Выбрать главу

— Стой, куды гэта ты! — сказаў ён. — Гэта яшчэ што такое? Ты хочаш збегчы, Ганімэд, у самую шчаслівую хвіліну твайго жыцця, яна зараз настане. Заставайся, і я абяцаю табе дзівосныя рэчы. Я абяцаю даказаць табе ўсю недарэчнасць тваіх пакутаў. Дзяўчына якую ты ведаеш і якую людзі ведаюць, гэтая… ну, ну, як жа гэта яе?.. Пастой!.. Я чытаю яе імя ў тваіх вачах, яно круціцца ў мяне на языку, ды і ты, бачу, зараз яго назавеш…

— Сільвестра! — усклікнуў усё той самы Джаванота знізу.

Кавальерэ ані вокам, ані знаку.

— Ёсць жа такія несумленцы! — сказаў ён, нават не зірнуўшы ўніз, а быццам ведучы далей пачатую гаворку з Марыё. — Такія бессаромныя пеўні і ў час і не да пары. Толькі мы хацелі назваць яе, а ён ужо і апярэдзіў нас, ды яшчэ, нахаба, думае, што ў яго на тое некае права ёсць! Але што нам пра яго разводзіць! Бо вось жа Сільвестра, твая Сільвестра — гэта мне дзяўчына! Цэлы скарб! Сэрца заходзіцца, калі бачыш, як яна ходзіць, дыхае, смяецца, такая прыгожая. А яе пухлыя рукі, калі яна мые і адкідае назад галаву, атрасаючы з лоба кудзеркі! Анёл, чысцюткі анёл!

Марыё ўтаропіўся на яго, навоўчыўся. Ён быццам забыўся, дзе ён, забыў пра публіку. Чырвоныя колцы вакол вачэй расшырыліся і здаваліся намалёванымі. Мне рэдка выпадала такое бачыць. Рот з тоўстымі губамі быў крыху раззяўлены.

— І гэты анёл вымушае цябе пакутаваць, — гаварыў Чыпола, — ці, правільней, ты сам ад яго пакутуеш… А гэта розніца, даражэнькі, вялікая розніца, ты мне ўжо дай веры! Каханню ўласцівыя такія вось непаразуменні, можна сказаць нават, што непаразуменні нідзе не сустракаюцца так часта, як менавіта ў каханні. Ты, нябось, думаеш: а што петрыць Чыпола, з яго маленькай цялеснай хібінай, у каханні? Памыляешся, дужа петрыць, ды яшчэ як грунтоўна і глыбока шалопае, што ў такіх справах не шкодзіць часам да яго і прыслухацца! Але пакінем Чыполу, чаго пра яго тарочыць пустое, падумаем лепей пра Сільвестру, тваю чароўную Сільвестру! Што? Яна замест цябе выбрала нейкага кукарэку, і ён смяецца, а ты слязьмі сплываеш? Выбраць кагосьці, а не цябе, такога сімпатычнага хлопца? Неверагодна, немагчыма, мы лепей ведаем, я, Чыпола, і яна. Бачыш, калі я стаўлю сябе на яе месца і мне трэба выбраць паміж такой вось смаляной доўбняй, вяленай рыбай, нязграбнай чарапахай — і Марыё, рыцарам сурвэткі, які ахаджваецца сярод панства, спрытна носіць іншаземцам напіткі і шчырай душой палка мяне кахае — божачкі, сэрца само падказвае мне рашэнне, я ведаю, каму павінна яго аддаць, каму я ўжо даўно, чырванеючы, аддала яго. Пара ўжо майму выбранцу заўважыць гэта і прызнаць, Марыё, любы мой… Скажы ж хто я?

Агідна было бачыць, як ашуканец прыхарошваўся, як какетліва паводзіў крывымі плячамі, млосна закочваў вочы з набрынялымі мяшэчкамі, як усміхаўся і шчэрыў шчарбатыя зубы. Ах, што такое здарылася з нашым Марыё, пакуль Чыпола змушаў яго сваімі ўгаворамі? Цяжка расказваць, як цяжка было на гэта дзівіцца; гэта было раскрыццё самага запаветнага, напаказ выстаўляла яго палкасць, безнадзейная, ненатольная, ашчасліўленая. Сціснуўшы кулакі, хлопец падняў іх да вуснаў, ён так сутаргава глытаў паветра, што відаць было, як падымаюцца і апускаюцца грудзі. Вядома, ад шчасця ён вачам не верыў, не верыў вуснам, забыўшы толькі пра тое, што не трэба было верыць.

— Сільвестра! — ледзь чутна прашаптаў ён, ашаломлены.

— Пацалуй мяне! — запатрабаваў гарбач. — Павер, я табе дазваляю! Я кахаю цябе. Вось сюды пацалуй, — і, адтапырыўшы руку, локаць і мезенец, ён кончыкам указальнага пальца паказаў на сваю шчаку амаль каля самага рота. І Марыё нахіліўся і пацалаваў.

У зале залегла мёртвая цішыня. Гэта была недарэчная, жахлівая і захапляльная хвіліна — хвіліна шчасця Марыё. І ў гэтыя імгненні, калі мы на свае вочы ўбачылі ўсю блізкасць шчасця і ілюзіі, не адразу, а імгненна пасля жалю вартага і блазенскага дотыку вуснаў Марыё да мярзотнай плоці, якая падставілася пад ягоную пяшчоту, раптам, справа ад нас, разбіўшы напружанасць, бухнуў рогат Джаванота — рогат грубы і зласлівы і ўсё-такі, ну, не мог жа я памыліцца, не пазбаўлены нейкага каліўца спагады абдзеленаму летуценніку і не без адгалоску таго «poveretto», які фокуснік перад тым абвясціў звернутым не ў той адрас і прыпісаў сабе. Чыпола, з усё яшчэ падстаўленай для пацалунку шчакой, ляснуў плёткай каля ножкі крэсла, і Марыё, прачнуўшыся, выпрастаўся і здрыгануўся. Ён стаяў, вырачыўшы вочы і адкінуўшы назад корпус, спачатку прыціснуў далоні, адну паўзверх другое, да сваіх апаганеных вуснаў, потым пачаў стукаць па скронях костачкамі пальцаў, ірвануўся і, як толькі зала запляскала, а Чыпола, склаўшы на каленях рукі, нягучна смяяўся аднымі плячамі, кінуўся ўніз па прыступках. Там з разбегу крута павярнуўся на шырока расстаўленых нагах, выкінуў наперад руку, і два аглушальныя стрэлы абарвалі смех і апладысменты.