Выбрать главу

Але гэтая мімалётная збянтэжанасць хутка знікла, і ўжо ў бліжэйшыя дні абодва, гаспадар і служанка, аднадушна цешыліся чароўным адчуваннем спакою і прыемнай свабоды. Ад’езд баранесы як бы разагнаў навіслыя над домам навальнічныя хмары; вольны муж, шчасліва збаўлены ад пастаяннага абавязку даваць справаздачу пра ўсе свае ўчынкі, ужо ў першы вечар прыйшоў дадому вельмі позна, і маўклівая паслужлівасць Крэсчэнцы незвычайна кантраставала з вельмі ўжо шматслоўным прыёмам, які звычайна аказвала яму жонка. Крэсчэнца ў сваю чаргу з вялікім стараннем завіхалася ў гаспадарцы: уставала на досвітку, да бляску начышчала ручкі і клямкі, як заведзеная, скрэбла і мыла, прыдумвала надзвычайна смачныя стравы, і ўжо ў першы дзень, за абедам, барон са здзіўленнем убачыў, што дзеля яго аднаго пастаўлены каштоўны сервіз са срэбра, які бралі з буфета толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. Барон наогул не вызначаўся ўважлівымі адносінамі да свайго атачэння, але і ён не мог не заўважыць клапатлівай, амаль пяшчотнай паслужлівасці гэтай дзіўнай істоты; а таму што з характару ён быў чалавек дабрадушны, то і не скупіўся на пахвалу. Ён хваліў прыгатаваныя ёю стравы, час ад часу звяртаўся да яе з прыветлівымі словамі, а калі аднаго разу раніцаю ў дзень баронавых імянін на стале з’явіўся цудоўны торт з яго ініцыяламі і гербам, высыпаным цукрам, ён весела засмяяўся і сказаў:

— Ты ж мяне зусім збалуеш, Чэнці! А што я буду рабіць, калі, не дай бог, зноў вернецца мая жонка?

Аднак барон яшчэ некалькі дзён стрымліваўся і не даваў сабе поўнай волі. Але потым ён па многіх прызнаках пераканаўся, што Крэсчэнца яго не выдасць, і завёў у доме дашлюбныя халасцяцкія парадкі. На чацвёрты дзень свайго саламянага ўдаўства ён паклікаў да сябе Крэсчэнцу і без доўгіх тлумачэнняў абыякавым тонам распарадзіўся, каб яна ўвечары падрыхтавала халодную вячэру на дзве асобы, а сама ішла спаць, — астатняе ён усё зробіць без яе. Крэсчэнца выслухала яго моўчкі, не маргнуўшы вокам; нельга было вызначыць, што яна зразумела сэнс яго слоў, што ён дайшоў да яе нізкага лба. Аднак вельмі хутка барон з вясёлым здзіўленнем пераканаўся, што Крэсчэнца добра ведала, што меў на ўвазе яе гаспадар, бо калі ён позна ўвечары вярнуўся з тэатра дадому з маладзенькай вучаніцай опернай студыі, то не толькі стол быў вытанчана сервіраваны і ўпрыгожаны кветкамі, але і ў спальні побач з яго ложкам быў падрыхтаваны нанач яшчэ адзін і госцю чакалі пантофлі і шаўковы шлафрок баранесы. Муж, які вырваўся на волю, мусіў міжвольна ўсміхнуцца, пабачыўшы такую выключную стараннасць служанкі. Усякая сарамлівасць перад гэтай вернай саўдзельніцай знікла сама па сабе, і ўжо раніцай ён паклікаў яе званком, каб яна памагла адзецца даме яго сэрца; гэта канчаткова замацавала іх маўклівую згоду.

Тады ж Крэсчэнца атрымала новае імя. Вясёлая баронава сяброўка, якая якраз у тыя дні развучвала партыю Эльвіры і жартам называла свайго палюбоўніка Дон Жуанам, аднаго разу з усмешкаю сказала яму: «Пакліч сюды сваю Лепарэлу!» Гэтае імя насмяшыла барона — бо яно ніяк не пасавала да сухарлявай ціролькі, — і з гэтага часу ён інакш не зваў яе, як Лепарэла. Крэсчэнца, упершыню пачуўшы непрывычнае слова, неўразумела падняла вочы, але, захопленая мілагучнасцю гэтага, хоць і незразумелага ёй імя, успрыняла перайменаванне з гордасцю, быццам ёй надалі ганаровае званне: кожны раз, калі барон весела клікаў яе новым імем, яе вузкія губы рассоўваліся, адкрываючы жоўтыя конскія зубы, і яна лісліва, быццам сабака, падыходзіла да свайго літасцівага ўладара, каб выслухаць яго загады.