Адбываецца ўсё такім чынам. Радзівіл і гэты хмыр зьбіраюцца ў Радзівілавым катэджы, усаджваюцца перад адмысловай дошкай. Яна разьлінаваная, яна ўся ў рознакаляровых квадратах. Яны кідаюць косьці, у каго колькі выпадзе. Потым ходзяць гэтымі фігурамі. Фігура стала на свой квадрат — ты прыдумляеш выпрабаванне для фігураў суперніка. Тонкасьцяў я ня ведаю, а… Ой, толькі не пытайся, навошта яны гэта робяць. Людзі навогул маюць жарсьць да розных гульняў, а да якіх — гэта, па-мойму, залежыць ад таго, чаго чалавек хоча ад жыцьця. Багам — божыя шахматы, рабам — даміно каля піўнухі. Слухай, слухай, не перапыняй. Суцешся, што паводле маіх зьвестак, ты — адна з галоўных фігураў. Адчуваеш, як ты, аказваецца, патрэбны людзям. Віншую. Ёсьць яшчэ дапаможныя фігуры, яны выпрабаванням не падлягаюць, яны іх ствараюць для іншых.
Дык вось… Выпрабаваньне прыдуманае, і гульцам застаецца чакаць, пакуль адпаведныя людзі на прадпрыемстве не ўвасобяць ход у жыцьцё. Фігура, ну, ты разумееш, чалавек, ён ставіцца ў вадпаведныя ўмовы, і там ужо ад фігу… блін, чалавека залежыць, як ён адрэагуе. Моцны, з пачуцьцём годнасьці адразу звольніўся б, я так мяркую. Іншыя… Так-так-так, ты правільна ўсё зразумеў. Што адбываецца далей. О, гэта проста сюжэт. Ля адмысловых экранаў у сутарэньнях прадпрыемства сядзіць сацыяльны чалавечак, я чула пра яго, заіка, алкаш, цалкам апушчаны, карацей, чмо сабачае. Ён усё назірае, бо ягоная апаратура дазваляе бачыць кожны куточак гэтага твайго блядзкага прадпрыемства. Потым заіку прывозяць да Радзівіла. І заіка распавядае. Так ён двух словаў вымавіць нармальна ня можа, а налье яму Радзівіл, божанька, напоіць яго каньякамі, накорміць мясам — і заіка ператвараецца ў гэтага, як яго, Златавуста. Мне Юра распавядаў, ён чуў аднойчы… Заіка распавядае як гэты, акцёр сапраўдны, чцец, блін, дэкляматар. А Радзівіл слухае, зьвяругу сваю чэша, усьміхаецца, і заіку ўсё падлівае, а той з кожным кілішкам усё цьверазейшы, усё красамоўнейшы. Вось так… А Марлокін… Ён раней быў партнэрам Радзівіла, але потым улез у пазыкі, апусьціўся, забухаў, і Радзівіл зрабіў яго дырэктарам прадпрыемства. Так Марлокін Радзівілу пазыкі адпрацоўвае. Марлокін бухарык страшны, але заіка — ён пасьля гэтае справы праясняецца, а Марлокін наадварот — проста куча нудоты. Не, ня ведаю я, ня ведаю, хто там у іх выйграе, гэты… ці Радзівіл. Але чыя ты фігура…
— Радзівіла, — прашаптаў Стах.
— Так, — адказала Тая зьдзіўлена. — Я адмыслова даведалася. А адкуль…
— Гэта фантастыка. Гэта п'яное трызьненьне. Як ты магла выдумаць такое… Казкі трэба ўмець выдумляць. Скажы, скажы зараз жа, што гэта ўсё выдумка. Трызьненьне, хлусьня, жарт!
— Жарт, жарт, — лёгка пагадзілася Тая. — Натуральна, жарт. А ты што, паверыў? Гэта ж кім трэба быць, каб паверыць у такую лабуду. Не, ты й праўда ідыёт. Казачкі любіш, так, маленькі? Фільмаў нагледзеўся? Кніжак начытаўся? Ды што ты за чалавек? Ну ды засядзелася я ў цябе. Пайду. Спаць пайду…
Яна вельмі шчыра пазяхнула. Яе вусны, зубы, альвеолы, нёба, гартань, язык — усё, што брала ўдзел у стварэньні гэтага настолькі пачварнага аповеду — разам утаропіліся на Стаха, непрыкметна ківаючы. Хлусьня, выдумка, п'яное трызьненьне, ня слухай.
— Ты зноў нічога не зразумеў,— яна мэханічна пагладзіла ягоныя валасы. — Я ведаю, ты ня сволач, і гэта галоўнае. Жыві, дурань, адзін зь мільёнаў такіх жа дурняў. Нічога ня хочаш мне сказаць? Ё-маё, як спаць хочацца… Ну, бывай. Э-э, рукі прэч. Прэч рукі. Я буду спаць у сябе. Пусьці. Вось так. Спадзяюся, больш цябе ня ўбачу.
Растаяла. А імбрык электрычны пакінь сабе. А пра мяне забудзь. Ні я табе ня трэба, і ні ты мне. Заснуць ня можаш? Ёсьць Лічылка для дзяцей. І ты засьнеш. І не прачнешся тым, кім быў раней.
Ніколі. Добра будзе ўсё. Лічылка.