Выбрать главу

На момант усталявалася поўная цішыня. Раптам адразу сталі чуваць і шум мора, і радыё ў суседняй гасцінай, і кожны крок пасажыраў на верхняй палубе, і слабы, тонкі свіст ветру ў аконных рамах. Мы не маглі зрушыцца з месца; усё адбылося так раптоўна, мы былі як быццам напалоханы немагчымым: нейкі невядомы чалавек прымусіў падпарадкавацца сваёй волі чэмпіёна свету, і да таго ж у напалову прайгранай партыі. Мак Конар шумна перавёў дыханне, адкінуўся назад, і з яго вуснаў сарвалася задаволенае «ага!». Я зноў уважліва паглядзеў на Чэнтавіча. Мне яшчэ раней здалося, што ў канцы гульні ён пабляднеў. Але чэмпіён свету ўмеў трымаць сябе ў руках. Па-ранейшаму захоўваючы абыякавы выгляд, ён згроб цвёрдаю рукою фігуры з дошкі і няспешна папытаўся:

— Жадаеце згуляць трэцюю партыю, панове?

Пытанне было пастаўлена спакойным, чыста дзелавым тонам. Але здзіўляла тое, што чэмпіён, як бы зусім не заўважаючы Мак Конара, пільна глядзеў у вочы нашаму ратаўніку. Як конь па ўпэўненай пасадцы пазнае новага, вопытнага конніка, так і Чэнтавіч разгадаў, хто быў яго сапраўдны і адзіны праціўнік. Услед за ім і мы міжвольна ўтаропіліся ў незнаёмага. Але не паспеў той адказаць, як Мак Конар, ахоплены славалюбным азартам і перапоўнены радасцю, усклікнуў:

— Канечне, а як жа! Але толькі цяпер гуляць будзеце вы адзін. Вы адзін супраць Чэнтавіча.

І тут адбылося нешта зусім непрадбачанае. Незнаёмы, які ўсё яшчэ з незразумелым напружаннем глядзеў на пустую дошку, уздрыгнуў, калі пачуў гэтыя энергічныя словы. Убачыўшы, што ўсе позіркі скіраваны на яго, ён збянтэжыўся.

— Ні ў якім разе, панове, — сказаў ён, запінаючыся, яўна ўсхваляваны, — гэта немагчыма… Вам прыйдзецца абысціся без мяне… Бо мінула ўжо дваццаць, не, нават двацццаць пяць гадоў з таго часу, як я апошні раз сядзеў за шахматнаю дошкаю… І я толькі цяпер зразумеў, як няветліва я зрабіў, калі без дазволу ўмяшаўся ў вашу гульню… Прашу дараваць мне за дзёрзкасць…

І перш чым мы паспелі апамятацца ад здзіўлення, ён павярнуўся і выйшаў з салона.

— Але гэта немагчыма! — грукатаў тэмпераментны Мак Конар і барабаніў кулаком па стале. — Зусім немагчыма, каб ён дваццацаь пяць гадоў не гуляў у шахматы! Ён жа прадбачыў кожную камбінацыю, кожны сустрэчны манеўр, прынамсі, на пяць-шэсць хадоў наперад. Так гуляць — не дарогу перайсці. Такога проста быць не можа, праўда?

З апошнім пытаннем Мак Конар звярнуўся да Чэнтавіча, але чэмпіён не страціў ледзянога спакою.

— Не магу сказаць вам нічога пэўнага. Ва ўсякім разе, у гульні гэтага пана было штосьці цікавае і не зусім звычайнае; таму я наўмысна даў яму шанц.

Ён тут жа ляніва ўстаў з месца і дзелавіта скончыў:

— Калі гэты пан ці вы, панове, пажадаеце заўтра згуляць яшчэ партыю, — з трох гадзін я да вашых паслуг.

