Шаша была даволі прамая, у адсеку — брудна і душна, і ў рэшце рэшт Максім паставіў ручны газ, вылез вонкі і зручна прыладзіўся на краі люка пад рашэцістым латакам ракеты. Танк пёр наперад, нібы гэта і быў яго сапраўдны курс, зададзены даўняй праграмай. Было ў ім нешта самазадаволенае і праставатае, і Максім, які любіў машыны, нават паляпаў яго па брані, выказваючы адабрэньне.
Жыць было можна. Справа і зьлева адпаўзаў назад лес, мерна клекатаў рухавік, радыяцыя наверсе амаль не адчувалася, ветрык быў параўнальна чыстым і прыемна ахалоджваў падпаленую скуру. Максім узьняў галаву і паглядзеў на хісткі нос ракеты. Бадай, яе сапраўды трэба скінуць. Лішняя вага. Выбухнуць яна, вядома, ня выбухне, даўно «пратухла», ён яшчэ ўночы абсьледаваў яе, але важыць яна тон дзесяць, навошта такое цягаць? Танк поўз сабе наперад, а Максім пачаў лазіць па латаку, шукаючы мэханізм мацаваньня. Ён знайшоў мэханізм, але ўсё заржавела, і давялося паваждацца, і пакуль ён важдаўся, танк двойчы зьяжджаў на паваротах у лес і прымаўся, гнеўна завываючы, ламаць дрэвы, і Максіму даводзілася сьпяшацца да рычагоў, супакойваць жалезнага дурня і выводзіць яго зноў на дарогу. Але ў рэшце рэшт мэханізм пачаў працаваць, ракета цяжка матнулася і бухнула на бэтон, а потым грузна адкацілася ў кювэт. Танк падскочыў і пайшоў лягчэй, і тут Максім убачыў наперадзе першую заставу.
На ўзьлесьсі стаялі два вялікіх намёты і аўтафургон, дыміла палявая кухня. Два гвардзейцы, голыя да пояса, мыліся — адзін зьліваў іншаму з манэркі. Пасярэдзіне дарогі стаяў і глядзеў на танк вартавы ў чорнай накідцы, а справа ад шашы тырчалі два слупы, злучаных ашэсткам, і з гэтага ашэстка нешта зьвісала, нешта доўгае і белае, амаль дакранаючыся да зямлі. Максім спусьціўся ў адсек, каб не было відаць клятчастага балахона, і выставіў галаву. Вартавы, са здзіўленьнем пазіраючы на танк, адыходзіў да бакавіны, потым разгублена азірнуўся на фургон. Напаўголыя гвардзейцы перасталі мыцца і таксама глядзелі на танк. На грукат гусеніцаў з намётаў і з фургона выйшла яшчэ некалькі чалавек, адзін — у мундзіры з афіцэрскімі шнурамі. Яны былі вельмі зьдзіўленыя, але не ўстрывожаныя — афіцэр паказаў на танк рукой і нешта сказаў, і ўсе засьмяяліся. Калі Максім параўняўся з вартавым, той крыкнуў яму нячутна за шумам рухавіка, і Максім у адказ пракрычаў: «Усё ў парадку, стой, дзе стаіш...» Вартавы таксама нічога не пачуў, але на твары яго выявілася задавальненьне. Прапусьціўшы танк, ён зноў выйшаў на сярэдзіну шашы і ўстаў у ранейшай позе. Было зразумела, што ўсё абышлося.
Максім павярнуў галаву і ўбачыў зблізку тое, што зьвісала з ашэстка. Сэкунду ён глядзеў, потым хутка прысеў, зажмурыўся і без усякае патрэбы ўхапіўся за рычагі. Ня трэба было глядзець, падумаў ён. Чорт мяне пацягнуў паварочваць галаву, ехаў бы і ехаў, нічога б ня ведаў... Ён прымусіў сябе расплюшчыць вочы. Не, падумаў ён. Глядзець трэба. Трэба прывыкаць. І трэба пазнаваць. Няма чаго адварочвацца. Я ня маю права адварочвацца, раз ужо я ўзяўся за гэтую справу. Напэўна, гэта быў мутант, сьмерць ня можа так зьнявечыць чалавека. Вось жыцьцё — нявечыць. Яно і мяне зьнявечыць, і нікуды ад гэтага не падзенешся, і ня трэба супраціўляцца, трэба прызвычайвацца. Можа быць, наперадзе ў мяне сотні кілямэтраў дарог, абстаўленых шыбеніцамі...
Калі ён зноў высунуўся зь люка і паглядзеў назад, заставы ўжо не было відаць — ні заставы, ні самотнай шыбеніцы пры дарозе. Добра б зараз ехаць дадому... так вось ехаць, ехаць, ехаць, а ў канцы — дом, мама, бацька, хлопцы... прыехаць, прачнуцца, памыцца і распавесьці ім страшны сон пра населены востраў... Ён паспрабаваў уявіць сабе Зямлю, але ў яго нічога не атрымалася, толькі было дзіўна думаць, што дзесьці ёсьць чыстыя вясёлыя гарады, шмат добрых разумных людзей, усе адзін аднаму давяраюць, няма іржы, дурных пахаў, радыяцыі, чорных мундзіраў, грубых быдлячых твараў, жудасных легендаў, зьмешаных зь яшчэ больш жудаснай праўдай, і ён раптам упершыню падумаў, што на Зямлі таксама магло так здарыцца і ён быў бы зараз такім, як усе вакол — цёмным, падманутым, рабалепным і адданым. Ты шукаў сабе справу, падумаў ён. Ну вось, у цябе цяпер ёсьць справа — цяжкая справа, брудная справа, але наўрад ці ты знойдзеш дзе-небудзь калі-небудзь іншую справу, настолькі ж важную...