Выбрать главу
: я проста паўтараў тое, што ўжо аднаго разу мела месца. Менавіта таму, што разыгрыванне чужых партый ніяк не закранала майго «я», яно дабратворна і супакойліва ўздзейнічала на мае разладжаныя нервы. Мне было абсалютна ўсё роўна, хто выйграе, чорныя ці белыя, бо за пальму першынства змагаліся Алёхін з Багалюбавым, у той час як я сам, мой розум, мая свядомасць толькі смакавалі тонкасці паядынку. Але як толькі я пачаў гуляць супраць сябе, я несвядома пачаў сапернічаць сам з сабою. Мае «Я» — белае і чорнае — павінны былі спаборнічаць адно з адным, і кожным з гэтых «я» валодала нецярплівае і славалюбнае жаданне выйграць, перамагчы; зрабіўшы ход за чорнае «я», я ліхаманкава чакаў, што адкажа маё белае «я». Абодва «я» папераменна трыумфавалі, калі другое «я» рабіла няправільны ход, і злаваліся, калі самі рабілі промах. Усё гэта выглядае зусім недарэчна, і, канечне, такая штучна створаная шызафрэнія, такое наўмыснае раздваенне свядомасці з усімі яго небяспечнымі вынікамі былі б немагчымыя ў чалавека ў нармальных абставінах. Не забудзьце, аднак, што з нармальных абставін я быў вырваны сілаю, бязвінна кінуты за краты, шмат месяцаў мяне вытанчана катавалі — катавалі адзінотай; злосць, якая сабралася, мусіла рана ці позна неяк выліцца. Але таму што маім адзіным заняткам была гэтая бяссэнсавая гульня з самім сабою, то злосць, прага помсты фанатычна вылівалася менавіта ў гэтай гульні. Я заўсёды хацеў узяць верх, але ўзяць верх я мог толькі над другім «я», з якім быў у стане пастаяннай барацьбы; вось чаму ў час гульні мною авалодвала амаль маніякальнае ўзбуджэнне. Спачатку я яшчэ гуляў спакойна і разважліва, рабіў перапынкі паміж партыямі, каб адпачыць. Але паступова мае хворыя нервы не маглі болей вытрымліваць гэтай перадышкі. Варта было беламу «я» зрабіць ход, як чорнае «я» ўжо ліхаманкава перасоўвала фігуру, і, як толькі канчалася адна партыя, я тут жа патрабаваў ад сябе наступнай, дакладней, кожны раз, калі адно маё шахматнае «я» цярпела паражэнне, яно неадкладна патрабавала ў другога «я» рэваншу. Я нават прыблізна не магу сказаць, колькі партый супраць сябе самога я згуляў, апанаваны гэтаю ненаеднаю прагнасцю, за доўгія месяцы зняволення, — можа, тысячу, а можа, і болей. Гэтае вар’яцтва запаўняла не толькі час, калі я не спаў, але пранікала потым і ў сон. Я мог думаць толькі пра шахматы, пра шахматныя хады, пра шахматныя задачы; часам я прачынаўся ў халодным поце і адчуваў, што гульня неўсвядомлена працягваецца і ў сне. Калі я бачыў у сне людзей, яны хадзілі, як слон ці тура, скакалі наперад і назад, як конь. Нават калі я быў на допытах, я ўжо забываўся пра адказнасць за свае словы і ўчынкі; мусіць, я выказваўся блытана і цьмяна: следчыя часам неяк дзіўна пазіралі адзін на аднаго. На самай жа справе, пакуль яны задавалі пытанні і думалі над маімі адказамі, я проста з нецярпеннем чакаў, каб мяне хутчэй вялі назад у камеру, дзе я зноў мог бы вярнуцца да свайго вар’яцкага занятку: пачаць новую гульню, потым яшчэ і яшчэ адну. Перапынкі ў гульні ўсё болей злавалі мяне. Нават у тыя пятнаццаць хвілін, калі наглядчык прыбіраў у камеры, у тыя дзве хвіліны, калі ён аддаваў мне ежу, мяне мучыла нецярпенне; часам абед заставаўся некрануты да вечара, бо я, захоплены гульнёю, забываўся пра яго. Адзінае фізічнае пачуццё, якое валодала мною, была страшэнная смага; мусіць, тут выяўлялася ліхаманкавае адчуванне пастаяннага разумовага напружання і гульні. Я двума глыткамі выпіваў бутэльку вады і маліў наглядчыка прынесці яшчэ адну, але праз якую хвіліну ў роце ў мяне зусім перасыхала. Нарэшце я пачаў прыходзіць у час гульні ў такое ўзбуджэнне — тады я з раніцы да ночы ўжо не думаў ні аб чым іншым, — што болей ні хвіліны не мог заставаццца спакойным; абдумваючы ход, я няспынна хадзіў па камеры — туды і назад, усё хутчэй і хутчэй, наперад і назад, наперад і назад. І чым хутчэй набліжалася развязка, тым імклівей лётаў я з кутка ў куток. Прага перамогі, перамогі над самім сабою, прыводзіла мяне ў шаленства, я дрыжаў ад нецярпення, бо адно з маіх шахматных «я» заўсёды адставала ад другога. Адно «я» падганяла другое, і — я разумею, што вам гэта здасца ідыёцтвам, — калі адно з маіх «я» недастаткова хутка рэагавала на ход, зроблены другім «я», то я злосна крычаў «хутчэй, хутчэй!» або «далей, далей!». Нарэшце насланнё пачало разбуральна ўздзейнічаць не толькі на мой мозг, але і на маё цела. Я моцна схуднеў, сон стаў трывожны; прачнуўшыся, я ледзь падымаў цяжкія павекі; часам я адчуваў сябе такім слабым, што, калі браў у рукі шклянку з вадою, дык ледзьве мог паднесці яе да вуснаў — так моцна дрыжалі ў мяне рукі. Але як толькі пачыналася гульня, мяне перапаўняла шалёная энергія. Я бегаў па пакоі, сціснуўшы кулакі, і часам да мяне даносіўся голас, які хрыпла крычаў «шах!» ці «мат!».