Мы не маглі схаваць лёгкіх усмешак. Кожны з нас добра ведаў, што зусім не велікадушнасць перашкодзіла Чэнтавічу адолець нашага невядомага помочніка. Заўвага яго была наіўнай спробай апраўдаць сваю няўдачу, і нам яшчэ мацней захацелася стаць сведкамі канчатковай ганьбы гэтага фанабэрыстага ганарліўца. Усімі намі, нічым не занятымі пасажырамі парахода, раптам авалодаў дзікі, славалюбівы азарт. Намі авалодала думка, што тут, на параходзе, у адкрытым моры, пальма першынства будзе вырвана з рук чэмпіёна і тэлеграфныя агенцтвы разнясуць вестку аб падзеі па ўсім свеце. Да гэтага трэба дадаць, што нас заінтрыгавала таямнічае з’яўленне нашага ратаўніка, яго ўмяшанне ў гульню ў самы крытычны момант, кантраст паміж яго хваравітаю сарамлівасцю і непахіснаю прафесіянальнаю самаўпэўненасцю. Хто ж такі гэты незнаёмы? Можа, на нашых вачах выпадкова адкрыўся свету дагэтуль невядомы шахматны геній? Ці, можа, гэта славуты маэстра, які па нейкай там прычыне не пажадаў адкрыць сваё імя? Мы гарачыліся, на ўсе лады абмяркоўвалі кожную магчымасць. Самыя неверагодныя меркаванні ўжо не здаваліся нам неверагоднымі, калі мы ўспаміналі пра яго незразумелую нясмеласць, нечаканую заяву, што ён не гуляў у шахматы шмат гадоў, і супастаўлялі ўсё гэта з відавочным майстэрствам яго гульні. У адным, аднак, мы сыходзіліся ўсе: трэба зрабіць так, каб турнір працягваўся. Мы вырашылі прыкласці ўсе намаганні і ўгаварыць нашага ратаўніка гуляць і заўтра супраць Чэнтавіча. Мак Конар абавязаўся заплаціць усе выдаткі, а мне, як суайчынніку — мы тым часам даведаліся ў сцюарда, што незнаёмы быў аўстрыец, — даручылі перадаць яму нашу агульную просьбу.

Мне не спатрэбілася шмат часу на яго пошукі. Ён выцягнуўся ў шэзлонгу на верхняй палубе і чытаў. Перш чым падысці бліжэй, я скарыстаў магчымасць, каб добра разгледзець яго. Ён ляжаў, адкінуўшыся на падушку, і выглядаў як крыху стомлены чалавек; мяне яшчэ раз уразіла дзіўная бледнасць яго даволі маладога твару. Скроні былі зусім белыя; не ведаю чаму, але ў мяне склалася ўражанне, што пастарэў ён раптоўна. Як толькі я падышоў да яго, ён ветліва ўстаў і прадставіўся. Імя, названае ім, належала сям’і, якая карысталася вялікаю павагаю ў старой Аўстрыі. Я ўспомніў, што адзін член сям’і быў блізкім сябрам Шуберта, другі — прыдворным доктарам старога імператара. Доктар Б. моцна здзівіўся, калі я паўтарыў яму нашу просьбу згуляць з Чэнтавічам. Аказалася, што ён і не падазраваў, што гуляў, ды яшчэ гэтак паспяхова, супраць славутага чэмпіёна свету. Чамусьці гэтая дэталь зрабіла на яго асабліва моцнае ўражанне. Ён зноў і зноў перапытваў, ці ўпэўнены я, што яго праціўнікам сапраўды быў прызнаны ўсімі чэмпіён свету. Хутка я заўважыў, што гэтая акалічнасць значна палягчае маю місію. Але, адчуваючы, што я маю справу з вельмі далікатным і выхаваным чалавекам, я вырашыў не гаварыць яму, што ў тым выпадку, калі ён пацерпіць паражэнне, матэрыяльную страту панясе Мак Конар. Павагаўшыся крыху, доктар Б. згадзіўся прыняць удзел у матчы, але папрасіў папярэдзіць маіх спадарожнікаў, каб яны не вельмі разлічвалі на яго магчымасці.