Выбрать главу

— Спадабалася, — сказаў задаволена Радзівіл і ўзяў са стала келіх з цытрынавым сокам. Шырокі рукаў халату ўпаў, адкрыўшы да локця паголеную руку, амаль гэткую ж ружовую, як Кашкін. Раптам у вакно ўдарыла сонца, выхапіўшы з дальняга кута пакою, захінутага махрамі ценяў, дзівосны цёмна-чырвоны камін, краты якога ўпрыгожвала чыгунная галава мэдузы Гаргоны. Побач з дубовым абедзенным сталом, за якім сядзелі Радзівіл і Андатраў, цяжка разьлегся пад чорнай накрыўкай більярдны стол. Андатраў паглядзеў на асьветленага сонцам Кашкіна, і яму чамусьці непрыемна падумалася пра ўласнае маленства.

— Дзе ты яго ўзяў? — спытаў ён сіпла, марна спрабуючы ўзгадаць усе тыя лічбы, якія ўраньні падаваліся гэткімі важнымі.

— Знайшоў,— адказаў Радзівіл з падкрэсьленай бесклапотнасьцю. — Наш мілы Кашкін тырчаў на доўгай зялёнай сьцябліне, сярод матылёў ды кветачак, і я яго сарваў.

— А калі сур'ёзна?

— Знайшоў, набыў ці ператварыў у Кашкіна аднаго са сваіх даўжнікоў — ня так істотна, Грыгоры Паўлавіч. Мае значэньне тое, што па сутнасьці Кашкін — напраўду расьліна. Я ўжо правёў некаторыя… хм, досьледы. Прызначэнне гэтай дулы мне зразумелае, і, мяркую, усялякіх вучоных мудакоў яно вельмі б зацікавіла.

Радзівіл узьняў келіх, аглядзеў на сьвятло густую вадкасьць, у якой плавалі рухавыя, нібы жывыя, валаконцы, прымружыў вочы.

— Але я люблю справу, і люблю атрымліваць са справы вынік. Прызначаны Кашкін дзеля таго, каб цярпець.

— Каб што? — раздражнёна перапытаў Андатраў.

— Каб цярпець. Кашкін жывы, але ён ня здольны ні на якія дзеяньні. Ён папросту кавалак плоці, так, бяз лапаў, без хваста, мазгоў, зубоў і таму падобных прыбамбасаў. Ня маю аніякага ўяўленьня, як ён харчуецца, ды мне й пляваць — жэрці ён ня просіць ужо месяц і, як бачым, выдатна пры гэтым пачуваецца.

Радзівіл паляпаў па Кашкіне рукой.

— Ён ня сера й ня вые ўначы. А галоўнае… Ён трывае які заўгодна боль, толькі напружваецца й стогне так… досыць жаласьліва. Раны, дарэчы, загойваюцца ня больш чым за дзень. Падаруначак, а?

У пакой убег Фэлікс, лёг ля ног гаспадара, ляпнуў хлыстом хваста па канапе, якая адказала пакорлівым уздыхам спружынаў. Андатраў недаверліва паглядзеў на Радзівіла й запаліў новую цыгарэту.

— Пачакайце, Грыгоры Паўлавіч, — рука Радзівіла неверагодна грацыёзна выгнулася і ўзяла з далоні Андатрава змайстраваную ў форме кулі цяжкую запальнічку. — Вось зірніце.

Радзівіл паднёс паслужлівы агеньчык да ружовага боку Кашкіна й з захапленнем пачаў глядзець, як задрыжэла скура, як праступіла на ёй выразная пляма, падобная на зуб, якім яго малююць на рэклямных абвестках стаматалягічных лякарняў. Пляма неўзабаве з бледна-чырвонай стала пунсовай, а потым і зусім пачарнела. Кашкін маўчаў.

— Не, дайце лепш цыгарэту, — таргануў рукой Радзівіл. — Вось так. Бачыце? Ды падсуньцеся бліжэй, або вам бінокль прынесці?

Прыкладна праз хвіліну Кашкін тонка і адрывіста завішчаў. Радзівіл прыклаў цыгарэту не туды, дзе нядаўна пабывала запальнічка, а ля самае шчыліны. На пах смажанага Кашкіна падняў галаву Фэлікс, які да гэтага абыякава драмаў каля стала, — пачалі рухацца ноздры, усталі тарчма й быццам зацвярдзелі шэрыя, у бліскуча-чорных паўмесяцах, вушы.

Радзівіл прыбраў цыгарэту, затушыў у попельніцы. Андатраў запаліў другую. Кашкін усё яшчэ вішчаў — ужо гучней, але можна было трываць.

— Фэлікс! — позірк Радзівіла, які весела блукаў па пакоі, трапіў урэшце на сабаку. — Фэлікс, вораг! Вораг!

Сабака ўскочыў, аддана паглядзеўшы Радзівілу ў вочы, — ён яшчэ не разумеў, чаго ад яго хочуць, але ўжо быў гатовы выканаць любы загад. Абвёў разумнымі вачамі Андатрава (той увесь сьцяўся) — ці не яму пракусіць які-небудзь жыцьцёва важны орган? — потым уцяміў, у чым рэч. Фэлікс зарыкаў, з размаху брахнуў па нікчэмным, як мокрая нітка, віскаце Кашкіна.

— Фэлікс, узяць! Узяць! Кусьсі! — заравеў Радзівіл.

Фэлікс, які вырас амаль удвая, кінуўся да Кашкіна, ударыў пярэднімі лапамі пруты каляскі, якая павалілася на дыван. Кашкін выпаў зь яе, пастаяў імгненьне на баку й мякка лёг на пухнаты ворс, не перапыняючы віскату. Фэлікс рвануў нерухомае цельца лапай, адначасова замкнуўшы на ружовай скуры свае строгія маршальскія сківіцы. Вельмі натуральна й чакана з Кашкіна пацякла кроў. Цяпер ён сапраўды нагадваў сьвініну. Енк ягоны стаў пранізьлівым і ўжо не спыняўся, бы высока-высока ўзьнятая нота.

— Цудоўна, цудоўна! — усклікнуў Радзівіл, узьняўся з мейсца й пачаў таптаць Кашкіна — збоку выдавала на тое, што Радзівіл выконвае народны танец. Ногі ягоныя — безвалосыя, моцныя, з пляскатымі каленямі — сінхронна выскоквалі з-пад халату, як быццам падпарадкоўваючыся схаванаму пад ім бубну. Фэлікс, якому адна з ног гаспадара выпадкова стукнула па пысе, адыйшоў ад Кашкіна, але з задавальненьнем працягваў глядзець, як той ператвараецца ў акрываўлены кавалак мяса. — Цудоўна!