Кожную нядзелю раніцаю Крэсчэнца надзявала шырокую, з хвандамі, спадніцу, якая тапырылася на ёй, і пляскаты вясковы каптур і ішла ў царкву. І адзін толькі раз, у свой першы вольны дзень у Вене, яна пайшла на прагулку. Але ў трамвай яна не села, а пайшла асцярожна пешшу па мітуслівых ажыўленых вуліцах. Яна па дарозе не бачыла нічога, акрамя мураваных сцен, і таму дабралася толькі да Дунайскага канала; тут яна пастаяла крыху, паглядзела, як на нешта даўно знаёмае, на імклівую плынь, потым павярнулася і пайшла той самай дарогаю назад, трымаючыся бліжэй да дамоў і з апаскаю пазбягаючы праезнай дарогі. Гэтая першая і адзіная прагулка, відаць, расчаравала яе, бо з таго часу яна ў нядзелю ніколі болей не выходзіла з дому, а лічыла за лепшае сядзець каля акна і шыць або, склаўшы рукі, проста глядзець на вуліцу. І таму сталіца не ўнесла ў яе жыццё ніякіх змен; даўно заведзенае кола круцілася па-ранейшаму, з тою толькі розніцаю, што цяпер у канцы месяца замест дзвюх сініх паперак у яе агрубелых, патрэсканых ад працы за плітою руках было чатыры. Гэтыя крэдыткі яна кожны раз разглядала доўга і недаверліва, старанна разгортвала іх, потым амаль пяшчотна разгладжвала і нарэшце хавала ў жоўтую разную шкатулку, прывезеную з вёскі. Гэтая нязграбная драўляная скрыначка была яе галоўнаю таямніцаю, сэнсам усяго жыцця. Ключ ад шкатулкі яна клала ўночы пад падушку. Куды яна хавала яго ўдзень, ніхто ў доме не ведаў.
Такою была гэтая дзіўная чалавечая істота (назавём яе так, хоць менавіта чалавечыя рысы толькі цьмяна і прыглушана акрэсліваліся ў яе паводзінах), але, мабыць, толькі засланіўшыся шорамі і шчыльна замкнуўшы ўсе пачуцці, можна было вытрываць службу ў не менш дзіўным доме маладога барона Ф. Звычайна слугі вытрымлівалі напружаную атмасферу ў ім не даўжэй тэрміну, які належала працаваць па законе — ад заняцця пасады да звальнення пасля заканчэння вызначанага часу. Раздражнёны, узрушаны да істэрыкі тон задавала гаспадыня. Гэтая пераспелая дачка багатага эсэнскага фабрыканта, якая пазнаёмілася на курорце з прыгожым маладым баронам (не вельмі радавітым і з пустою кішэняю), спешна ажаніла на сабе шмат малодшага за яе абаяльнага выглянцаванага шалапута-арыстакрата. Але ледзь мінуў мядовы месяц, як маладая ўжо мусіла прызнацца сабе, што мелі рацыю яе бацькі, якія хутчэй аддалі б перавагу больш саліднаму і дзелавому зяцю і таму былі супраць паспешнага шлюбу. Бо, не кажучы ўжо пра ўтоеныя даўгі, вельмі скора высветлілася, што муж хутка астыў і куды болей увагі звяртае на свае халасцяцкія забавы, чым на шлюбныя абавязкі; зусім нязлосны, нават дабрадушны, як і ўсе легкадумныя людзі, барон, аднак, не абцяжарваў сябе правіламі маралі, а да ўсякага разумнага змяшчэння капіталу гэты паўарыстакрат ставіўся з пагардаю, як да сведчання плебейскай вузкасці і скнарлівасці. Ён шукаў лёгкага жыцця, яна — трывалай, саліднай хатняй утульнасці, як у рэйнскіх мяшчан. Гэта абурала барона, а калі высветлілася, што, нягледзячы на яе багацце, любую больш-менш значную суму трэба выкленчваць у ашчаднай жонкі і да таго ж яна адмовілася выканаць яго самае моцнае жаданне — завесці скакавую канюшню, ён ужо не бачыў ніякіх падстаў лічыць сябе мужам гэтай нязграбнай касцістай жыхаркі паўночнай Германіі, чый гучны катэгарычны голас непрыемна рэзаў слых. Ён проста, як кажуць, даў ёй адстаўку і без грубасці, але вельмі рашуча аддаліў ад сябе абражаную жанчыну. Калі яна спрабавала папракаць яго, ён ветліва і, здавалася, нават спагадліва выслухоўваў яе, але варта было ёй скончыць сваю казань, як ён адмахваўся ад яе горкіх папрокаў, як ад цыгарэтнага дыму, і рабіў што хацеў. Гэтая бездакорная, амаль афіцыйная ветлівасць злавала расчараваную жанчыну болей, чым адкрытае супраціўленне. Супраць яго нязменна далікатнай, ніколі грубай, проста-такі вытанчанай ласкавасці яна была бяссільная і таму спаганяла назапашаны гнеў на другіх: усю сваю — зрэшты, зусім зразумелую — злосць на бязвіннай чэлядзі. Вынікі не прымусілі сябе чакаць: за два гады ў яе змянілася цэлых шаснаццаць служанак, прычым змене адной з іх папярэднічала знявага дзеяннем, і толькі з дапамогаю вельмі значнай кампенсацыі ўдалося ўладзіць непрыемную справу.