Выбрать главу

— Зараз, зараз, — адгукнуўся Радзівіл. Ён націснуў кнопку недзе ў стале, і ў пакой тут жа ўвайшоў, тузаючы рукавы свайго ватніку, падобны на міністра замежных справаў мужчына.

— Кашкіна — уніз, — распарадзіўся Радзівіл, начэсваючы Фэліксу бліскучую сьпіну. — А камін я зараз сам…

Міністр выйшаў, вярнуўся з лапатаю для прыбіраньня сьнегу, укінуў Кашкіна ў каляску і ўкаціў. Фэлікс праводзіў іх уважлівым позіркам.

— Ёсьць і яшчэ адна рэч, — засьмяяўся Радзівіл, беручы ў рукі вялікі жалезны кій і накіроўваючыся да каміну. — У вас жа ўнук гадуецца, Грыгоры Паўлавіч? Колькі яму ўжо?

— Ды дзесяць, — няўцямна ўсьміхнуўся Андатраў.

— Яму ж хутка сэксу захочацца. Драчыць там, усё такое… А вось будзе ў яго Кашкін — паставіць унучак яму пару палак, у любы час, калі прыпрэ, ну, ведама ж, калі бацькоў дома ня будзе. Патрэніруецца хаця б, а?

— Ды я яму…! У яго ўсё як у людзей будзе!

— Жарт, жарт, але ў кожным жарце… Я спрабаваў. Выключна дзеля дасьледваньня. Сабой рызыкаваў, можна сказаць. Шчыліну ў Кашкіне бачылі? Як дзьве кроплі.

На гэты раз засьмяяўся і Андатраў, хаця на душы ў яго было брыдкавата. Сам не разумеючы, нашто, ён прамовіў:

— Можа, усунеш — ня высунеш?

Яны зарагаталі абодва, як дзеці. У каміне затрашчала, галаву Гаргоны абвіла тонкая сьпіраль дыму. Стоячы ля кратаў й назіраючы, як паўзе па паленьні смала, Радзівіл, усё яшчэ расцягваючы ва ўсмешцы пульхныя вусны, загаварыў ужо іншым тонам:

— Нас мусіць цікавіць адно — як Кашкін размнажаецца, і ці размнажаецца ён навогул. Калі не — размножым. Пасадзім пару вучоных аўтарытэтаў на клянаваньне. Клянуем Кашкіна, а? Зробім краіну чысцейшай! Уся агрэсія будзе сыходзіць у Кашкіных. Кашкін — вызваленьне ад грахоў, Кашкін — збаўца, Кашкін — і ты даруеш сваім ворагам. Царква супраць ня будзе. Разумееце — мы будзем іх прадаваць. Я, як бачыце, ужо думаю пра рэкляму. Кашкіна — у кожную сям'ю. Потым — за мяжу, экспарт, валюта ў бюджэт. Зрэшты, прабачце, практычны бок я бы хацеў абмеркаваць з вамі.

— Па шчырасці, гучыць як трызьненьне дзіцяці,— Андатраў быў уражаны, і ня столькі ўсімі гэтымі ідэямі, колькі пераканаўчым голасам Радзівіла. — Але падумаць трэба. Давай, Радзік, прыязджай да мяне на офіс, недзе аб адзінаццатай, заўтра.

— Дамовіліся, — Радзівіл адыйшоў ад каміну. — Само сабою, сёньня — аніякіх справаў. Толькі адпачынак і натхненьне. Вы яшчэ не памерлі ад нецярпення даведацца, як там справы ў нашым паядынку?

— Мы ж толькі тыдзень таму пачалі,— замахаў рукамі Андатраў.

— Але ж нашыя хады ўжо мелі нейкія наступствы, — кінуўся на канапу Радзівіл. — Цікава ўсё ж гуляць такімі фігурамі. Галоўнае — ніколі ня ведаеш, што прынясе чарговы ход. Але прабачце, Грыгоры Паўлавіч. Пасядзіце, калі ласка, тут. Сястрычка ўжо прыехала. Сёньня пяты дзень, яшчэ пяць уколаў. І як гэта мяне схапіла… Зараза гэткая… Прабачце.

— Ды я пасяджу, пасяджу, — сказаў Андатраў.

— Давайце я вам тэлевізар уключу, — Радзівіл шчоўкнуў пальцамі, і на сьцяне засьвяціўся стракаты квадрат. — Там пульт на канапе, а вы прабачце. Я хутка.

— Добрая тэхніка, — пахваліў Андатраў, але Радзівіл ужо зьнік за бамбуковай фіранкаю.

Дыктар, чамусьці натужна крэкчучы пасьля кожнага вымаўленага слова, распавядаў пра сустрэчу ўрадавай дэлегацыі з работнікамі аховы здароўя. Урадоўцы ў ватачэньні дактароў павольна йшлі праз парк нейкае вольніцы. Усе без выключэння былі ў белых халатах, і немагчыма было зразумець, хто ў гэтым натоўпе на экране палітык, а хто — хірург. Недзе на заднім пляне, пасаджаны камэраю аэратара на чужыя плечы, прамільгнуў твар Радзівіла.

Кашкін, вядома, надзвычай цікавы, але ідэя з клянаваньнем — фантастыка. Хаця часта гэткія фантастычныя ідэі прыносяць першаму, хто ў іх паверыць, забясьпечаную старасьць. «І вечную маладосць,»— прашаптаў Андатраў. Пакуль што маладосць яму прыносіла Гульня. Вельмі займальная гульня, зь якой яго пазнаёміў Радзівіл. У ёй усё злучанае — чым больш вытрыманы азарт, чым вышэйшыя стаўкі, тым вастрэй адчуваньне дыхаючай у руцэ фігуры, тым шырэй гульнёвае поле, тым саладзей сьціскаецца сэрца ад пачуцьця ўлады, у якой знаходзіцца ход, які належыць табе адному. Колькі гульняў было паспытае, а галоўная, пра існаванне якой ён, ужо такі стары й хворы, з інфарктам за сьпіной, да знаёмства з Радзівілам і не падазраваў,— галоўная гульня, не зацыкленая на выніку, а такая, якая дае асалоду ад заціснутых у жменю чужых учынкаў і лёсаў,— галоўная гульня таілася ў пакойчыку збоку ад вялізнай, цёмнай і задушлівай залі Старасьці. Гульня ў пакрытым цьвільлю сасудзе з антычнай гліны. Гульня загадкавая, высакародная, прывабная — як бутэлька фалернскага. Гульня, ад якой ужо няма моцы адмовіца. Пра навіны спорту распавядзе…