Вочы бы ўсяго гэтага ня бачылі, здохнуць б зараз ці завыць апошнім бяздомным сабакам, але Максім загадаў: «Чысьці!» «Кожны раз, — загадаў Максім, пастукваючы каменным пальцам па стале, — кожны раз, як толькі цябе скруціць, сядай і чысьці аўтамат...» Значыць, трэба чысьціць. Максім усё-ткі. Калі б не Максім, даўно б лёг і памёр. Прасіў жа яго: «Не сыходзь ты ад мяне ў той час, пасядзі, палячы». Не. Сказаў, што цяпер сам павінен. Сказаў, што гэта не сьмяротна, што мусіць прайсьці і абавязкова пройдзе, але трэба перамагчыся, трэба пераадолець...
Добра, вяла падумаў Гай, пераадолею. Максім усё-ткі. Не чалавек, не Айцец, ня бог — Максім... І яшчэ ён сказаў: «Злуйся! Як цябе скруціць, згадвай, адкуль гэта ў цябе, хто цябе да гэтага прывучыў, навошта, і злуйся, капі нянавісьць. Хутка яна спатрэбіцца: ты не адзін такі, вас такіх сорак мільёнаў, абалваненых, атручаных...» Цяжка паверыць, масаракш, бо ўсё жыцьцё — у страі, заўсёды ведалі, што да чаго, усё было проста, дарога была ясная, усе былі разам, і добра было быць адным зь мільёнаў, такім, як усе. Не, прыйшоў, улюбіў у сябе, кар’еру сапсаваў, а потым літаральна за каўнер вырваў з шэрагаў і пацягнуў у другое жыцьцё, дзе і мэта незразумелая, і сродкі незразумелыя, дзе трэба — масаракш-і-масаракш! — пра ўсё думаць самому! Раней і паняцьця ня меў, што гэта такое — думаць самому. Быў загад, усё ясна, думай, як яго лепш выканаць. Так... выцягнуў за каўнер, павярнуў пысай назад, да роднага, да гнязда, да самога дарагога і паказаў: памыйніца, гнюсь, мярзота, хлусьня... І вось глядзіш — сапраўды, мала прыгожага, сябе згадаць моташна, хлопцаў згадаць моташна, а ўжо пан ротмістр Чачу!... Гай злосна загнаў на месца затвор і цокнуў зашчапкай. І зноў навалілася млявасьць, апатыя, і волі на тое, каб уставіць магазін, ужо не заставалася. Дрэнна, вох як дрэнна...
Перакошаныя рыплівыя дзьверы адчыніліся, усунуўся маленькі дзелавіты тварык — увогуле нават сымпатычны, калі б ня лысы чэрап і не запалёныя павекі бязь веек — Танга, суседзкая дзяўчынка.
— Дзядзька Мак загадалі вам ісьці на плошчу! Там ужо ўсе сабраліся, аднаго вас чакаюць!
Гай панура пакасіўся на яе, на кволае гэтае цельца ў сукенцы з грубай мешкавіны, на ненармальна-тонкія ручкі-саломінкі, пакрытыя карычневымі плямамі, на крывыя ножкі, распухлыя ў каленях, і яго занудзіла, і самому стала сорамна за сваю агіду — дзіця, а хто вінаваты? — Ён адвёў вочы і сказаў:
— Ня пойду. Перадай, што дрэнна сябе адчуваю. Захварэў.
Дзьверы рыпнулі, і калі ён зноў падняў вочы, дзяўчынкі не было. Ён з прыкрасьцю кінуў аўтамат на ложак, падышоў да акна, высунуўся. Дзяўчынка са страшнай хуткасьцю пыліла па лагчыне паміж рэшткамі сьцен, па былой вуліцы, за ёю ўвязаўся нейкі карапузік, прачыкільгаў некалькі крокаў, зачапіўся, пляснуўся, падняў галаву, паляжаў некаторы час, потым зароў жахлівым басам. З-за руінаў выскачыла маці — Гай пасьпешліва адхіснуўся, патрос галавой і вярнуўся да стала. Не, не магу прывыкнуць. Гадкі я, відаць, чалавек... Ну, ужо трапіўся бы мне той, хто за ўсё гэта ў адказе, тут ужо я б не прамахнуўся. Але ўсё-ткі, чаму я не магу прывыкнуць? Божа, ды за гэты месяц я такое пабачыў — на сто кашмарных сноў хопіць...
Мутанты жылі невялікімі грамадамі; іншыя вандравалі, палявалі, шукалі лепшыя месцы, шукалі дарогу на поўнач у абыход гвардзейскіх кулямётаў, у абыход страшных абласьцей, дзе яны схадзілі з розуму і паміралі на месцы ад прыступаў жахлівага галаўнога болю; іншыя жылі асела на фэрмах і ў вёсачках, ацалелых пасьля баёў і выбуху трох атамных бомбаў, зь якіх адна выбухнула над гэтым горадам, а дзьве ў ваколіцах — там цяпер кілямэтровыя пралысіны бліскучага, як люстэрка, шлаку. Аселыя сеялі дробную звыродлівую пшаніцу, апрацоўвалі дзіўныя свае агароды, дзе таматы былі, як ягады, а ягады — як таматы, разводзілі жудаснае быдла, на якое глядзець было страшна, ня тое што есьці. Гэта быў варты жалю народ — мутанты, дзікія паўднёвыя вырадкі, пра якіх верзьлі розную лухту, і сам ён вёрз розную лухту, — ціхія, балючыя, зьнявечаныя карыкатуры на людзей. Нармальнымі тут былі толькі старыя, але іх заставалася вельмі мала, усе яны былі хворыя і прырэчаныя на хуткую сьмерць. Дзеці іх і ўнукі таксама здаваліся не жыльцамі на гэтым сьвеце. Дзяцей у іх нараджалася шмат, але амаль усе яны паміралі альбо пры нараджэньні, альбо ў маленстве. Тыя, што выжывалі, былі слабымі, увесь час пакутавалі на невядомыяі хваробы, выродлівыя былі — жах, але ўсе выглядалі паслухмянымі, ціхімі, разумненькімі. Ды што там казаць, нядрэнныя выявіліся людзі — мутанты, добрыя, гасьцінныя, мірныя... Вось толькі глядзець на іх было немагчыма. Нават Максіма спачатку ламіла зь нязвычкі, але ён хутка прывык, яму што — ён сваёй натуры гаспадар...