— Так, — сказаў Хлебапёк. — Ня трэба гэта нам, Мак. Дай ужо нам памерці спакойна, не чапай нас. Ты жаўнераў ненавідзіш, хочаш іх зьнішчыць, але ж мы тут прычым? У нас ні да каго нянавісьці няма. Пашкадуй нас, Мак. Бо ж нас ніхто ніколі не шкадаваў. І ты, хоць ты і добры чалавек, але таксама нас не шкадуеш... Не шкадуеш жа, а, Мак?
Гай зноў паглядзеў на Максіма і зьбянтэжана адвёў вочы. Максім пачырванеў, пачырванеў да сьлёз, нахіліў галаву і закрыў твар рукой.
— Няпраўда, — сказаў ён. — Я шкадую вас. Але я ня толькі вас шкадую. Я...
— Не-е, Мак, — настойліва сказаў Хлебапёк. — Ты ТОЛЬКІ нас пашкадуй. Мы ж найняшчасьнейшыя людзі ў сьвеце, і ты гэта ведаеш. Ты пра сваю нянавісьць забудзь. Пашкадуй — і ўсё...
— А чаго яму нас шкадаваць? — падаў голас Арэшнік, да вачэй заматаны бруднымі бінтамі. — Ён сам жаўнер. Калі гэта жаўнеры нас шкадавалі? Не нарадзіўся яшчэ жаўнер, які б нас пашкадаваў...
— Галубчыкі, галубчыкі! — сказаў строга прынц-герцаг. — Мак — наш сябар. Ён хоча нам дабра, хоча зьнішчыць нашых ворагаў...
— А вось што атрымаецца, — разважліва сказаў пляшывы зь нетутэйшых. — Дапусьцім нават, што барбары будуць мацьнейшыя за жаўнераў. Паб’юць яны жаўнераў, зруйнуюць іхныя клятыя вышкі, захопяць усю Поўнач. Хай. Нам не шкада. Хай яны там рэжуцца. Але нам карысьць якая? Нам тады зусім канец: на поўдні будуць барбары, на поўначы зноў жа барбары, над намі — усё тыя ж барбары. Мы ім не патрэбныя, а раз не патрэбныя — пад корань нас. Гэта адно... Цяпер дапусьцім, што жаўнеры барбараў адаб’юць. Адаб’юць яны барбараў, і пакоціцца ўся гэтая вайна праз нас на поўдзень. Што тады? Тады зноў жа нам хана: на поўначы жаўнеры, на поўдні жаўнеры, і над намі жаўнеры. Ну, а жаўнераў мы ведаем...
Сход зашумеў, загудзеў, што правільна маўляў пляшывы выказвае, усё дакладна, але пляшывы яшчэ ня скончыў.
— Дайце дагаварыць! — абурыўся ён. — Што вы расшумеліся, на самой справе? Гэта ж яшчэ ня ўсё. Яшчэ можа быць, што жаўнеры барбараў пераб’юць, а барбары — жаўнераў. Вось тут быццам бы нам самае і жыць. Дык не ж, ізноў не атрымліваецца. Бо яшчэ ваўкалакі ёсьць. Пакуль жаўнеры жывыя, ваўкалакі хаваюцца, кулі баяцца, жаўнерам загадана ваўкалакаў страляць. А ўжо як жаўнераў ня стане, тут нам поўны амін. Зьядуць нас ваўкалакі і костак не пакінуць.
Гэтая ідэя страшна ўразіла сход. «Правільна гаворыць! — пачуліся галасы. — Трэба ж, якія галовы ў іх на балотах... Так, браты, на ваўкалакаў мы і забыліся... А яны ня сьпяць, яны свайго чакаюць... Ня трэба нам нічога, Мак, няхай ідзе, як ідзе... Дваццаць гадоў худа-бедна пражылі, і яшчэ дваццаць працягнем, а там, глядзіш, і яшчэ...»
— І выведнікаў яму аддаваць нельга! — павысіў голас пляшывы. — Ці мала што яны самі хочуць... Ім што — яны і дома не жывуць, шасьціпалы вунь днюе і начуе на тым баку, сорам сказаць — рабуе там і гарэлку п’е. Ім добра, яны вышак клятых не баяцца, галовы ім не баляць. А грамадзтву як? Дзічына на поўнач сыходзіць, хто да нас яе з поўначы гнаць будзе, калі не выведнікі? Не даваць! І прыструніць іх яшчэ трэба добранька, зусім разбэсьціліся... Забойствы там учыняюць, жаўнераў крадуць і мучаць, як і ня людзі... Не пускаць! Зусім разбэсьцяцца...
— Не пускаць, не пускаць... — пацьвердзіў сход. — Як мы бязь іх? А мы іх кармілі-паілі, мы іх нарадзілі ды выгадавалі, адчуваць павінныя, а яны, знай сабе, у бок глядзяць, як бы пасваволіць...
Пляшывы, нарэшце, супакоіўся, сеў на месца і пачаў прагна глынаць астылую гарбату. Сход таксама ўгаманіўся, сьціхнуў. Старыя сядзелі нерухома, намагаючыся не глядзець на Максіма. Бошку, паныла ківаючы, прамовіў:
— Трэба ж, якое ў нас няшчаснае жыцьцё! Ніадкуль паратунку няма. І што мы каму зрабілі?
— Нараджалі нас дарма, вось што, — сказаў Арэшнік. — Не падумаўшы нас нараджалі, ня ў час... — Ён працягнуў пусты кубак. — І мы дарма нараджаем. На пагібель. Так, так, на пагібель...
— Раўнавага... — вымавіў раптам гучны хрыплы голас. — Я вам ужо казаў гэта, Мак. Вы не захацелі мяне зразумець...
Незразумела было, адкуль ідзе голас. Усе маўчалі, журботна апусьціўшы вочы. Толькі птушка на плячы Чараўніка тапталася, адкрываючы і закрываючы жоўтую дзюбу. Сам Чараўнік сядзеў нерухома, заплюшчыўшы вочы і сьціснуўшы тонкія вусны.