Выбрать главу

Мы ўсе міжвольна павярнуліся. За намі стаяў чалавек гадоў пад сорак пяць, — вузкі, з рэзкімі рысамі твар яго ўжо раней на прагулках прыцягваў маю ўвагу незвычайнаю, змярцвелаю бледнасцю. Відаць, ён толькі што далучыўся да нашай кампаніі, і, паглыбленыя ў абмеркаванне чарговага ходу, мы не заўважылі яго з’яўлення. Убачыўшы, што мы глядзім на яго, ён хуценька дадаў:

— Калі вы цяпер паставіце ферзя, ён адразу возьме яго сланом, а вы забераце яго канём. Ён жа тым часам перасуне сваю прахадную пешку на «с17» і будзе пагражаць вашай туры; калі ж вы нават аб’явіце шах канём, усё роўна партыя будзе прайграна — праз дзевяць-дзесяць хадоў вы атрымаеце мат. Амаль такую ж камбінацыю прымяніў у 1922 годзе Алёхін, гуляючы супраць Багалюбава на шахматным турніры ў П’ешцяні.

Здзіўлены Мак Конар выпусціў з рукі пешку і, як і ўсе мы, з нямым здзіўленнем утаропіўся ў анёла-выратавальніка, які спусціўся так нечакана да нас з неба. Бо прадбачыць мат за дзевяць хадоў мог толькі шахматыст самага высокага класа, можа, нават удзельнік міжнародных спаборніцтваў, які ехаў на той самы турнір, што і Чэнтавіч, каб аспрэчваць першынство свету. Яго раптоўнае з’яўленне, яго ўмяшанне ў гульню ў самы крытычны момант здалося нам чымсьці звышнатуральным.

Першы апамятаўся Мак Конар.

— Што ж вы параіце? — прашаптаў ён усхвалявана.

— Пакуль што не перасоўвайце пешкі наперад. Манеўруйце. Перш за ўсё выведзіце караля з небяспечнай зоны — з «g8» на «h7». Тады ваш праціўнік, мусіць, перанясе атаку на другі фланг. Але гэтую атаку вы можаце парыраваць ходам туры «с8-с4»; гэта яму будзе каштаваць страты двух тэмпаў і адной пешкі і, такім чынам, усяе перавагі. У такім выпадку ў вас абодвух будуць прахадныя пешкі, і калі вы будзеце правільна абараняцца, то зможаце звесці партыю ўнічыю. Гэта самае лепшае, што вы можаце зрабіць.

Мы зноў не маглі схаваць здзіўлення. Дакладнасць і хуткасць яго разлікаў уразілі нас. Здавалася, ён чытаў хады па кніжцы. Дзякуючы яго ўмяшанню ў нас з’явіўся нечаканы шанц. Магчымасць згуляць унічыю з чэмпіёнам свету — гэта было так цудоўна! Аднадушна мы ўсе адсунуліся ўбок, каб не перашкаджаць яму глядзець на дошку. Мак Конар перапытаў:

— Значыцца, караля з «g8» на «h7»?

— Канечне. Цяпер самае галоўнае — манеўраваць.

Мак Конар падпарадкаваўся, і мы пастукалі па шклянцы. Чэнтавіч падышоў сваёю звычайнаю ляніваю хадою да стала і паглядзеў, які ход мы зрабілі. Потым ён перасунуў пешку з «h2» на «h4» на каралеўскім флангу, дакладна так, як прадказваў наш невядомы памочнік. А той ужо шаптаў усхвалявана:

— Туру наперад, туру з «с8» на «с4», тады ён мусіць спачатку абараніць пешку. Але гэта яму не паможа. Не звяртайце ўвагі на яго прахадную пешку і бярыце канём «с3 — d5»; тады раўнавага адновіцца. Атакуйце з усяе сілы, замест таго каб абараняцца.

Мы не разумелі, пра што ён гаворыць. Ён з такім самым поспехам мог гаварыць з намі па-кітайску. Мак Конар, як зачараваны, не раздумваючы, рабіў тое, што яму загадвалі. Мы зноў пастукалі па шклянцы, гукаючы Чэнтавіча. І тут ён, уважліва ўглядаючыся ў дошку, першы раз памарудзіў, перш чым зрабіць ход. Ход ён зрабіў якраз той, які ўгадаў наперад незнаёмы, і павярнуўся ўжо ісці. Але тут адбылося нешта новае і непрадбачанае: Чэнтавіч падняў вочы і агледзеў нашы рады. Безумоўна, ён хацеў высветліць, хто ж гэта з нас раптам аказаў яму такое энергічнае супраціўленне.

Наша хваляванне расло з кожнай хвілінай. Раней мы гулялі без сур’ёзнай надзеі на выйгрыш, але цяпер думка пра тое, што мы можам зламаць халодную ганарыстасць Чэнтавіча, авалодала ўсімі намі. Без затрымкі наш новы сябар сказаў, які рабіць наступны ход. Можна было запрашаць Чэнтавіча працягваць гульню. Дрыготкаю рукою я ўдарыў лыжкаю па шклянцы, і тут надышла чарга радавацца. Чэнтавіч, які дагэтуль стаяў, калі рабіў свае хады, памарудзіў і нарэшце сеў за стол. Апускаўся ён у крэсла павольна і цяжка, але гэтага было зусім дастаткова, каб мы нарэшце аказаліся гульцамі, якія сядзелі адзін супраць другога на адным узроўні. Мы прымусілі яго паставіцца да нас, як да роўных, прынамсі, вонкава. Ён доўга думаў, пільна гледзячы на дошку; яго цяжкія павекі амаль зусім закрывалі вочы. Ад напружанага роздуму рот у яго крыху прыадкрыўся, што надавала кругламу твару дурнаваты выгляд. Чэнтавіч думаў некалькі хвілін, потым зрабіў ход і ўстаў. І адразу ж наш сябар зашаптаў:

— Стрымальны ход! Добра задумана! Але не ідзіце на гэта. Фарсіруйце размен, абавязкова размен! Пасля гэтага будзе нічыя, ён нічога не зможа зрабіць.

Мак Конар падпарадкаваўся. Наступныя манеўры абодвух гульцоў (мы ўсе ўжо даўно ператварыліся ў простых статыстаў) заключаліся ў незразумелых для нас перамяшчэннях фігур. Хадоў праз сем Чэнтавіч, падумаў крыху, падняў на нас вочы і сказаў: «Нічыя».