— Кох. Што там было з нападам на канвой?
— Чатырнаццаць сутак таму, — зараз жа зашамацеў рэфэрэнт, нібы чытаючы загадзя падрыхтаваны тэкст, — у васемнаццаць гадзін трыццаць тры хвіліны на паліцэйскія машыны, што перапраўлялі падсудных па справе нумар 6981-84 з будынка суда ў гарадзкую турму быў зьдзейсьнены ўзброены напад. Напад быў адбіты, у перастрэлцы адзін з тых, хто нападаў быў цяжка паранены і памёр, не прыходзячы ў прытомнасьць. Труп не апазнаны. Справа аб нападзе спынена.
— Чыя работа?
— Высьветліць не ўдалося.
— То бок?
— Афіцыйнае падпольле ня мае да гэтага ніякага дачыненьня.
— Меркаваньні?
— Магчыма, дзейнічалі прадстаўнікі левага крыла падпольля, якія спрабавалі вызваліць падсуднага Дэка Поту па мянушцы «Генэрал». Дэк Поту — адказны і дасьведчаны работнік штабу, вядомы цеснымі сувязямі зь левым крылом...
Пракурор кінуў навушнік. Што ж, усё гэта можа быць. І ўсё гэта можа быць ня так... Ну-ка, перагартаем яшчэ раз. Паўднёвая мяжа, дурань-ротмістр... Штаны... Бяжыць з чалавекам на плячах... Радыёактыўная рыба, 77 адзінак... Рэакцыя на А-выпраменьваньне... Хемаапрацоўка нэрвовых вузлоў... Стоп! Рэакцыя на А-выпраменьваньне. «Рэакцыя на А-выпраменьваньне нулявая ў абодвух сэнсах». Нулявая. У абодвух сэнсах. Пракурор прыціснуў далоньню сэрца, якое моцна забілася. Ідыёт! НУЛЯВАЯ Ў АБОДВУХ СЭНСАХ!
Ён зноў схапіў навушнік.
— Кох! Неадкладна падрыхтаваць спэцыяльнага кур’ера з аховай. Асобны вагон на поўдзень... Не! Маю электраматрысу... Масаракш! — ён пасьпешліва сунуў руку ў скрыню і выключыў усе рэгіструючыя апараты. — Дзейнічайце!
Усё яшчэ прыціскаючы левую руку да сэрца, ён дастаў зь бювара асабісты блянк і стаў хутка, але разборліва пісаць: «Дзяржаўная важнасьць. Цалкам сакрэтна. Генэрал-камэнданту Асаблівай Паўднёвай Акругі. Пад асабістую сугубую адказнасьць — да тэрміновага няўхільнага выкананьня. Неадкладна перадаць у апеку падаўца гэтага загаду выхаванца Мака Сіма, справа № 6983. З моманту перадачы лічыць асуджанага Мака Сіма зьніклым бязь вестак, пра што мець у архівах адпаведныя дакумэнты. Дзяржаўны пракурор...»
Ён схапіў другі блянк: «Прадпісаньне. Гэтым загадваю ўсім чынам ваеннай, грамадзянскай і чыгуначнай адміністрацыі аказваць прад’яўніку гэтага, спэцыяльнаму кур’еру дзяржаўнай пракуратуры з аховай, што яго суправаджае, садзейнічаньне па катэгорыі ЭКСТРА. Дзяржаўны пракурор...»
Потым ён дапіў шклянку, наліў яшчэ і ўжо павольна, абдумваючы кожнае слова, пачаў на трэцім блянку: «Дарагі Вандроўнік! Атрымалася дурная гісторыя. Як толькі што высьветлілася, цікавы табе матэрыял прапаў бязь вестак, як гэта часьцяком бывае ў паўднёвых джунглях...»
Частка чацьвёртая. Выхаванец
13
Першым стрэлам яму раздрабіла гусеніцу, і яно ўпершыню за дваццаць зь лішнім гадоў пакінула разьежджаную каляіну, выварочваючы абломкі бэтону, уламіліся ў гушчар і пачало павольна паварочвацца на месцы, з хрустам навальваючыся шырокім ілбом на хмызьняк, адштурхоўваючы ад сябе ўздрыгваючыя дрэвы, і калі яно паказала неабсяжную брудную карму зь лістом жалеза, які матляўся на іржавых заклёпках, Зэф акуратна і дакладна, так, каб, барані бог, не закрануць катла, усадзіў яму фугасны зарад у рухавік — у мускулы, у сухажыльлі, у нэрвовыя спляценьні, — і яно ахнула жалезным голасам, выкінула з сучляненьняў клуб распаленага дыму і спынілася назаўжды, але штосьці яшчэ жыло ў яго нячыстых браняваных нетрах, нейкія ацалелыя нэрвы яшчэ працягвалі пасылаць бессэнсоўныя сыгналы, яшчэ ўключаліся і тут жа выключаліся аварыйныя сыстэмы, шыпелі, пляваліся пенай, і яно яшчэ друзла трапятала, ледзь-ледзь скрабучы ацалелай гусеніцай, і грозна і бессэнсоўна, як бруха расьціснутай асы, падымалася і апускалася над канаючым цмокам аблезлая рашэцістая труба ракетнай устаноўкі. Некалькі сэкундаў Зэф глядзеў на гэтую агонію, а потым павярнуўся і пайшоў у лес, цягнучы гранатамёт за рэмень. Максім і Вяпрук рушылі сьледам, і яны выйшлі на ціхі лужок, які Зэф напэўна запрыкмеціў яшчэ па дарозе сюды, паваліліся ў траву, і Зэф сказаў: «Закурым».
Ён згарнуў цыгарку аднарукаму, даў яму прыкурыць і закурыў сам. Максім ляжаў, паклаўшы падбародак на рукі, і скрозь рэдкалесьсе ўсё глядзеў, як памірае жалезны цмок — жаласна бразгоча нейкімі апошнімі шасьцярэнькі і са сьвістам выпускае з разадраных вантробаў бруі радыёактыўнае пары.