Выбрать главу

— Пойдзеце вы, нарэшце, ці не?

Чэнтавіч холадна паглядзеў на яго.

— Як мне помніцца, мы згадзіліся, што абдумваць кожны ход можна дзесяць хвілін. Я прынцыпова буду прытрымлівацца гэтага тэрміну.

Доктар Б. прыкусіў губу. Я заўважыў, што ён з усё большым нецярпеннем пастуквае нагою па падлозе, і сам ужо не мог саўладаць з трывогаю — я ўсё болей адчуваў, што з ім вось-вось здарыцца нешта неверагоднае. І папраўдзе: на восьмым ходзе зноў адбылася сутычка. Доктар Б., хваляванне якога ўвесь час расло, не мог схаваць нервовага раздражнення; ён ні хвіліны не сядзеў спакойна на месцы і пачаў цяпер неўсвядомлена барабаніць па стале пальцамі. Чэнтавіч зноў падняў сваю цяжкую мужыцкую галаву.

— Магу я папрасіць вас перастаць барабаніць па стале? Мне гэта перашкаджае. Я так не магу гуляць.

— Ха!.. Яно і відаць.

Лоб Чэнтавіча пачырванеў.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — спытаўся ён рэзка, са злосцю.

Доктар Б. зноў коратка, пагардліва засмяяўся.

— Нічога, акрамя таго, што, відаць, вы вельмі хвалюецеся.

Чэнтавіч змоўчаў і зноў схіліўся над дошкаю. Толькі праз сем хвілін ён зрабіў наступны ход. Гульня працягвалася ўсё ў тым жа пахавальным тэмпе. Чэнтавіч быццам ператварыўся ў статую; цяпер, перш чым перасунуць фігуру, ён ужо поўнасцю вытрымліваў вызначаны максімум, а паводзіны нашага сябра з кожным ходам рабіліся ўсё болей дзіўнымі. Здавалася, ён перастаў цікавіцца гульнёю і заняты чымсьці зусім іншым. Ён больш не бегаў усхвалявана з месца на месца, а сядзеў нерухома і, скіраваўшы кудысьці ўдалячынь адсутны, амаль вар’яцкі позірк, мармытаў сабе нешта пад нос; або ён быў паглыблены ў абдумванне нейкіх бясконцых камбінацый, або — і я моцна падазраваў, што гэта менавіта так, — разыгрываў у галаве зусім другія партыі. Што б там ні было, кожны раз, калі Чэнтавіч рабіў ход, яго трэба было вяртаць да рэчаіснасці. Тады яму заўсёды патрэбна была хвіліна, каб зноў разабрацца ў становішчы; я ўсё больш пераконваўся, што ў доктара Б. пачаўся прыпадак ціхага вар’яцтва, які ў любы момант мог перайсці ў буйны. Ён быццам забыўся і пра нас, і пра Чэнтавіча. І папраўдзе, на дзевятнаццатым ходзе выбухнуў крызіс. Ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход, як доктар Б., кінуўшы мімалётны позірк на дошку, раптам прасунуў свайго слана на тры палі наперад і гучна закрычаў:

— Шах! Шах каралю!

Чакаючы чагосьці незвычайнага, усе ўтаропіліся вачамі ў дошку. Але праз хвіліну адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі. Вельмі павольна Чэнтавіч падняў галаву, чаго ён не рабіў яшчэ ні разу, і абвёў усіх нас поглядам. Нешта, здавалася, прынесла яму надзвычайную асалоду, губы яго паступова расцягнуліся ў задаволенай, прыкметна пагардлівай усмешцы. Толькі калі ён да канца здаволіўся сваім трыумфам, прычына якога была нам пакуль што невядомая, ён з прытворнаю ветлівасцю звярнуўся да прысутных:

— Прабачце, але я не бачу, дзе тут шах. Можа, хто-небудзь з вас, панове, бачыць шах майму каралю?

Мы паглядзелі на дошку, а потым з трывогаю на доктара Б. Кароль Чэнтавіча быў абаронены ад слана пешкаю — гэта заўважыла б і дзіця, — і ні пра які шах не магло быць і гаворкі. Мы занепакоіліся. Можа, наш сябар, у хваляванні перасунуў фігуру на поле далей або бліжэй, чым належала? Наша маўчанне прыцягнула цяпер і ўвагу доктара Б., і ён сказаў:

— Але кароль жа мусіць быць на «f7»… ён стаіць няправільна, зусім няправільна. Вы зрабілі няправільны ход! Усе фігуры стаяць не на сваіх месцах… гэтая пешка павінна быць на «g5», а не на «g4»… гэта зусім другая партыя… гэта…