Выбрать главу

Так ішло два тыдні. Я жыў па-за часам, па-за жыццём. Пачніся тады вайна, я ніколі не даведаўся: мой свет абмяжоўваўся толькі сталом, дзвярамі, ложкам, умывальнікам, крэслам, акном, сценамі. Кожны раз, калі я глядзеў на шпалеры, мне здавалася, што хтосьці паўтарае іх зігзагападобны малюнак стальным разцом у мяне ў мозгу. Потым нарэшце пачаліся допыты. Выклікалі раптоўна — я не ведаў, удзень гэта было ці ўночы. Па выкліку прыходзілася ісці невядома куды, некалькімі калідорамі, потым чакаць невядома дзе. Нарэшце вы заўважалі, што стаіце перад сталом, за ім сядзіць некалькі чалавек у форме. На стале ляжалі стосы папер — дакументы, зместу якіх вы не ведалі; потым пачыналіся пытанні: патрэбныя і непатрэбныя, прамыя і каварныя, пытанні-шырмы і пытанні-пасткі. Пакуль вы адказвалі на іх, чужыя нядобрыя пальцы перагортвалі паперы, і вы не ведалі, што ў іх напісана, і чужая нядобрая рука запісвала вашы паказанні, і вы не ведалі, што, уласна, яна запісвала. Але самым страшным на допытах было тое, што я не ведаў і не мог даведацца, што сапраўды ўжо вядома гестапа пра аперацыі, якія рабіліся ў маёй канторы, і што яны яшчэ толькі спрабуюць выпытаць у мяне. Я ўжо казаў вам, што ў апошні момант аддаў аканомцы для перадачы дзядзьку самыя важныя паперы. Ці дайшлі да яго гэтыя дакументы? І што мог выдаць той канцылярыст? Колькі лістоў яны перахапілі? Што маглі яны ўжо выпытаць у якога-небудзь праставатага святара ў адным з германскіх манастыроў, чые інтарэсы мы прадстаўлялі? А яны ўсё пыталіся і пыталіся. Якія каштоўныя паперы купляў я такому-та манастыру? З якімі банкамі вёў дзелавую перапіску? Ці ведаў я вось такого пана? Ці атрымліваў я лісты са Швайцарыі ці з бог ведае яшчэ якога месца? Я не мог прадбачыць, да чаго яны ўжо дакапаліся, і кожны мой адказ тоіў вялізную небяспеку.

Але допыты былі яшчэ не самае страшнае. Горш за ўсё было вяртацца пасля допыту ў пустату — у той самы пакой, з тым самым сталом, з тым самым ложкам, з тым самым умывальнікам, тымі самымі шпалерамі. Калі я заставаўся адзін, я адразу пачынаў узнаўляць у памяці ўсё, што было на допыце, думаць, як я больш разумна мог бы адказаць на пытанні, перабіраць, што мне сказаць наступны раз, каб развеяць падазрэнне, выкліканае маёю неабдуманаю заўвагаю. Я ўсё гэта перабіраў у галаве, абдумваў з усіх бакоў, правяраў, узважваў кожнае слова, якое гаварыў следчаму, узнаўляў у памяці яго пытанні і мае адказы; я спрабаваў разабрацца, што з маіх паказанняў заносіцца ў пратакол, хоць добра ўсведамляў, што разлічыць і ўстанавіць усё гэта проста немагчыма. Але варта было мне застацца аднаму ў пустаце, думкі пачыналі шалёна круціцца ў галаве, яны выклікалі ўсё новыя меркаванні, не давалі мне спакою нават у сне; кожны раз услед за допытам у гестапа за работу бязлітасна браліся мае ўласныя думкі. Тут толькі я цалкам усвядоміў, з якою д’ябальскаю вытанчанасцю, з якім жахлівым веданнем чалавечай псіхалогіі была прыдумана сістэма турэмнай адзіноты ў гатэлі. У канцэнтрацыйным лагеры, мабыць, прыйшлося б вазіць на тачцы камяні, пакуль не натрэш на руках крывавых мазалёў і пакуль не адубеюць ногі, жыць у смярдзючай і халоднай каморцы разам з двума дзесяткамі няшчасных людзей. Але ж там вакол сябе можна было б бачыць чалавечыя твары, якое-небудзь поле, тачку, дрэва, зорку, там можна было б на чымсьці запыніць свой позірк; а тут навокал усё было нязменнае, увесь час адно і тое, жахліва нязменнае. Тут не было нічога, што адцягнула б мяне ад думак, ад назойлівых ідэй, ад хваравітых разлікаў. Гэтага яны і дабіваліся: яны хацелі, каб думкі душылі мяне, душылі да таго часу, пакуль я не пачну задыхацца, пакуль у мяне не будзе іншага выйсця, як здацца і нарэшце прызнаць, прызнаць усё, што ім патрэбна, выдаць людзей і дакументы. Паступова я пачаў адчуваць, што пад страшэнным ціскам пустаты нервы мае пачынаюць здаваць. Я разумеў, як гэта небяспечна, і з усіх сіл напружваў волю; каб канчаткова не страціць улады над сабою, я спрабаваў хоць чым-небудзь заняцца. Я спрабаваў дэкламаваць вершы, узнавіць у памяці ўсё, што калі-небудзь ведаў на памяць, — народныя песні, дзіцячыя вершыкі, Гамера, якога калісьці вывучалі ў гімназіі, параграфы грамадзянскага кодэксу. Потым я пачаў рашаць арыфметычныя задачкі, складаў і дзяліў у памяці разнастайныя лічбы, але ў пустаце свядомасці не было за што ўчапіцца. Я не мог ужо ні на чым сканцэнтравацца. У галаву лезла адна і тая ж думка, ліхаманкава пыталася: што яны ведаюць? Што я сказаў учора, што мне трэба сказаць заўтра?