— Ня сьмей, — сказаў Гай. — Ты ня сьмееш так казаць пра Айцоў. Нават калі тое, што ты распавядаеш, — праўда, гэта азначае толькі, што Айцоў проста падманулі.
— Хто ж іх падмануў?
— Н-ну... ці мала...
— Значыць, Айцы не ўсемагутныя? Значыць, яны ня ўсё ведаюць?
— Не жадаю на гэтую тэму размаўляць, — абвясьціў Гай.
Ён зажурыўся, згорбіўся, твар ягоны яшчэ больш асунуўся, вочы пацьмянелі, адвісла ніжняя губа. Максім раптам згадаў Фішту Цыбуліну і Прыгажунчыка Кетры з арыштанцкага вагона. Яны былі наркаманамі, няшчаснымі людзьмі, якія звыкліся ўжываць асабліва моцныя наркатычныя рэчывы. Яны страшэнна пакутавалі без свайго зельля, ня елі й ня пілі, а дні напралёт сядзелі вось так, з патухлымі вачыма і адвіслай губой.
— Табе баліць што-небудзь? — спытаў ён Гая.
— Не, — сумна адказаў Гай.
— А што ты так натапырыўся?
— Ды так неяк... — Гай адцягнуў каўнер і вяла пакруціў шыяй. — Нядобра неяк... Я лягу, а?
Не чакаючы адказу Максіма, ён палез у люк і прылёг там на галінкі, падціснуўшы ногі. Вось яно як, падумаў Максім. Гэта ня так проста, як я думаў. Ён занепакоіўся. Прамянёвага ўдару Гай не атрымаў, з поля мы выехалі амаль дзьве гадзіны таму... Ён жа ўсё жыцьцё жыве ў гэтым полі... А можа быць, яму гэта шкодна — бяз поля? Раптам ён захварэе? Трэба ж, дрэнь якая... Ён глядзеў празь люк на бледны твар, і яму станавілася ўсё страшней. Нарэшце, ён ня вытрымаў, саскочыў у адсек, выключыў рухавік, вывалак Гая вонкі і паклаў на траву ля шашы.
Гай спаў, мармытаў нешта ў сьне, моцна ўздрыгваў. Потым яго пачалі біць дрыжыкі, ён скрукоўваўся, сьціскаўся, нібы намагаючыся сагрэцца, засоўваў далоні пад пахі. Максім паклаў яго галаву сабе на калені, прыціснуў яму пальцамі віскі і пастараўся засяродзіцца. Яму даўно не даводзілася рабіць псыхамасаж, але ён ведаў, што галоўнае — адцягнуцца ад усяго, засяродзіцца, уключыць хворага ў сваю, здаровую, сыстэму. Так ён сядзеў хвілін дзесяць ці пятнаццаць, а калі ачуўся, то ўбачыў, што Гаю лепш: твар паружавеў, дыханьне стала роўным, ён больш ня мерзнуў. Максім зладзіў яму падушку з травы, пасядзеў некаторы час, адганяючы камароў, а потым згадаў, што ім жа яшчэ ехаць і ехаць, а рэактар цячэ, для Гая гэта небясьпечна, трэба штосьці прыдумаць. Ён падняўся і вярнуўся да танка.
Яму давялося ґрунтоўна паваждацца, перш чым ён зьняў з праржавелых заклёпак некалькі лістоў бартавое брані, а затым ён набіваў гэтыя лісты на керамічную перагародку, якая аддзялала рэактар і рухавік ад адсеку кіраваньня. Яму заставалася прымацаваць апошні ліст, калі ён раптам адчуў, што паблізу зьявіліся староньнія. Ён асьцярожна высунуўся зь люка, і ўнутры ў яго пахаладзела і скурчылася.
На шашы, кроках у дзесяці перад танкам, стаялі тры чалавекі, але ён не адразу зразумеў, што гэта людзі. Праўда, яны былі апранутыя, і двое трымалі на плячах жэрдку, зь якой зьвісала акрываўленай галавой уніз невялікая капытная жывёла, падобная на аленя, а на шыі ў трэцяга, упоперак куранячых грудзей, вісела грувасткая вінтоўка нязвыклага выгляду. Мутанты, — падумаў Максім. Вось яны — мутанты... Усе апавяданьні і легенды, пачутыя ім, раптам усплылі ў памяці і зрабіліся вельмі праўдападобнымі. Зьдзіраюць з жывых скуру... людаеды... дзікуны... зьвяры. Ён сьціснуў зубы, выскачыў на браню і падняўся на ўвесь рост. Тады той, што быў зь вінтоўкай, сьмешна перабраў кароценькімі ножкамі, выгнутымі дугой, але ня рушыў зь месца. Ён толькі падняў жудасную руку з двума доўгімі шматсустаўнымі пальцамі, гучна зашыпеў, а потым вымавіў скрыпучым голасам:
— Кушаць хочаш?
Максім разьляпіў вусны і сказаў:
— Так.
— Страляць ня будзеш? — пацікавіўся ўладальнік вінтоўкі.
— Не, — сказаў Максім, усьміхаючыся. — Ні ў якім разе.
15
Гай сядзеў за грубым самаробным сталом і чысьціў аўтамат. Было каля чвэрці адзінаццатай раніцы, сьвет быў шэрым, бескаляровым, сухім, у ім не было месца радасьці, не было месца руху жыцьця, усё было цьмянае і балючае. Не хацелася думаць, не хацелася нічога бачыць і чуць, нават спаць не хацелася — хацелася проста пакласьці галаву на стол, апусьціць рукі і памерці. Проста памерці — і ўсё.
Пакойчык быў маленькі, з адзіным акном бяз шкла, якое выходзіла на велізарную, загрувашчаную развалінамі, зарослую дзікім кустом шэра-рыжую пустку. Шпалеры ў пакоі пажухлі й скруціліся — ня тое ад сьпякоты, ня тое ад старасьці, — паркет рассохся, у адным кутку абгарэў да вугалю. Ад ранейшых жыхароў у пакоі нічога не засталося, акрамя вялікай фатаграфіі пад пабітым шклом, на якой, калі ўважліва прыгледзецца, можна было адрозьніць нейкага сталага пана з дурацкімі бакенбардамі і ў сьмешным капелюшы, падобным на бляшаную талерку.