: Я не разумею. Дзеці ня могуць зьдзяйсьняць злачынстваў...» Гм, забаўна... А што там у канцы? «АБАРОНЦА: Я спадзяюся, мне ўдалося паказаць суду наіўнасьць майго падабароннага, якая даходзіць да жыцьцёвага ідыятызму. Падабаронны выступаў супраць дзяржавы, ня маючы пра яе ні найменшага ўяўленьня. Яму невядомыя паняцьці дзіцячай злачыннасьці, дабрачыннасьці, сацыяльнага памаганьня...» Пракурор усьміхнуўся і адклаў лісток. Зразумела. Сапраўды, дзіўнае спалучэньне: матэматыка, фізыка для задавальненьня, а элемэнтарных рэчаў ня ведае. Проста-ткі дзівак-прафэсар з дрэннага рамана.

Пракурор прагледзеў яшчэ некалькі лісткоў. Незразумела, Мак, што гэта ты так трымаешся за гэтую самачку... як яе... Рада Гаал. Любоўнай сувязі ў цябе зь ёю няма, нічым ты ёй не абавязаны, і агульнага ў вас няма зь ёю нічога; дурань-абвінаваўца абсалютна дарма спрабуе прыблытаць яе да падпольля... А ствараецца ўражаньне, што трымаючы яе пад прыцэлам, можна прымусіць цябе рабіць усё, што заўгодна. Вельмі карысная якасьць — для нас, а для цябе вельмі нязручная... Та-ак, увогуле, усе гэтыя паказаньні зводзяцца да таго, што ты, братка, раб свайго слова і ўвогуле чалавек нягнуткі. Палітычны дзеяч зь цябе б не атрымаўся. І ня трэба... Гм, фатаграфіі... Вось ты які. Прыемны твар, вельмі, вельмі... Вочы дзіўнаватыя... Дзе гэта цябе здымалі? На лаве падсудных... Ты глядзі ж, сьвежы, бадзёры, вочы ясныя, поза бяспрымусная. Дзе гэта цябе навучылі так зґрабна сядзець і наогул трымацца, бо лава падсудных — накшталт майго крэсла, бяспрымусна на ёй не пасядзіш... Цікавы, цікавы чалавечак... Зрэшты, усё гэта глупства, ня ў гэтым справа.

Пракурор вылез з-за стала і прайшоўся па кабінэце. Штосьці салодка казытала ў мозґу, штосьці ўзбуджала і падштурхоўвала... Штосьці я знайшоў у гэтай тэчцы... нешта важнае... нешта найважнейшае... Фанк? Так, гэта важна, бо Вандроўнік ужывае свайго Фанка толькі па вельмі важных, найважнейшых справах. Але Фанк — гэта толькі пацьвярджэньне, а што ж найгалоўнейшае? Штаны?... Глупства... А! Так-так-так. Гэтага ў тэчцы няма. Ён узяў навушнік.