Наперадзе на шашы зьявіўся нейкі мэханізм, што павольна поўз у той жа бок — на поўдзень. Гэта быў невялікі гусенічны трактар, які цягнуў за сабой прычэп з мэталічнай рашэцістай фэрмай. У адкрытай кабіне сядзеў чалавек у клятчастым балахоне і паліў люльку, ён абыякава паглядзеў на танк, на Максіма і адвярнуўся. Што гэта за фэрма? — падумаў Максім. Якія знаёмыя абрысы... Потым ён раптам зразумеў, што гэта сэкцыя вежы. Саштурхнуць б яе зараз у канаву, падумаў ён, і праехацца па ёй разы два ўзад-уперад... Ён азірнуўся, і выраз яго твару, мабыць, вельмі не спадабалася кіроўцу трактара — кіроўца раптам затармазіў і спусьціў адну нагу на гусеніцу, як бы рыхтуючыся выскачыць. Максім адвярнуўся.
Хвілінаў празь дзесяць ён заўважыў другую заставу. Гэта быў аванпост вялізнай арміі клятчастых рабоў, а можа быць і не рабоў якраз, а найсвабоднейшых людзей у краіне, — дзьве часовыя хаткі з бліскучымі цынкавымі дахамі, невысокі штучны пагорак, на ім — шэры прысадзісты капанір з чорнымі шчылінамі амбразураў. Над капанірам ужо падымаліся першыя сэкцыі вежы, а вакол пагорка стаялі аўтакраны, трактары, валяліся ў беспарадку жалезныя фэрмы. Лес на некалькі сотняў мэтраў направа і налева ад шашы быў зьнішчаны, па адкрытай прасторы дзе-нідзе варушыліся людзі ў клятчастай вопратцы. За хаткамі было відаць доўгі нізкі барак, такі ж, як у лягеры. Перад баракам сохла на вяроўках шэрае рызьзё. Крыху далей каля шашы тырчала драўляная вышка з пляцоўкай, на пляцоўцы праходжваўся вартавы ў шэрай армейскай форме, у глыбокай касцы, і стаяў кулямёт на трыножку. Пад вышкай тоўпіліся яшчэ жаўнеры, у іх быў выгляд людзей, што зьнемагаюць ад камароў і нуды. Усе палілі.
Ну, тут я таксама праеду бяз клопатаў, падумаў Максім, тут канец сьвету і ўсім на ўсё напляваць. Але ён памыліўся. Жаўнеры перасталі адмахвацца ад камароў і ўтаропіліся на танк. Потым адзін, худы, на кагосьці вельмі падобны, паправіў на галаве каску, выйшаў на сярэдзіну шашы і падняў руку. Гэта ты дарма, падумаў Максім са шкадаваньнем, гэта табе ні да чаго. Я вырашыў тут праехаць, і я праеду... Ён сасьлізнуў уніз, да рычагоў, уладкаваўся зручней і паставіў нагу на аксэлератар. Жаўнер на шашы працягваў стаяць з паднятай рукой. Зараз я дам газ, падумаў Максім, зараву як сьлед, і ён адскочыць... а калі не адскочыць, падумаў ён з раптоўнай разьлютаванасьцю, то што ж — на вайне, як на вайне...
І раптам ён пазнаў гэтага жаўнера. Перад ім быў Гай — схуднелы, змарнелы, зарослы шчэцьцю, у мехаватым жаўнерскім камбінэзоне. «Гай... — прамармытаў Максім. — Сябра... як жа я зараз?» Ён зьняў нагу з газу, выключыў счапленьне, танк запаволіў ход і спыніўся. Гай апусьціў руку і нетаропка пайшоў насустрач. І тут Максім ажно засьмяяўся ад радасьці. Усё атрымлівалася вельмі добра. Ён зноў уключыў счапленьне і падрыхтаваўся.
— Гэй! — па-начальніцку крыкнуў Гай і пастукаў прыкладам па брані. — Хто такі?
Максім маўчаў, ціхенька пасьміхаючыся.
— Ёсьць там хто? — у голасе Гая зьявілася некаторая няўпэўненасьць.
Потым яго падкаваныя абцасы загрымелі па брані, люк зьлева расхінуўся, і Гай прасунуўся ў адсек. Убачыўшы Максіма, ён адкрыў рот, і ў тую ж сэкунду Максім схапіў яго за камбінэзон, ірвануў да сябе, паваліў на галінкі пад нагамі і прыціснуў... Танк зароў жахлівым ровам і рвануўся наперад. Разаб’ю рухавік, падумаў Максім. Гай торгаўся і варочаўся, каска зьехала яму на твар, ён нічога ня бачыў і толькі брыкаўся ўсьляпую, спрабуючы выцягнуць з-пад сябе аўтамат. Адсек раптам напоўніўся громам і ляскатам — відаць, у тыл танку ўдарылі аўтаматы і кулямёт. Гэта было бясьпечна, але непрыемна, і Максім зь нецярпеньнем сачыў, як насоўваецца сьцяна лесу, усё бліжэй... бліжэй... і вось першыя кусты... хтосьці клятчасты шарахнуўся з дарогі... і вось ужо вакол лес, і кулі ўжо не грукочуць па брані, і шаша наперадзе свабодная на шмат сотняў кілямэтраў.
Гай, нарэшце, выцягнуў з-пад сябе аўтамат, але Максім злупіў зь яго каску і ўбачыў яго потны выскалены твар, і засьмяяўся, калі лютасьць, жах і прага забіваць зьмяніліся на гэтым твары выразам спачатку разгубленасьці, потым зьдзіўленьня і, нарэшце, радасьці. Гай паварушыў губамі — мабыць, сказаў: «Масаракш!» Максім кінуў рычагі, прыцягнуў яго да сябе, мокрага, худога, зарослага, абняў, прыціснуў ад лішку пачуцьцяў, потым адпусьціў і, трымаючы яго за плечы, сказаў: «Гай, сябра, які я рады!» Нічога рашуча не было чуваць. Ён зірнуў у назіральную шчыліну, шаша была прамая па-ранейшаму, і ён зноў паставіў ручны газ, а сам вылез наверх і выцягнуў Гая за сабой.
— Масаракш! — сказаў пакамечаны Гай. — Гэта зноў ты!