Выбрать главу

— Вось так і толькі так, — сказаў Зэф мэнтарскім тонам. — А калі будзеш рабіць ня так — надзяру вушы.

— Чаму? — спытаў Максім. — Я хацеў яго спыніць.

— А таму, — адказаў Зэф, — што граната магла рыкашэтам засадзіць у ракету, і тады нам быў бы карачун.

— Я цэліўся ў гусеніцу, — сказаў Максім.

— А трэба цэліцца ў карму, — сказаў Зэф. Ён зацягнуўся. — І наогул, пакуль ты пачатковец, нікуды ня лезь раней за ўсіх. Хіба што я цябе папрашу. Зразумеў?

— Зразумеў, — сказаў Максім.

Усе гэтыя тонкасьці Зэфа яго не цікавілі. І сам Зэф яго ня вельмі цікавіў. Яго цікавіў Вяпрук. Але Вяпрук, як заўсёды, абыякава маўчаў, паклаўшы штучную руку на абшарпаны кажух мінашукальніка. Усё было, як заўсёды, і ўсё было ня так, як хацелася.

Калі тыдзень таму новапрыбылых выхаванцаў выстраілі перад баракамі, Зэф прама падышоў да Максіма і ўзяў яго ў свой сто чатырнаццаты атрад сапёраў. Максім узрадаваўся. Ён адразу пазнаў тую агнявую барадзішчу і квадратную каржакаватую постаць, і яму было прыемна, што яго пазналі ў гэтым душным клецістым натоўпе, дзе ўсім было напляваць на кожнага і нікому ні да каго не было справы. Акрамя таго, у Максіма былі ўсе падставы меркаваць, што Зэф — былы славуты псыхіятр Алу Зэф, чалавек адукаваны і інтэлігентны, не раўня напаўкрымінальнаму зброду, якім быў набіты арыштанскі вагон, — знаходзіўся тут за палітыку і неяк зьвязаны з падпольлем. А калі Зэф прывёў яго ў барак і паказаў месца на нарах побач з аднарукім Вепруком, Максім вырашыў быў, што лёс ягоны тут канчаткова вызначыўся. Але вельмі хутка ён зразумеў, што памыліўся. Вяпрук не пажадаў размаўляць. Ён выслухаў шпаркі, шэптам, аповяд Максіма пра лёс групы, пра выбух вежы, пра працэс, няпэўна, скрозь зявок, прамямліў: «Бывае й не такое...» і лёг, адвярнуўшыся. Максім адчуў сябе падманутым, і тут на нары забраўся Зэф. «Здорава я зараз нажэрся», — бурчачы і адрыгваючыся паведаміў ён Максіму і, без усякага пераходу, нахабна, з прымітыўнай назойлівасьцю пачаў выцягваць зь яго імёны і яўкі. Можа быць, ён калі-небудзь і быў знакамітым навукоўцам, адукаваным і інтэлігентным чалавекам, можа быць і нават беспамылкова, ён меў нейкае дачыненьне да падпольля, але цяпер ён рабіў уражаньне звычайнага нажратага правакатара, які вырашыў ад няма чаго рабіць, на сон будучы, апрацаваць дурнога навака. Максім адкараскаўся ад яго не без намаганьняў, а калі Зэф раптам захроп сытым задаволеным храпам, яшчэ доўга ляжаў бяз сну, згадваючы, колькі разоў яго тут ужо падманвалі людзі і абставіны.

Нэрвы яго разыходзіліся. Ён прыгадаў працэс, агідны і хлусьлівы, увесь загадзя адрэпэціраваны, падрыхтаваны яшчэ да таго, як група атрымала загад напасьці на вежу, і пісьмовыя даносы нейкай сволачы, якая ведала пра групу ўсё і была, можа быць, нават членам групы, і фільм, зьняты зь вежы падчас нападу, і свой сорам, калі ён пазнаў на экране сябе самога, што паліў з аўтамата па пражэктарах... не, па юпітэрах, якія асьвятлялі сцэну гэтага страшнага спэктакля... У наглуха закаркаваным бараку было агідна душна, кусаліся паразіты, выхаванцы трызьнілі, а ў далёкім куце бараку пры сьвятле самаробнай сьвечкі рэзаліся ў карты і хрыпла крычалі адзін на аднаго прывілеяваныя.

А на другі дзень падмануў Максіма і лес. Тут кроку нельга было ступіць, не натыкнуўшыся на жалеза: на мёртвае, праржавелае наскрозь жалеза, гатовае ў кожную хвіліну забіць; на жалеза, якое таемна варушылася і цэлілася; на жалеза, якое рухалася, сьлепа і бесталкова разарваючы рэшткі дарог. Зямля і трава аддавалі іржой, на дне лагчынаў зьбіраліся радыеактыўныя лужыны, птушкі не сьпявалі, а хрыпла лямантавалі, нібы ў перадсьмяротнай тузе, жывёл не было, і не было нават лясное цішыні — то справа, то зьлева бухалі і грукаталі выбухі, у галінах клубіўся шызы гар, а парывы ​​ветру даносілі роў зношаных рухавікоў...

І так пайшло: дзень-ноч, дзень-ноч. Удзень яны сыходзілі ў лес, які ня быў лесам, а быў старадаўнім умацаваным раёнам. Ён быў літаральна нафаршыраваны аўтаматычнымі баявымі прыладамі, самарушнымі гарматамі, ракетамі на гусеніцах, агнямётамі, газамётамі, і ўсё гэта не памерла за дваццаць зь лішнім гадоў, усё працягвала жыць сваім непатрэбным мэханічным жыцьцём, усё працягвала цэліцца, наводзіцца, вырыгваць сьвінец, агонь, сьмерць, і ўсё гэта трэба было заціснуць, падарваць, забіць, каб расчысьціць трасу для будаўніцтва новых выпраменьвальных вежаў. А ўночы Вяпрук па-ранейшаму маўчаў, а Зэф зноў і зноў чапляўся да Максіма з роспытамі і быў то прамалінейны да глупства, то хітрамудры і спрытны на зьдзіўленьне. І была грубая ежа, і дзіўныя песьні выхаванцаў, і кагосьці білі па твары гвардзейцы, і двойчы ў дзень усё ў бараках і ў лесе курчыліся пад прамянёвымі ўдарамі, і разгойдваліся на ветры павешаныя ўцекачы...