Прынц-герцаг распавядаў, што да вайны жылі ў лесе зьвяры, падобныя да сабакаў, забыўся, як называюцца, разумныя былі і вельмі добрыя зьвяругі — усё разумелі, дрэсіраваць іх было — адно задавальненьне. Ну і вядома сталі іх дрэсіраваць для ваенных мэтаў: пад танкі зь мінамі класьціся, цягаць параненых, пераносіць да праціўніка посуд з заразай, ну і ўсякая такая лухта. А потым знайшоўся разумнік, расшыфраваў іх мову, аказалася, што ў іх мова ёсьць, і даволі складаная, і што яны ўвогуле любяць пераймаць, і глотка ў іх так уладкаваная, што некаторых можна было нават навучыць размаўляць па-чалавечы, ня ўсёй мове, вядома, але словаў па пяцьдзесят, па семдзесят яны запаміналі. Увогуле, дзіўныя былі жывёлы, нам бы зь імі сябраваць, вучыцца адзін у аднаго, адзін аднаму дапамагаць — яны, кажуць, выміралі... Дык не ж, прыстасавалі іх ваяваць, прыстасавалі іх хадзіць да праціўніка па ваенныя весткі. А потым вайна пачалася, стала не да іх, наогул ні да чаго стала. І вось — калі ласка: ваўкалакі. Таксама мутанты, толькі не чалавечыя, а зьвярыныя — вельмі небясьпечныя істоты. Па Асаблівай паўднёвай акрузе быў нават загад аб змаганьні зь імі, а прынц-герцаг — той адразу кажа: нам усім тут канец, будуць тут жыць адны ваўкалакі...
Гай згадаў, як аднойчы ў лесе Бошку са сваімі паляўнічымі падстрэліў аленя, за якім палявалі ваўкалакі, і пачалася бойка. А мутанты — якія яны байцы? Выпалілі па разе са сваіх дзядоўскіх, кінулі стрэльбы, селі і закрылі вочы рукамі, каб, значыць, ня бачыць, як іх ірваць будуць. І Максім таксама, трэба сказаць, разгубіўся... не тое, каб разгубіўся, а так неяк... не хацелася яму біцца. Ну, давялося мне аддзімацца за ўсіх. Абойма скончылася — прыкладам. Добра, ваўкалакаў небагата было, усяго шэсьць галоў. Дваіх забілі, адзін уцёк, а траіх, параненых і аглушаных, павязалі і сабраліся раніцай у вёску несьці на пакараньне. А ўначы гляджу — Максім ціхенька ўстае і — да іх. Пасядзеў зь імі, палячыў, як ён гэта ўмее, накладаньнем рук, потым разьвязаў, і тыя, вядома, ня будзь дурні, ірванулі кіпцюры, толькі іх і бачылі. Я яму кажу: ты што ж гэта, Мак, навошта ты? Сам ня ведаю, кажа, але адчуваю, што нельга іх караць сьмерцю. Ні людзей, кажа, нельга, ні гэтых... Гэта, кажа, не сабакі ніякія і не ваўкалакі...
Ды хіба толькі ваўкалакі! А кажаны якія пайшлі! Тыя, што Чараўніку прыслугоўваюць... Гэта ж жах лятаючы, а не кажаны! А хто па начах па вёсках блукае з тупатам, дзяцей крадзе? Прычым сам нават у дом не заходзіць, а дзеці сьпяць і, не прачынаючыся, да яго й выходзяць... Дапусьцім, гэта, можа, і хлусьня, але сёе-тое я і сам бачыў. Як зараз памятаю, павёў нас прынц-герцаг паказваць найбліжэйшы ўваход у Крэпасьць. Прыходзім — лужок такі мірны, зялёны, пагорак, у пагорку — пячора. Глядзім мы — божа! — увесь лужок перад уваходам завалены здохлымі ваўкалакамі, дзесяткі два, ня менш, прычым не пакалечаныя, не параненыя — ніводнай кроплі крыві на траве, і што найдзіўнейшае — Максім іх агледзеў і сказаў: яны ж ня мёртвыя, яны як бы ў сутарзе, нібы іх хтосьці загіпнатызаваў... Паўстае пытаньне: хто? Не, жудасныя месцы. Тут чалавеку толькі ўдзень можна, ды й то з апаскай. Калі б не Максім, ірвануў бы я адсюль, толькі б пяткі заблішчалі. Але калі казаць шчыра, то куды бегчы? Вакол лясы, у лясах погань, танк у балоце патануў... да сваіх бегчы?... Здавалася б, вельмі натуральна — да сваіх бегчы. Але якія яны мне цяпер свае? Таксама, калі падумаць, уроды, лялькі, правільна Максім кажа. Што гэта за людзі, якімі можна кіраваць, як машынамі. Не, гэта не па мне. Брыдка...
Яны выйшлі на плошчу, на вялікую пустку, пасярэдзіне якой дзіка чарнеў аплаўлены помнік нейкаму забытаму дзеячу, і павярнулі да ацалелай хаткі, дзе звычайна зьбіраліся прадстаўнікі, каб абмяняцца чуткамі, параіцца наконт пасяўной або наконт паляваньня, а то й проста пасядзець, падрамаць, паслухаць апавяданьні прынца-герцага пра ранейшыя часы.
У хатцы, у вялікім чыстым пакоі, ужо сабраўся народ. Глядзець тут ні на каго не хацелася. Нават прынц-герцаг — здавалася б, не мутант, чалавек, — а і той зьнявечаны: увесь твар у апёках і рубцах. Увайшлі, павіталіся, селі ў кола, прама на падлогу. Бошку, які сядзеў побач з плітой, зьняў з вуглёў чайнік, наліў ім па кубку гарбаты, моцнай, добрай, але бяз цукру. Гай прыняў свой кубак — незвычайнай прыгажосьці кубак, цэны яму няма, каралеўскага фарфору, — паставіў яго перад сабой, а потым упёр аўтамат прыкладам у падлогу паміж каленяў, прыпаў лобам да рубчатага ствала і заплюшчыў вочы, каб нікога ня бачыць.
Пачаў нараду прынц-герцаг. Ніякі ён быў ня прынц і ніякі ня герцаг, а быў ён палкоўнікам мэдыцынскай службы, галоўным хірургам Паўднёвай Крэпасьці. Калі Крэпасьць пачалі ламаць атамнымі бомбамі, гарнізон паўстаў, выкінуў белы сьцяг (па гэтым сьцягу свае ж неадкладна дзеўбанулі тэрмаядзернай), сапраўднага прынца, камандуючага, жаўнеры разарвалі на кавалкі, захапіліся, паперабілі ўсіх афіцэраў, а потым спахапіліся, што няма каму камандаваць, а без камандаваньня нельга: вайна ж працягваецца, праціўнік атакуе, свае атакуюць, а з жаўнераў ніхто пляну Крэпасьці ня ведае, — атрымалася гіганцкая пастка, а тут яшчэ выбухнулі бактэрыялягічныя бомбы, увесь арсэнал, і пачалася чума. Карацей кажучы, неяк само сабой атрымалася, што палова гарнізону разьбеглася хто куды, ад пакінутай паловы тры чвэрці вымерлі, а астатніх прыняў на сябе галоўны хірург — падчас бунту жаўнеры яго не кранулі: лекар усё-ткі. Неяк павялося называць яго то прынцам, то герцагам, спачатку жартам, потым прывыклі, а Максім для пэўнасьці называў яго прынцам-герцагам.