Выбрать главу

У гэтай сямейнай буры толькі адна Крэсчэнца, як рамізніцкі конь пад праліўным дажджом, захоўвала несакрушальны спакой. Яна ніколі не станавілася на чый-небудзь бок, не цікавілася ніякімі зменамі вакол сябе і, мусіць, не заўважала, што ў чужых істот, з якімі яна дзяліла чалядню, раз-пораз мяняліся імёны, колер валасоў, пах цела і звычкі. Сама яна ні з кім не гаварыла і не звяртала ніякай увагі на сярдзітае груканне дзвярамі, на перарваныя абеды, істэрычныя прыпадкі і непрытомнасць. Яна дзелавіта і раўнадушна хадзіла з кухні на рынак і з рынку назад на кухню; тое, што адбывалася па-за гэтым трывала абгароджаным колам, не цікавіла яе. Быццам мерныя ўзмахі нястомнага цэпа, адзін за другім бясконцаю чарадою праходзілі яе дні; так пражыла яна два гады ў вялікім горадзе, без ніякіх прыгод, і нічога не змянілася ў яе маленькім унутраным свеце, толькі пачак сініх крэдытак у скрыначцы патаўшчэў на цэлую цалю, і калі Крэсчэнца пад канец года, паслініўшы палец, пералічвала паперкі, яна бачыла, што ўжо недалёка да запаветнай тысячы крон.

Але выпадак карыстаецца дыяментавым свердзелам, а лёс ведае мноства хітрасцей і нярэдка з самага неспадзяванага боку падступаецца да цвёрдакаменных, здавалася б, натур і трасе іх дашчэнту. Вонкавай зачэпкай для гэтай у жыцці Крэсчэнцы паслужыла акалічнасць, амаль гэтак жа прыкметная, як і яна сама: пасля дзесяцігадовага прамежку ўлады разважылі, што зноў прыйшоў час правесці перапіс насельніцтва, і ва ўсе дамы разаслалі вельмі доўгія і складаныя анкеты, каб атрымаць дакладныя звесткі аб жыхарах. Не разлічваючы на чытэльнасць почырку і веданне арфаграфіі сваіх слуг, барон палічыў за лепшае асабіста запоўніць усе графы і таму паклікаў у свой кабінет і Крэсчэнцу. І вось калі яна, адказваючы на баронавы пытанні, назвала сваё імя, узрост і месца нараджэння, выявілася, што ён, заўзяты паляўнічы і сябар тамашняга памешчыка, часта біў казуль у гэтым глухім альпійскім кутку, і аднаго разу яго суправаджаў на паляванні цэлых два тыдні праваднік з яе роднае вёскі. А калі ў дадатак выявілася, што гэты самы праваднік даводзіцца Крэсчэнцы дзядзькам, а барон быў у дабрадушным настроі, то паміж імі з гэтай выпадковай нагоды завязалася доўгая размова, падчас якой яны зрабілі яшчэ адно дзіўнае адкрыццё, менавіта: у тым самым гатэлі, дзе Крэсчэнца працавала кухаркаю, барону аднаго разу падалі выдатна прыгатаваную аленіну; усё гэта, канечне, была драбяза, хоць і незвычайная з-за яе выпадковасці, але Крэсчэнцы, якая ўпершыню ўбачыла ў горадзе чалавека, знаёмага крыху з яе радзімаю, яна здалася проста цудам. Яна стаяла перад баронам уся чырвоная, усхвалявана-зацікаўленая, няўклюдна і задаволена адварочвалася, калі ён жартаваў з ёю і, пераймаючы цірольскую гаворку, пытаўся, ці ўмее яна спяваць з пералівамі, як у Ціролі, і да таго падобнае. Нарэшце ён развесяліўся ад сваіх забавак і, па вясковай звычцы, шлёпнуў яе па цвёрдым азадку і з усмешкаю сказаў на развітанне:

— Ну, ідзі, слаўная Чэнці, і вось табе яшчэ дзве кроны за тое, што ты з Цылерталя.

Зразумела, гэтае здарэнне само па сабе не было ні рамантычным, ні значным. Але на прытупленыя, быццам дрымотныя на дне душы пачуцці Крэсчэнцы пяціхвілінная размова з баронам уздзейнічала як камень, кінуты ў балота: толькі паволі, ляніва ўзнікалі кругі на паверхні, павольна, вельмі павольна і цяжка разыходзіліся яны, пакуль не дакрануліся да краю свядомасці. Упершыню за апошнія гады маўчання Крэсчэнца зноў пагаварыла шчыра з чалавекам, і звышнатуральным здаўся ёй збег акалічнасцей, што гэты першы чалавек, з якім яна пагаварыла, жыве вось тут у мураваным хаосе і ведае яе горы і нават аднаго разу пакаштаваў прыгатаваную ёю аленіну. Да таго ж гэты бесцырымонны пляскач па азадку, які, згодна з правіламі вясковага абыходжання, абазначае нешта накшталт лаканічнага запытання-заляцання да дзяўчыны. І хоць дзёрзкая думка, што гэты элегантны знатны пан папраўдзе можа звярнуцца да яе з падобным запытаннем, і не прыходзіла ёй у галаву, але яго фамільярны жэст разбудзіў у ёй нейкія цьмяныя летуценні.

І вось гэтая выпадковая размова паслужыла штуршком да таго, што ў глыбіні душы ў Крэсчэнцы пачаўся рух, які паступова, пласт за пластом, захапіў яе ўсю і нарэшце спачатку ледзь прыкметна, а потым усё выразней выклікаў новае нязведанае пачуццё — так бяздомны сабака раптам інстынктыўна з усіх двухногіх стварэнняў, што мітусяцца вакол яго, выбірае адно і прызнае яго сваім гаспадаром; з гэтага часу ён бегае за тым, каго над ім паставіў лёс, добраахвотна падпарадкоўваецца яму, сустракае яго гучным брэхам, віляючы хвастом, і паслухмяна ходзіць за ім усюды па пятах. Тое ж адбылося і з Крэсчэнцай: у яе ўнутраны свет, надзейна абмежаваны дагэтуль толькі пяццю прывычнымі паняццямі — грошы, рынак, кухонная пліта, царква і ложак, — раптам уварвалася нешта новае, што ўладарна патрабавала сабе месца, а ўсё старое гвалтоўна адсоўвала ўбок. І як сяляне не любяць расставацца з дабром, якое аднаго разу папала ў іх цвёрдыя рукі, так і Крэсчэнца прагна ўхапілася за гэтае новае пачуццё і глыбока схавала яго на дне сваёй дрымотнай свядомасці. Між іншым, гэтае пераўтварэнне выявілася не адразу, дый першыя адзнакі былі мала прыкметныя; напрыклад, яна чысціла вопратку і абутак барона з нейкім асаблівым, фанатычным стараннем, па-ранейшаму пакідаючы вопратку і абутак баранесы пад нагляд пакаёўкі; яе часта бачылі ў калідоры і панскіх пакоях; пачуўшы шчоўканне замка ў дзвярах, яна хуценька падавалася ў пярэднюю — узяць у барона паліто і палку. З падвоеным стараннем завіхалася яна на кухні і нават, з вялікімі намаганнямі, пытаючы невядомай ёй дарогі ў прахожых, дабралася да галоўнага рынку, каб дастаць на смажаніну кавалак аленіны. І яшчэ яна пачала ўважлівей сачыць за сваім вонкавым выглядам.