Выбрать главу

Доктар Б. перарваў свой расказ, каб закурыць цыгару. Успыхнула запалка, і я ўбачыў, што правы куточак рота ў доктара нервова торгаецца. Я ўжо раней заўважыў гэтае мімалётнае, ледзь прыкметнае паторгванне, яно паўтаралася кожныя дзве-тры хвіліны і надавала яго твару надзвычайна неспакойны выгляд.

— Вы, відаць, чакаеце, што я раскажу вам пра канцэнтрацыйны лагер, у які кінулі ўсіх прыхільнікаў старой Аўстрыі і дзе іх мучылі, катавалі і зневажалі. Мая сціплая асоба сама па сабе, канечне, зусім не цікавіла гестапа, але яны здагадваліся, што мы былі падстаўныя асобы, апекуны маёмасці і давераныя іх лютых ворагаў. Яны хацелі прымусіць мяне перадаць ім у рукі дакументы, якія б выкрывалі манастыры, каб абвінаваціць іх ва ўтойванні капіталу; яны хацелі здабыць матэрыял супраць імператарскага дома і ўсіх прыхільнікаў аўстрыйскай манархіі. Яны падазравалі — і мелі на гэта ўсе падставы, — што значная частка фондаў, якія ішлі праз нашы рукі, была добра прыхавана і недасягальная для іх грабежніцкіх намераў. Вось таму яны і арыштавалі мяне ў першы ж дзень; яны разлічвалі, што, ужыўшы выпрабаваныя метады, даб’юцца ад мяне патрэбных звестак. Па гэтай прычыне людзей маёй катэгорыі, з якіх трэба было выціснуць грошы або важныя дакументы, не выслалі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Вы, можа, помніце, што нашага канцлера, а таксама барона Ротшыльда, ад сваякоў якога яны разлічвалі атрымаць мільёны, не кінулі ў лагер за калючы дрот; наадварот, ім стварылі асобыя ўмовы — іх змясцілі ў асобныя нумары ў гатэлі «Метраполь», дзе таксама размяшчаўся штаб гестапа.

Асобны пакой у гатэлі — гучыць вельмі чалавечна, ці не праўда? Але, паверце, яны зусім не збіраліся ствараць нам чалавечыя ўмовы. Замест таго каб загнаць нас, «важных асоб», у ледзяныя баракі па дваццаць чалавек у кожным, яны далі нам параўнальна цёплыя нумары ў гатэлі, але пры гэтым кіраваліся тонкім разлікам. Атрымаць ад нас патрэбныя звесткі яны збіраліся без ужывання, як звычайна, пабояў ці катаванняў, а з дапамогаю больш вытанчанага мучэння — мучэння поўнай ізаляцыяй. Яны нічога з намі не рабілі, яны проста змясцілі нас у вакуум, у пустату, добра ведаючы, што мацней, за ўсё ўздзейнічае на чалавечую душу адзінота. Яны ізалявалі нас ад свету. Я быў адзін, сам-насам з чатырма-пяццю маўклівымі рэчамі — сталом, ложкам, акном, умывальнікам. Я быў адзін, нібы вадалаз у батыскафе, якога апусцілі ў чорны акіян маўчання і які няясна адчувае, што выратавальны канат да знешняга свету адарваны і што яго ніколі не выцягнуць з нямой глыбіні. Я нічога не рабіў, нічога яе чуў, нічога не бачыў. Усюды ўвесь час была пустата — без адчування часу і прасторы. Можна было хадзіць з кутка ў куток, і за табою неадчэпна ішлі следам твае думкі. Туды і назад, туды і назад. Але нават думкам патрэбен які-небудзь пункт апоры, інакш яны пачнуць бяссэнсава кружыцца вакол сябе — яны таксама не выносяць пустаты. З раніцы і да вечара ты ўсё чакаеш чагосьці, але нічога яе адбываецца. Ты чакаеш, чакаеш і нічога не адбываецца. І ўсё чакаеш, чакаеш, усё думаеш, думаеш, думаеш, пакуль не пачне балець у скронях. Нічога не адбываецца. Ты па-ранейшаму адзін. Адзін. Адзін.