Выбрать главу

— Пачакайце, — сказаў Максім. — Прыбярыце рукі. Вызваліць раён... Ну добра, а далей?

— Кожны сапляк прыходзіць тут і кажа, што мы гінем дарма, — сказаў Зэф.

— А далей? — настойліва паўтарыў Максім. — Гвардзейцы падвозяць выпраменьвальнікі, і вам канец?

— Дзе там! — сказаў Зэф. — За гэты час насельніцтва раёну пяройдзе на наш бок, і ня так проста ім будзе сунуцца. Адна справа — дзесятак так званых вырадкаў, а іншая справа — дзесятак тысяч азьвярэлых сялянаў...

— Зэф, Зэф! — перасьцерагальна сказаў Вяпрук.

Зэф нецярпліва адмахнуўся ад яго.

— ...Дзясятак тысяч азьвярэлых сялян, якія зразумелі і на ўсё жыцьцё запомнілі, што іх дваццаць гадоў бессаромна дурылі...

Вяпрук махнуў рукой і адвярнуўся.

— Чакайце, чакайце, — сказаў Максім. — Што гэта вы кажаце? Зь якой гэта ласкі яны раптам зразумеюць? Ды яны вас на кускі разарвуць. Бо яны жа лічаць, што гэта процібалістычная абарона...

— А ты што лічыш? — спытаў Зэф, дзіўна ўсьміхаючыся.

— Ну, я ж ведаю, — сказаў Максім. — Мне распавядалі...

— Хто?

— Доктар... і Генэрал... А што — гэта таямніца?

— Можа быць, хопіць на гэтую тэму? — сказаў Вяпрук ціха.

— А чаму — хопіць? — запярэчыў Зэф таксама неяк вельмі інтэлігентна. — Чаму, уласна, — хопіць, Вяпрук? Ты ведаеш, што я пра гэта думаю. Ты ведаеш, чаму я тут сяджу і чаму я тут застануся да канца жыцьця. А я ведаю, што думаеш з гэтай нагоды ты. Дык чаму ж — хопіць? Мы абодва лічым, што пра гэта трэба крычаць на ўсіх скрыжаваньнях, а калі даходзіць да справы — раптам згадваем пра падпольную дысцыпліну і прымаемся паслухмяна іграць на руку ўсім гэтым правадырыстам, лібэралам, асьветнікам, усім гэтым няўдалым Айцам... А цяпер перад намі гэты хлопчык. Ты ж бачыш, які ён. Няўжо й такія ня мусяць ведаць?

— Можа быць, менавіта такія і ня мусяць ведаць, — усё так жа ціха адказаў Вяпрук.

Максім, не разумеючы, пазiраў то на аднаго, то на другога. Яны раптам зрабіліся вельмі непадобнымі самі на сябе, яны неяк паніклі, і ў Вепруку ўжо не адчуваўся сталёвы стрыжань, аб які зламала зубы столькі пракуратураў і палявых судоў, а ў Зэфе зьнікла яго бесшабашная вульгарнасьць і прарэзалася нейкая туга, нейкі схаваны адчай, крыўда, пакорлівасьць... Нібы яны раптам згадалі нешта, на што мелі і сумленна намагаліся забыцца.

— Я распавяду яму, — сказаў Зэф. Ён не пытаўся дазволу і не раіўся. Ён проста паведамляў. Вяпрук прамаўчаў, і Зэф пачаў распавядаць.

Тое, што ён распавёў, было пачварна. Гэта было пачварна само па сабе, і гэта было пачварна таму, што больш не пакідала месца для сумневаў. Увесь час, пакуль ён гаварыў — нягучна, спакойна, чыстай інтэлігентнай мовай, ветліва замаўкаючы, калі Вяпрук устаўляў кароткія рэплікі, — Максім з усіх сілаў намагаўся знайсьці хоць які-небудзь прарэх у гэтай новай сыстэме сьвету, але яго намаганьні былі марныя. Карціна атрымлівалася стройная, прымітыўная, безнадзейна лягічная, яна тлумачыла ўсе вядомыя Максіму факты і не пакідала ніводнага факту нявытлумачаным. Гэта было найвялікшае і найстрашнейшае адкрыцьцё з усіх, якія Максім зрабіў на сваім населеным востраве.

Выпраменьваньне вежаў прызначалася не для вырадкаў. Яно дзейнічала на нэрвовую сыстэму кожнай чалавечай істоты гэтае плянэты. Фізыялягічны мэханізм узьдзеяньня вядомы ня быў, але сутнасьць гэтага ўздзеяньня зводзілася да таго, што мозґ апраменьваемага губляў здольнасьць да крытычнага аналізу рэчаіснасьці. Чалавек, які мысьліць, ператвараўся ў чалавека, які верыць, прычым верыць адчайна, фанатычна, насуперак рэальнасьці, якая б’е ў вочы. Чалавеку, які знаходзіўся ў полі выпраменьваньня, можна было найэлемэнтарнейшымі сродкамі ўнушыць усё, што заўгодна, і ён прымаў гэта як сьветлую і адзіную ісьціну і гатовы быў жыць для яе, пакутаваць за яе, паміраць за яе.

А поле было заўсёды. Непрыкметнае, усюдыіснае, усёпранікальнае. Яго бесьперапынна выпраменьвала гіганцкая сетка вежаў, што аблытвала краіну. Гіганцкім пыласосам яно выцягвала зь дзесяткаў мільёнаў душ усякае сумненьне наконт таго, што крычалі газэты, брашуры, радыё, тэлебачаньне, што паўтаралі настаўнікі ў школах і афіцэры ў казармах, што зіхацела нэонам упоперак вуліц, што абвяшчалася з амбонаў цэркваў. Невядомыя Айцы накіроўвалі волю і энэргію мільённых масаў, куды ім захочацца. Яны маглі прымусіць і прымушалі масы любіць сябе; маглі ўзбуджаць і ўзбуджалі няўтольную нянавісьць да ворагаў зьнешніх і ўнутраных; яны маглі б пры жаданьні накіраваць мільёны пад гарматы і кулямёты, і мільёны пайшлі б паміраць з захапленьнем; яны маглі б прымусіць мільёны забіваць адзін аднаго ў імя чаго заўгодна; яны маглі, калі б узьнік у іх такі капрыз, выклікаць масавую эпідэмію самагубстваў... Яны маглі ўсё.