Выбрать главу

Наўрад ці ёсць сэнс апісваць гэтую партыю. Скончылася яна, як і трэба было чакаць, поўным нашым паражэннем, да таго ж ужо на дваццаць чацвёртым ходзе. Не было нічога дзіўнага ў тым, што чэмпіён свету, гуляючы, як кажуць, леваю рукою, ушчэнт разбіў з паўтузіна пасрэдных і зусім слабых шахматыстаў; але ўсім нам было непрыемна адчуваць ганарыстыя паводзіны Чэнтавіча, які ясна даваў зразумець, што ўправіўся з намі без ніякіх намаганняў. Кожны раз, калі ён падыходзіў да стала, ён кідаў на дошку беглы і наўмысна няўважлівы позірк, а на нас і зусім не звяртаў увагі, быццам мы таксама былі драўлянымі фігурамі. Гэтак нават лянуюцца зірнуць на костку, калі кідаюць яе бадзяжнаму сабаку. Мне здавалася, што каб у яго было хоць крышку чуйнасці і такту, ён мусіў бы звярнуць увагу на зробленыя намі памылкі або падбадзёрыць нас прыязным словам. Нават пасля завяршэння партыі гэты шахматны аўтамат не вымавіў ні гуку; ён сказаў «мат» і застаўся нерухома стаяць каля стала, мусіць, каб даведацца, ці не жадаем мы згуляць яшчэ адну партыю. Я ўжо ўстаў з месца і, як заўсёды, калі пасаваў перад бесцырымоннаю грубасцю, падрыхтаваўся даць зразумець жэстам, што я асабіста з задавальненнем буду лічыць наша знаёмства скончаным адразу пасля завяршэння гэтай фінансавай здзелкі. Але, на мой жаль, у гэтае імгненне Мак Конар, якія сядзеў побач са мной, хрыпла выгукнуў: «Рэванш!»

Мяне спалохаў выклік у яго голасе: Мак Конар цяпер хутчэй нагадваў баксёра, які збіраецца нанесці рашаючы ўдар, чым карэктнага джэнтльмена. Можа, яго абурылі зняважлівыя паводзіны Чэнтавіча ці прычынай было ўласнае моцна абражанае самалюбства, але, як бы там ні было, нават вонкава Мак Конар поўнасцю змяніўся. Ён пачырванеў па самыя вушы, ноздры ад унутранага напружання раздзьмуліся, твар пакрыўся потам, ад закушанай губы да ваяўніча настаўленага падбароддзя праляглі рэзкія маршчыны. Я з непакоем заўважыў у яго вачах агеньчык шалёнага азарту, які авалодвае звычайна гульцамі ў рулетку, калі патрэбны колер не выпадае шэсць-сем разоў запар пасля няспыннага падвойвання ставак. У гэты момант я ўжо ведаў, што гэты апантаны славалюб гатовы паставіць супраць Чэнтавіча ўсё сваё багацце і гуляць, гуляць з простымі ці падвоенымі стаўкамі, пакуль не выйграе хоць адну партыю. Калі б у Чэнтавіча хапіла цярпення, Мак Конар мог бы стаць для яго сапраўдным залатым дном, адкуль ён мог бы да Буэнас-Айрэса пакласці сабе ў кішэню не адну тысячу даляраў.

Чэнтавіч не скрануўся з месца.

— Калі ласка, — ветліва адказаў ён. — Цяпер, панове, вы будзеце гуляць чорнымі фігурамі.

Другая партыя мала чым адрознівалася ад першай, толькі наша кампанія крыху павялічылася за кошт яшчэ некалькіх цікаўных, і гульня зрабілася больш жывою. Мак Конар пільна глядзеў на дошку, быццам хацеў загіпнатызаваць шахматныя фігуры і здзейсніць сваё жаданне перамагчы; я адчуваў, што ён з захапленнем ахвяраваў бы і тысячу даляраў за тое, каб з радасцю крыкнуць «мат» у твар нашаму абыякаваму праціўніку. І дзіўна — яго зацятае хваляванне неяк несвядома перадалося ўсім нам. Цяпер кожны ход абмяркоўваўся куды больш актыўна, і мы спрачаліся да апошняй хвіліны, перш чым згаджаліся даць сігнал Чэнтавічу падысці да нашага стала. Дагуляўшы да семнаццатага ходу, мы са здзіўленнем заўважылі, што ў партыі ўзнікла пазіцыя, якая здавалася надзвычайна выгаднаю для нас: мы змаглі прасунуць пешку «с» на перадапошнюю лінію, і ўсё, што нам заставалася цяпер зрабіць, — гэта прасунуць яе наперад на «с1» і паставіць яшчэ аднаго ферзя. Але ў глыбіні душы ў нас не было поўнай упэўненасці: мы не верылі, што ў нас з’явіўся такі яўны шанц на выйгрыш. Усе мы падазравалі, што перавага, якой мы, здавалася, дабіліся, была пастка, пастаўленая Чэнтавічам, які прадбачыў развіццё гульні на шмат хадоў наперад. І ўсё-такі, як мы ні абмяркоўвалі і ні разглядалі становішча з усіх бакоў, мы не маглі разгадаць, у чым тут быў падвох. Нарэшце, калі дзесяць хвілін амаль прайшлі, мы вырашылі рызыкнуць зрабіць гэты ход. Мак Конар ужо ўзяўся за пешку, каб перасунуць яе на апошні квадрат, як раптам нечая рука затрымала яго і ціхі, але настойлівы голас прашаптаў:

— Богам прашу, не трэба!