Выбрать главу

Прайшло каля двух тыдняў, перш чым паказаліся першыя расткі, якія пусціла ў яе ўнутраным свеце новае пачуццё. І патрабаваўся не адзін тыдзень на тое, каб поруч з ім вырасла яшчэ адно пачуццё, якое неўзабаве набыло выразную форму і афарбоўку. Гэтым другім пачуццём, якое служыла як бы дапаўненнем да першага, была спачатку падсвядомая, а потым паступова непрыкрытая, гарачая нянавісць да баронавай жонкі, да жанчыны, якая мела права жыць у яго доме, спаць і размаўляць з ім і тым не менш не плаціла яму за гэта такою адданаю пашанаю, якую адчувала да яго сама Крэсчэнца. Ці таму, што яна міжвольна пачала прыглядвацца да сваіх гаспадароў і стала аднаго разу сведкам сямейнай сцэны, у час якой яе кумір быў агідна зняважаны жонкаю, ці таму, што пагардліва-халоднае абыходжанне са слугамі надзьмутай паўночніцы было ўдвая нязносна Крэсчэнцы ў параўнанні з жартаўліваю фамільярнасцю барона, — так ці інакш, але гаспадыня, якая нічога не падазравала, пастаянна натыкалася на нейкае ўпартае процідзеянне Крэсчэнцы, на яе калючую, дрэнна прыхаваную варожасць. Так, баранесе прыходзілася сама мала два разы званіць, перш чым Крэсчэнца з наўмыснаю маруднасцю і яўнаю неахвотаю з’яўлялася па выкліку, пры гэтым яе энергічна прыўзнятыя плечы недвухсэнсава сведчылі аб гатоўнасці да рашучага адпору. Даручэнні і загады гаспадыні яна выслухоўвала ў панурым маўчанні, і баранеса ніколі не ведала, ці правільна Крэсчэнца зразумела яе; калі ж яна, на ўсякі выпадак, паўтарала свае словы, тая ў адказ толькі сярдзіта ківала галавою або пагардліва кідала: «Ды ўжо чула!» Або калі трэба было ўжо ісці ў тэатр і баранеса нервова насілася па пакоях, раптам прападаў патрэбны ключ, а праз паўгадзіны яго нечакана знаходзілі ў якім-небудзь кутку. Калі баранесе прасілі што-небудзь перадаць ці званілі па тэлефоне, Крэсчэнца заўсёды забывала паведаміць пра гэта; на роспыты і папрокі яна, не выказваючы ніякага шкадавання, толькі адказвала са злосцю: «А я забылася!» У вочы гаспадыні Крэсчэнца ніколі не глядзела — можа, баялася выдаць сваю нянавісць.

Між тым сямейныя сваркі не спыняліся, і паміж мужам і жонкаю разыгрываліся ўсё болей цяжкія сцэны; магчыма, незразумелая злосць Крэсчэнцы часткова была прычынаю раздражняльнасці баранесы, якая расла дзень у дзень. Занадта працяглае дзявоцтва, якое разладзіла яе нервы, горыч ад халоднасці да яе барона, задзірлівыя варожыя паводзіны слуг — усё гэта прывяло да таго, што разнерваваная ўсё болей траціла кантроль над сабою. Дарэмна яе шпігавалі бромам і вераналам; штучна стрыманае ўзбуджэнне з падвоенаю сілаю прарывалася ў час сутычак, і ўсё заканчвалася істэрычнымі прыпадкамі і плачам, прычым ніхто не спагадаў ёй і нават не спрабаваў паказаць, што шчыра хоча ёй дапамагчы. Нарэшце доктар, да якога звярнуліся за парадаю, параіў ёй паехаць на два месяцы ў санаторый. Звычайна вельмі няўважлівы муж з такою раптоўнаю заклапочанасцю адобрыў гэтую прапанову, што баранеса, якою зноў авалодаў недавер, спачатку не згадзілася ехаць. Але ўрэшце яе ўсё-такі пераканалі; было вырашана, што пакаёўка паедзе з гаспадыняю, а Крэсчэнца застанецца адна на ўсю вялікую кватэру абслугоўваць барона.

Вестка, што клопаты пра гаспадара будуць давераны ёй адной, уздзейнічала на непаваротлівы розум Крэсчэнцы як моцны ўзбуджальны сродак. Быццам усе жыццёвыя сокі гэтай жанчыны дагэтуль былі змешчаны ў чарадзейнай бутэлечцы, і цяпер, калі яе моцна страсянулі, з самых глыбінь яе істоты, з самага дна, паднялася затоеная страснасць і цалкам перайначыла яе. Ранейшую няўклюднасць як рукою зняло; ледзяны панцыр, які быццам скаваў яе, растаў, і рухі, хада ў яе сталі лёгкія і энергічныя. Наэлектрызаваная радаснаю весткаю, яна насілася па пакоях, бегала ўгору і ўніз па лесвіцы; не чакаючы распараджэнняў, памагала рыхтавацца да ад’езду, сама адна спакаваля ўсе чамаданы і занесла іх у карэту. А ўвечары, калі барон вярнуўся з вакзала і, аддаючы Крэсчэнцы палку і паліто, з уздыхам палёгкі сказаў: «Шчасліва выправадзіў!», адбылося нешта небывалае. Раптам вакол шчыльна сціснутых губ Крэсчэнцы, якія дагэтуль, як у жывёл, ніколі не смяяліся, пачалося нейкае дзіўнае пацепванне, рот скрывіўся, расцягнуўся, і нечакана яе твар асвяціўся такою дурнаватаю, радаснаю, жывёльна адкрытаю ўсмешкаю, што барона гэта непрыемна ўразіла, і ён моўчкі, саромеючыся сваёй недарэчнай фамільярнасці, пайшоў да сябе ў пакой.