— Па-мойму, гэта намёк, — сказаў ён.
— Па-мойму, таксама, — прабурчаў Зэф. — Хадзем хутчэй.
Яны хутка дайшлі да пралому ў столі, забраліся на земляную кучу і ўбачылі над сабой растрывожаны твар Вепрука. Ён ляжаў грудзьмі на краі пралому, спусьціўшы ўніз вяроўку зь пятлёй.
— Што там у вас? — спытаў ён. — Гэта вы крычалі?
— Зараз распавядзем, — сказаў Зэф. — Вяроўку замацаваў?
Яны выбраліся наверх, Зэф скруціў сабе і аднарукаму па цыгарцы, запаліў і некаторы час маўчаў, мабыць, спрабуючы скласьці нейкае меркаваньне пра тое, што адбылося.
— Добра, — сказаў ён, нарэшце. — Коратка — было вось што. Гэта — Крэпасьць. Там ёсьць пульты, мозґ і ўсё такое. Усё ў жаласным стане, але энэргія ёсьць, і карысьць мы з гэтага здабудзем, трэба толькі знайсьці людзей, якія разумеюць... Далей. — Ён глыбока зацягнуўся і, шырока раскрыўшы рот, выпусьціў клуб дыму — зусім як сапсаваны газамёт. — Далей. Мяркуючы па ўсім, там жывуць сабакі. Памятаеш, я табе распавядаў? Сабакі такія — галава, як у мядзьведзя. Крычалі яны... а калі падумаць, то можа й не яны, бо ведаеш... як бы табе сказаць... пакуль мы з Макам там блукалі, хтосьці выклаў у калідоры чалавечы шкілет. Вось і ўсё.
Аднарукі паглядзеў на яго, потым на Максіма.
— Мутанты? — спытаў ён.
— Магчыма, — сказаў Зэф. — Я наогул нiкога ня бачыў, а Мак кажа, што бачыў сабакаў... толькі не вачыма. Чым ты іх там бачыў, Мак?
— Вачыма я іх таксама бачыў, — сказаў Максім. — І хачу, дарэчы, дадаць, што нікога, акрамя гэтых вашых сабакаў, там не было, я б ведаў. І сабакі гэтыя вашыя — ня тое, што вы думаеце. Гэта не зьвяры.
Вяпрук нічога не сказаў. Ён падняўся, зматаў вяроўку, падвесіў яе да дзягі і зноў сеў побач з Зэфам.
— Чорт яго ведае, — прамармытаў Зэф. — Можа быць і не зьвяры... Тут усё можа быць. Тут у нас Поўдзень...
— А можа быць, гэтыя сабакі і ёсьць мутанты? — спытаў Максім.
— Не, — сказаў Зэф. — Мутанты — гэта проста вельмі выродлівыя людзі. І дзеці людзей самых звычайных. Мутанты. Ведаеш, што гэта такое?
— Ведаю, — сказаў Максім. — Але ўсё пытаньне ў тым, як далёка можа зайсьці мутацыя.
Некаторы час усе маўчалі, разважаючы. Потым Зэф сказаў:
— Ну, калі ты такі адукаваны, хопіць балбатаць. Пад’ём! — Ён падняўся. — Засталося нам небагата, але час падціскае. А жэрці ахвота... — ён падмігнуў Максіму, —... проста ткі паталягічна. Ты ведаеш, што такое «паталягічна»?
Максім сказаў, што ведае, і яны пайшлі.
Заставалася яшчэ расчысьціць паўднёва-заходнюю чвэрць квадрата, але нічога расчышчаць яны ня сталі. Нейкі час таму тут, верагодна, выбухнула нешта вельмі магутнае. Ад старога лесу засталіся толькі напаўзгнілыя паваленыя ствалы, ды абгарэлыя пні, зрэзаныя, як брытвай, а на ягоным месцы ўжо падняўся малады рэдкі лясок. Глеба пачарнела, абвуглілася і была нашпігаваная растрыбушанай іржой. Ніякая тэхніка не магла ацалець пасьля такога выбуху, і Максім зразумеў, што Зэф прывёў іх сюды не для працы.
Насустрач ім з хмызьняку вылез аброслы чалавек у брудным арыштанцкім балахоне. Максім пазнаў яго: гэта быў першы абарыген, якога ён сустрэў, стары напарнік Зэфа, сасуд сусьветнага смутку.
— Пачакайце, — сказаў Вяпрук, — я зь ім пагавару.
Зэф загадаў Максіму сесьці, дзе стаіць, сеў сам і пачаў перамотваць анучы, дудзячы ў бараду крымінальны раманс «Я хлопчык ліхі, мяне ведае ўскраіна». Вяпрук падышоў да сасуда смутку, і яны, аддаліўшыся за кусты, прыняліся размаўляць шэптам. Максім чуў іх выдатна, але зразумець нічога ня мог, бо гаварылі яны на нейкім жаргоне, і ён даведаўся толькі некалькі разоў паўторанае слова «пошта». Неўзабаве ён перастаў прыслухоўвацца. Ён адчуваў сябе стомленым, брудным, сёньня было занадта шмат бессэнсоўнай працы, бессэнсоўнага нэрвовага напружаньня, занадта доўга ён дыхаў сёньня ўсякай гадасьцю і прыняў занадта шмат рэнтген. І зноў за ўвесь гэты дзень не было зроблена нічога сапраўднага, нічога патрэбнага, і яму вельмі не хацелася вяртацца ў барак.
Потым сасуд смутку зьнік, а Вяпрук вярнуўся, сеў перад Максімам на пень і сказаў:
— Ну, давайце пагаворым.
— Усё ў парадку? — спытаў Зэф.
— Так, — сказаў Вяпрук.
— Я ж табе казаў, — сказаў Зэф, разглядаючы анучу на сьвет. — У мяне на такіх чуцьцё.
— Ну дык вось, Мак, — сказаў Вяпрук. — Мы вас праверылі, наколькі гэта магчыма пры нашым становішчы. Генэрал за вас ручаецца. Зь сёньняшняга дня вы будзеце падпарадкоўвацца мне.