Выбрать главу

— Вельмі рады, — сказаў Максім, крыва ўсьміхаючыся. Яму хацелася сказаць: «Бо ж за вас Генэрал перада мною не паручаўся», але ён толькі дадаў: — Слухаю вас.

— Генэрал паведамляе, што вы не баіцёся радыяцыі і не баіцёся выпраменьвальнікаў. Гэта праўда?

— Так.

— Значыць, вы ў любы момант можаце пераплысьці Блакітную Зьмяю, і гэта вам не пашкодзіць?

— Я ўжо сказаў, што магу ўцячы адсюль хоць зараз.

— Нам ня трэба, каб вы ўцякалі... Значыць, наколькі я разумею, патрульныя машыны вам таксама ня страшныя?

— Вы маеце на ўвазе перасоўныя выпраменьвальнікі? Не, ня страшныя.

— Вельмі добра, — сказаў Вяпрук. — Тады ваша задача на найбліжэйшы час цалкам вызначаецца. Вы будзеце сувязным. Калі я вам загадаю, вы пераплывяце раку і пашлеце з найбліжэйшага паштовага аддзяленьня тэлеграмы, якія я вам дам. Зразумела?

— Гэта мне зразумела, — павольна прамовіў Максім. — Мне не зразумела іншае...

Вяпрук глядзеў на яго, не міргаючы, — сухі, жылісты, скалечаны стары, халодны і бязьлітасны баец, сорак гадоў баец, а можа быць нават зь пялёнак баец, страшнае і захапляльнае спараджэньне сьвету, дзе вартасьць чалавечага жыцьця роўная нулю, які нічога ня ведае, акрамя змаганьня, — і ў яго ўважлівых прыжмураных вачах Максім як у кнізе чытаў свой лёс на бліжэйшыя некалькі гадоў.

— Так? — сказаў Вяпрук.

— Давайце дамовімся адразу, — цьвёрда сказаў Максім. — Я не жадаю дзейнічаць усьляпую. Я ня маю намеру займацца справамі, якія, на мой погляд, недарэчныя і не патрэбныя.

— Напрыклад? — сказаў Вяпрук.

— Я ведаю, што такое дысцыпліна. І я ведаю, што без дысцыпліны ўся нашая праца нічога ня вартая. Але я лічу, што дысцыпліна мусіць быць разумнай, падначалены мусіць быць упэўненым, што загад разумны. Вы загадваеце мне быць сувязным. Я гатовы быць сувязным, я прыдатны на большае, але калі гэта трэба, я буду сувязным. Але я мушу ведаць, што тэлеграмы, якія я дасылаю, ня паслужаць бессэнсоўнай гібелі і без таго няшчасных людзей...

Зэф задраў быў барадзішчу, але Вяпрук і Максім аднолькавым рухам спынілі яго.

— Мне было загадана падарваць вежу, — працягваў Максім. — Мне не тлумачылі, навошта гэта трэба. Я бачыў, што гэта дурная і сьмяротная справа, але я выканаў загад. Я страціў траіх таварышаў, а потым выявілася, што ўсё гэта — пастка дзяржаўнай пракуратуры. І я кажу: хопіць! Я больш не жадаю нападаць на вежы. І больш за тое, я маю намер усяляк перашкаджаць апэрацыям такога кшталту...

— Ну і дурань! — сказаў Зэф. — Сапляк.

— Чаму? — спытаў Максім.

— Пачакайце, Зэф, — сказаў Вяпрук. Ён па-ранейшаму не спускаў вачэй з Максіма. — Іншымі словамі, Мак, вы хочаце ведаць усе пляны штабу?

— Так, — сказаў Максім. — Я не хачу працаваць усьляпую.

— А ты, братка, нахабнік, — абвясьціў Зэф. — У мяне, братка, слоў не хапае, каб апісаць, які ты нахабнік!... Слухай, Вяпрук, а ён мне падабаецца. Не-е, вока ў мяне вернае...

— Вы патрабуеце занадта вялікага даверу, — холадна сказаў Вяпрук. — Такі давер трэба заслужыць на нізавой працы.

— А нізавая праца палягае ў тым, каб валіць дурныя вежы? — сказаў Максім. — Я, праўда, усяго некалькі месяцаў у падпольле, але ўвесь гэты час я чую толькі адно: вежы, вежы, вежы... А я не хачу валіць вежы, гэта бессэнсоўна! Я хачу біцца супраць тыраніі, супраць голаду, разрухі, карупцыі, хлусьні... супраць сыстэмы хлусьні, а ня супраць сыстэмы вежаў! Я разумею, вядома, вежы мучаць вас, проста фізычна мучаць... Але нават супраць вежаў вы выступаеце неяк па-дурному. Цалкам відавочна, што вежы рэтрансьляцыйныя, а значыць, трэба біць у цэнтр, а не скалупваць іх па адной...

Вяпрук і Зэф загаварылі адначасова.

— Адкуль вы ведаеце пра цэнтр? — спытаў Вяпрук.

— А дзе ты яго, гэты цэнтр, знойдзеш? — спытаў Зэф.

— Тое, што цэнтр павінен быць, ясна кожнаму хоць трохі пісьменнаму інжынэру, — сказаў Максім пагардліва. — А як знайсьці цэнтр — гэта і ёсьць задача, якой мы мусім займацца. Ня бегаць на кулямёты, не губіць дарма людзей, а шукаць цэнтр...

— Па-першае, гэта мы і безь цябе ведаем, — сказаў Зэф, закіпаючы. — А па-другое, масаракш, ніхто не загінуў дарма! Кожнаму хоць трохі пісьменнаму інжынэру, сапляк ты саплівы, мае быць зразумела, што паваліўшы некалькі вежаў, мы парушым сыстэму рэтрансьляцыі і зможам вызваліць цэлы раён! А для гэтага трэба ўмець валіць вежы. І мы вучымся гэта рабіць, разумееш ці не? І калі ты яшчэ раз, масаракш, скажаш, што нашыя хлопцы гінуць дарма...