— Сябры! — сказаў прынц-герцаг. — Трэба нам абмеркаваць прапановы нашага сябра Мака. Гэта вельмі важныя прапановы. Наколькі яны важныя, вы можаце судзіць хаця бы па тым, што сам Чараўнік да нас завітаў і будзе, можа быць, з намі размаўляць...
Гай падняў галаву. І дакладна: у куце, прыхінуўшыся сьпіной да сьцяны, сядзеў сам Чараўнік, уласнай пэрсонай. Глядзець на яго было жудасна, а не глядзець немагчыма. Выдатная была асоба. Нават Максім глядзеў на яго неяк зьнізу ўверх і казаў Гаю: Чараўнік — гэта, браце, фігура. Быў Чараўнік невялікага росту, шчыльны, чысты, ногі і рукі ў яго былі кароткія, але моцныя, і ўвогуле ён быў не такі ўжо выродлівы, ва ўсякім выпадку слова «выродлівы» да яго не пасавала. У яго быў велізарны чэрап, пакрыты густым цьвёрдым воласам, падобным на серабрысты мех, маленькі рот зь дзіўна складзенымі вуснамі, нібы ён увесь час зьбіраўся сьвіснуць скрозь зубы, твар наогул нават хударлявы, але пад вачыма мяшкі, а самі вочы былі доўгія і вузкія, з вэртыкальнай, як у вужакі, зрэнкай. Гаварыў ён мала, на людзях бываў рэдка, жыў адзін у склепе на далёкім канцы горада, але аўтарытэтам карыстаўся велізарным з-за сваіх дзіўных здольнасьцяў. Па-першае, ён быў вельмі разумны і ведаў усё, хоць ад роду яму было ўсяго нешта каля дваццаці гадоў і нідзе ён, акрамя гэтага горада, ня быў. Калі ўзьнікалі якія-небудзь пытаньні, да яго ішлі на паклон за парадай. Як правіла, ён нічога не адказваў, і гэта азначала, што пытаньне пусьцяковае, як яго ні вырашыш — усё добра будзе. Але калі пытаньне выяўлялася жыцьцёва-важным — наконт надвор’я, калі што сеяць — ён заўсёды даваў параду і ні разу яшчэ не памыліўся. Хадзілі да яго толькі старэйшыя, і што там адбывалася, — яны памоўчвалі, але існавала перакананьне, што нават даючы параду, Чараўнік не расплюшчваў рота. Так, паглядзіць толькі — і становіцца ясна, што трэба рабіць. Па-другое, меў ён уладу над жывёламі. Ніколі ён не патрабаваў у грамадзтва ні ежы, ні вопраткі, усё яму дастаўлялі жывёлы, розныя жывёлы — і зьвяр’ё, і насякомыя, і жабы, — а галоўнай прыслугай у яго былі велізарныя кажаны, зь якімі ён, па чутках, мог тлумачыцца, і яны яго разумелі і слухаліся. Далей, распавядалі, што ён ведае невядомае. Зразумець гэтае невядомае было немагчыма, на погляд Гая гэта быў проста набор слоў: чорны пусты Сьвет да пачатку Сусьветнага Сьвятла; мёртвы ледзяны Сьвет пасьля згасаньня Сусьветнага Сьвятла; бясконцая пустыня са многімі Сусьветнымі Сьветламі... Ніхто ня мог растлумачыць, што гэта азначае, а Мак толькі пахістваў галавой i ў захапленнi мармытаў: «Вось гэта інтэлект!»
Чараўнік сядзеў, ні на каго ня гледзячы, на плячы ў яго няёмка тапталася сьлепенькая начная птушка. Чараўнік час ад часу даставаў з кішэні нейкія кавалачкі і соваў ёй у дзюбу, тады яна замірала на сэкунду, потым задзірала галаву і як быццам зь цяжкасьцю глытала, выцягваючы шыю.
— Гэта вельмі важныя прапановы, — працягваў прынц-герцаг, — а таму я прашу вас слухаць уважліва, а ты, Бошку, галубчык, заварвай гарбату мацьней, бо я бачу — сёй-той ужо задрэмвае. Ня трэба задрэмваць, ня трэба. Зьбярэцеся зь сіламі, можа быць зараз вырашаецца наш лёс...
Сход ухвальна забурчаў. Кагосьці бяльматага адцягнулі за вушы ад сьцяны, дзе ён наладзіўся быў падрамаць, і пасадзілі ў першым шэрагу. «Дык я ж нічога... — мармытаў бяльматы. — Я толькі так, крышачку. Я да таго, што гаварыць трэба карацей, а то пакуль да канца даходзяць, я ўжо і пачатак забываю...»
— Добра, — пагадзіўся прынц-герцаг. — Карацей так карацей. Жаўнеры адціскаюць нас на поўдзень, у пустыню. Літасьці яны не даюць, у перамовы не ўступаюць. Зь сем’яў, якія спрабавалі прабрацца на поўнач, ніхто не вярнуўся. Трэба меркаваць, яны загінулі. Гэта азначае, што гадоў празь дзесяць-пятнаццаць нас адціснуць у пустыню канчаткова, і там мы ўсе загінем бязь ежы і без вады. Кажуць, што ў пустыні таксама жывуць людзі. Я ў гэта ня веру, але многія паважаныя правадыры вераць і сьцьвярджаюць, быццам гэтыя насельнікі пустыні такія ж жорсткія і крыважэрныя, як жаўнеры. А мы — людзі міралюбныя, змагацца мы ня ўмеем. Многія з нас мруць, і мы, напэўна, не дажывем да канчатковага канца, але мы цяпер кіруем народам і абавязаныя думаць ня толькі пра сябе, але і пра нашых дзяцей... Бошку, — сказаў ён. — Падай, калі ласка, гарбаты паважанаму Хлебапёку. Па-мойму, заснуў Хлебапёк.