— У цемры я бачу, — сказаў Максім, — а вось з-за вашага ліхтарыка нічога разабраць не магу... Давайце я пойду наперадзе, а вы застанецеся. А то мы так нічога й не даведаемся.
— Н-ну, як хочаш... — вымавіў Зэф нязвыкла-няўпэўненым голасам.
Максім зноў зажмурыўся, адпачыў ад нявернага сьвятла, прыгнуўся і пайшоў уздоўж сьцяны, імкнучыся ніяк не шумець. Невядомы быў недзе недалёка, і Максім набліжаўся да яго з кожным крокам. Калідору канца не было. Справа аб’явіліся дзьверы, усе яны былі жалезныя і ўсе зачыненыя. Насустрач цягнула скразьнячком. Паветра было сыраватае, напоўненае пахам цьвілі і яшчэ таго, невядомага, жывога і цёплага. Ззаду асьцярожна шумеў Зэф, яму было не па сабе, і ён баяўся адстаць. Адчуўшы гэта, Максім засьмяяўся сам сабе. Ён адцягнуўся літаральна на сэкунду, і за гэтую сэкунду невядомы наперадзе зьнік. Максім спыніўся ў зьдзіўленьні. Невядомы толькі што быў наперадзе, зусім побач, а затым у адно імгненьне нібы растварыўся ў паветры і гэтак жа імгненна паўстаў за сьпіной, таксама зусім побач.
— Зэф! — паклікаў Максім.
— Так! — гулка адгукнуўся рыжабароды.
Максім уявіў сабе, як невядомы стаіць паміж імі і паварочвае галаву на галасы.
— Ён паміж намі, — сказаў Максім. — Ня ўздумайце страляць.
— Ладна, — сказаў Зэф пасьля паўзы. — Ні д’ябла ня бачу, — паведаміў ён. — Як ён выглядае?
— Ня ведаю, — адказаў Максім. — Мяккае.
— Жывёла?
— Не падобна, — сказаў Максім.
— Ты ж сказаў, што бачыш у цемры.
— Я не вачыма бачу, — сказаў Максім. — Памаўчыце.
— Не вачыма... — прабурчаў Зэф і заціх.
Невядомы пастаяў, перасёк калідор, зьнік і празь некаторы час зноў зьявіўся наперадзе. Яму таксама цікава, падумаў Максім. Ён вельмі імкнуўся выклікаць у сабе пачуцьцё сымпатыі да гэтай істоты, але нешта перашкаджала — верагодна, непрыемнае спалучэньне незьвярынага інтэлекту з напаўзьвярынай зьнешнасьцю. Ён зноў пайшоў наперад. Невядомы адступаў, захоўваючы пастаянную дыстанцыю.
— Як справы? — спытаў Зэф.
— Усё тое ж, — адказаў Максім. — Магчыма, ён нас кудысьці вядзе або заваблівае.
— А справімся? — спытаў Зэф.
— Ён не зьбіраецца нападаць, — сказаў Максім. — Яму самому цікава.
Ён змоўк, бо невядомы зноў зьнік, і Максім зараз жа адчуў, што калідор скончыўся. Вакол было вялікае памяшканьне. Усё ж ткі тут было занадта цёмна. Максім амаль нічога ня бачыў. Ён адчуваў прысутнасьць мэталу, шкла, папахвала іржой, і быў тут ток высокага напружаньня. Некалькі сэкундаў Максім стаяў нерухома, потым, разабраўшы, дзе выключальнік, пацягнуўся да яго, але тут незнаёмы зьявіўся зноў. І не адзін. Зь ім быў другі, падобны, але не дакладна такі ж. Яны стаялі ля тое самае сьцяны, што і Максім, ён чуў іх дыханьне — частае і вільготнае. Ён замер, спадзеючыся, што яны падыдуць бліжэй, але яны не падыходзілі, і тады ён, з усіх сілаў звузіўшы зрэнкі, націснуў на клавішу выключальніка.
Па-відаць, нешта было не ў парадку ў ланцугу — лямпы ўспыхнулі толькі на долю сэкунды, дзесьці з трэскам лопнулі засьцерагальнікі, і сьвятло зноў згасла, але Максім пасьпеў убачыць, што невядомыя істоты былі невялікія, ростам з буйнога сабаку, стаялі на карачках, былі пакрытыя цёмнай шэрсьцю, і мелі вялікія цяжкія галовы. Вочы іхныя Максім разгледзець не пасьпеў. Істоты зараз жа зьніклі, як быццам іх і не было.
— Што там у цябе? — спытаў Зэф трывожна. — Што за ўспышка?
— Я запальваў сьвятло, — адазваўся Максім. — Ідзіце сюды.
— А дзе гэты? Ты яго бачыў?
— Амаль ня бачыў. Падобныя ўсё ж ткі на жывёл. Як тыя сабакі зь вялікімі галовамі...
Па сьценах заскакалі водсьветы ліхтарыка. Зэф казаў на хаду:
— А, сабакі... Ведаю, жывуць тут такія ў лесе. Жывых я іх, праўда, ніколі ня бачыў, але падстрэленых — шмат разоў...
— Не, — сказаў Максім з сумневам. — Гэта ўсё ж ткі не жывёлы.
— Жывёлы, жывёлы, — сказаў Зэф. Голас яго гулка аддаўся пад высокім скляпеньнем. — Дарма мы з табой спалохаліся. Я падумаў быў, што гэта ваўкалакі... Масаракш! Ды гэта ж Крэпасьць!
Ён спыніўся пасярэдзіне памяшканьня, шнарачы прамянём па сьценах, па шэрагах цыфэрблятаў, па разьмеркавальных шчытах. Зіхацела шкло, нікель, выцьвілая плястмаса.
— Ну, віншую, Мак. Усё ж ткі мы яе з табой знайшлі. Дарма я ня верыў. Дарма... А гэта што такое? Ага... Гэта электронны мозґ, і ўсё ж пад токам. Ах, каб чорт узяў, сюды б Каваля... Слухай, а ты нічога ў гэтым не разумееш?
— У чым менавіта? — спытаў Максім, падыходзячы.
— Вось ва ўсёй гэтай механіцы... Гэта ж пульт кіраваньня! Калі ў ім разабрацца — увесь край наш! Уся гэтая тэхніка наверсе кіруецца адсюль! Ах, калі б разабрацца, масаракш!...