Максім адабраў у яго ліхтарык, паставіў так, каб сьвятло расьсейвалася па памяшканьні, і агледзеўся. Усюды ляжаў пыл, ляжаў ужо шмат гадоў, а на стале ў куце, на раскладзенай сатлелай паперы стаяла талерка, заляпаная чорным, і побач — відэлец. Максім прайшоўся ўздоўж пультаў, дакрануўся да вэрньераў, паспрабаваў уключыць электронную машыну, узяўся за нейкі рубільнік — рукаяць засталася ў яго ў пальцах...
— Наўрад ці, — сказаў ён, нарэшце. — Наўрад ці адсюль можна чым-небудзь асаблівым кіраваць. Па-першае, занадта тут усё проста, хутчэй за ўсё гэта альбо станцыя назіраньня, альбо адна з кантрольных падстанцыяў... тут усё нейкае дапаможнае... і машына слабая, ня хопіць нават, каб дзесяткам танкаў кіраваць... А потым тут жа ўсё развалілася, ні да чаго нельга дакрануцца. Ток, праўда, ёсьць, але напружаньне ніжэй за норму, кацёл, напэўна, зусім забіла... Не, Зэф, усё гэта ня так проста, як вам здаецца.
Ён раптам заўважыў доўгія трубкі, злучаныя гумовымі навочнікам, якія тырчалі са сьцяны, падсунуў алюмініевае крэсла, сеў і сунуў твар у навочнік. Да яго зьдзіўленьня оптыка аказалася ў цудоўным стане, але яшчэ больш ён зьдзівіўся таму, што ўбачыў. У полі яго зроку быў зусім незнаёмы краявід: бела-жоўтая пустыня, пясчаныя выдмы, каркас нейкага мэталічнага збудаваньня... Там дзьмуў моцны вецер, беглі па выдмах струменьчыкі пяску, мутны гарызонт заварочваўся чашай.
— Паглядзіце, — сказаў ён Зэфу. — Дзе гэта?
Зэф прыхіліў гранатамёт да пульта, падышоў і паглядзеў.
— Дзіўна, — сказаў ён пасьля паўзы. — Тут пустыня. Гэта, сябра мой, ад нас кілямэтраў чатырыста... — Ён адсунуўся ад акуляраў і падняў вочы на Максіма. — Колькі ж яны працы ва ўсё гэта ўбілі, мярзотнікі... А што толку? Вунь вецер гуляе па пясках, а які гэта быў край!... Мяне да вайны хлапчуком яшчэ на курорт вазілі... — Ён устаў. — Пайшлi адсюль да чорта, — сказаў ён горка і ўзяў ліхтарык. — Мы з табой тут нічога не зразумеем. Давядзецца чакаць, калі Каваля сцапаюць і пасадзяць... Толькі яго не пасадзяць, а расстраляюць, напэўна... Ну, хадзем?
— Так, — сказаў Максім. Ён разглядаў дзіўныя сьляды на падлозе. — Вось гэта мяне цікавіць значна больш, — паведаміў ён.
— І дарэмна, — сказаў Зэф. — Тут, напэўна, шмат усякае зьверыны бегае...
Ён закінуў за сьпіну гранатамёт і пайшоў да выхаду з залі. Максім, азіраючыся на сьляды, рушыў за ім.
— Жэрці хочацца, — сказаў Зэф.
Яны пайшлі па калідоры. Максім прапанаваў узламаць адны зь дзьвярэй, але на думку Зэфа гэта было ні да чаго. Гэтай справай трэба займацца сур’ёзна, сказаў ён. Што мы тут будзем час марнаваць, мы яшчэ норму не адпрацавалі, а сюды трэба прыйсьці з дасьведчаным чалавекам...
— На вашым месцы, — запярэчыў Максім, — я б ня вельмі разьлічваў на гэтую вашую Крэпасьць. Па-першае, тут усё згніло, а па-другое, яна ўжо занятая.
— Кім гэта? Ах, ты зноў пра сабакаў?... І ты туды ж. Тыя пра ваўкалакаў паўтараюць, а ты...
Зэф замоўк. Па калідоры пранёсься гартанны крык, шматразовым рэхам адбіўся ад сьценаў і заціх. І адразу ж, аднекуль здалёк адгукнуўся іншы такі ж голас. Гэта былі вельмі знаёмыя гукі, але Максім ніяк ня мог згадаць, дзе іх чуў.
— Дык вось хто гэта крычыць па начах! — сказаў Зэф. — А мы думалі — птушкі...
— Дзіўны крык, — сказаў Максім.
— Дзіўны — ня ведаю, — запярэчыў Зэф. — Але страшнаваты. Уначы як пачнуць крычаць па ўсім лесе — душа трасецца. Колькі аб гэтых крыках казак расказваюць... Быў адзін крымінальнік, так ён выхваляўся, быццам ведае гэтую мову. Перакладаў.
— І што ж ён перакладаў? — спытаў Максім.
— А, лухта. Якая там мова...
— А дзе гэты крымінальнік?
— Ды яго зьелі, — сказаў Зэф. — Ён быў у будаўніках, партыя ў лесе заблукала, хлопцы прагаладаліся і, сам разумееш...
Яны павярнулі налева, і далёка наперадзе паказалася смутная бледная пляма сьвятла. Зэф выключыў ліхтарык і схаваў у кішэню. Ён ішоў цяпер наперадзе, і калі рэзка спыніўся, Максім ледзь не наляцеў на яго.
— Масаракш, — прамармытаў Зэф.
На падлозе ўпоперак калідора ляжаў чалавечы касьцяк.
Зэф зьняў з пляча гранатамёт і агледзеўся.
— Гэтага тут не было, — прамармытаў ён.
— Так, — сказаў Максім. — Яго толькі што паклалі.
Ззаду, у глыбіні падзямельля, раптам грымнуў цэлы хор гартанных працяжных лямантаў. Ляманты мяшаліся з рэхам, здавалася, што лямантуе тысяча глотак, і ўсе яны лямантавалі хорам, нібы скандуючы нейкае дзіўнае слова з чатырох складоў. Максіму здаўся зьдзек, выклік, насьмешка. Затым хор змоўк гэтак жа раптоўна, як пачаўся. Зэф шумна перавёў дыханьне і апусьціў гранатамёт. Максім зноў паглядзеў на шкілет.