Выбрать главу

Гай уставіў у аўтамат магазін, падпёр шчаку далоньню, задумаўся. Так, Максім...

Праўда, задумаў Максім на гэты раз відавочна бессэнсоўную справу. Задумаў ён сабраць мутантаў, узброіць іх і выбіць Гвардыю для пачатку хаця б за Блакітную Зьмяю. Сьмешна, далібог. Яны ж ледзь ходзяць, многія паміраюць на хаду — мех зь зернем падыме і памрэ, — а ён хоча зь імі на Гвардыю ісьці. Непадрыхтаваныя, слабыя, нясьмелыя, куды ім... Хай нават зьбярэ ён гэтых... выведнікаў іхных — на ўсю гэтую армію, калі без Максіма, аднаго ротмістра хопіць, а калі з Максімам, то ротмістра з ротай. Максім гэта, здаецца, і сам разумее. Але вось цэлы месяц бегаў па лесе ад пасёлка да пасёлка, ад грамады да грамады, угаворваў старых і паважаных людзей, тых, каго грамады слухаюцца. Сам бегаў і мяне з сабой паўсюль цягаў, угамону на яго няма. Ня хочуць старыя ісьці, і выведнікаў не адпускаюць... І вось зараз на гэтую нараду трэба. Ня пойду.

Сьвет стаў сьвятлейшым. Было ўжо ня так моташна глядзець навокал, кроў хутчэй пабегла па жылах, заварушыліся смутна нейкія надзеі, што сёньняшняя нарада праваліцца, што Максім прыйдзе і скажа: хопіць, няма чаго тут больш рабіць, — і яны рушаць далей на поўдзень, у пустыню, дзе, кажуць, таксама жывуць мутанты-вырадкі, але не такія жудасныя, больш падобныя на людзей і не такія хворыя. Кажуць, у іх там нешта накшталт дзяржавы, і нават армія ёсьць. Можа быць, зь імі атрымаецца кашу зварыць... Праўда, там усё радыеактыўнае, туды, кажуць, саджалі бомбу на бомбу, спэцыяльна для заражэньня... Былі, кажуць, такія спэцыяльныя бомбы.

Згадаўшы пра радыёактыўнасьць, Гай палез у свой рэчавы мех i дастаў скрыначку з жоўтымі таблеткамі, кінуў дзьве штукі ў рот — скрывіўся ад пранізьлівай гаркоты. Трэба ж, якая брыдота, але безь яе тут нельга, тут таксама ўсё заражана. А ў пустыні давядзецца, напэўна, жменямі іх смактаць... Дзякуй прынцу-герцагу, мне б бяз гэтых пілюль тут каюк... А прынц-герцаг малайчына, не губляецца, не адчайваецца ў гэтым пекле, лечыць, дапамагае, абыходы робіць, цэлую фабрыку мэдыкаментаў арганізаваў. Між іншым, ён казаў, што Краіна Айцоў — толькі кавалачак, пазадзьдзе былой вялікай нашай імпэрыі, і сталіца раней іншай была, у трохстах кілямэтрах на поўдзень — там, кажа, да гэтага часу засталіся яшчэ разваліны, прычым, кажа, велічныя...

Дзьверы расчыніліся, у пакой увайшоў сярдзіты Максім, голы, у адных чорных шортах, сухарлявы, хуткі, і відаць, што злуецца вельмі. Убачыўшы яго, Гай надзьмуўся і стаў глядзець у акно.

— Ну, не выдумляй, — сказаў Максім. — Пайшлі.

— Не хачу, — сказаў Гай. — Ну іх усіх. З душы верне, немагчыма.

— Глупства, — запярэчыў Максім. — Выдатныя людзі, вельмі цябе паважаюць. Ня будзь хлапчуком.

— Ды ўжо, паважаюць, — сказаў Гай.

— Яшчэ як паважаюць! Надоечы прынц-герцаг прасіў, каб ты застаўся тут. Я, кажа, памру хутка, патрэбны сапраўдны чалавек, каб мяне замяніць.

— Ну так, замяніць... — прабурчаў Гай, адчуваючы, аднак, што ў грудзях, мімаволі, усё разьмягчается.

— І яшчэ Бошку да мяне прыстае, зьвяртацца да цябе прама саромеецца. Хай, кажа, Гай застанецца, вучыць будзе, абараняць будзе, добрых хлопцаў выхоўваць будзе... Ведаеш, як Бошку размаўляе?

Гай пачырванеў ад задавальненьня, адкашляўся і сказаў, хмурачыся, усё яшчэ гледзячы ў акно:

— Ну добра... Аўтамат браць?

— Вазьмі, — сказаў Максім. — Ці мала што...

Гай узяў аўтамат пад паху, яны выйшлі з пакоя — Гай наперадзе, Максім па пятах, — спусьціліся па трухлявых сходах, пераступілі праз кучу дзетак, што валтузіліся ў пыле каля парога, і пайшлі па вуліцы да плошчы. Эх! Вуліца, плошча... Адна назва. Колькі ж тут людзей разам загінула! Кажуць, раней вялікі прыгожы горад тут быў — тэатры, цырк, музэі, сабачыя бягі... цэрквы, кажуць, былі асаблівай прыгажосьці, з усяго сьвету сюды зьяжджаліся паглядзець, а цяпер — сьмецьце адно, не зразумееш, дзе што было. Замест цырка — балота з кракадзіламі нейкімі; мэтро было — зараз там ваўкалакі, уночы па горадзе хадзіць небясьпечна... загубілі краіну, гады. Мала таго, што людзей паперабілі, пазьнявечвалі — разьвялі ж яшчэ нейкую погань, якой зроду тут ніколі не бывала. Ды й ня толькі тут...